У Беларусі з’явіўся падручнік па пераходзе на родную мову

Аўтары прапаноўваюць сем крокаў, зрабіўшы якія беларус загаворыць па-свойму…

Па ўсёй краіне набірае моц праект «Зрабі падарунак Беларусі — пераходзь на беларускую мову», распрацаваны і арганізаваны моладзевым рэсурсам «Вока». Галоўная ідэя праекта — адраджэнне і прапаганда мовы Багушэвіча і Багдановіча. Падобнымі тэзісамі ўжо неаднойчы паслугоўваліся розныя грамадзкія кампаніі. Толькі на гэты раз справа пайшла далей за налепкі і значкі з заклікам гаварыць па-свойму — тым, хто не супраць авалодаць беларускай, прапаноўваецца пакрокавая інструкцыя з тлумачэннямі вытокаў сённяшняй моўнай сітуацыі, псіхалагічнай дапамогай і вясёлымі ілюстрацыямі.

На малюнку, які аздабляе вокладку падручніка па хуткім засваенні роднай мовы, — беларуская моладзь, стылізаваная пад герояў амерыканскага анімацыйнага серыялу «South Park» — «Мы такія розныя — мы размаўляем па-беларуску». Сама кніга па механізме магчымага ўздзеяння нагадвае практычную псіхалогію Дэйла Карнэгі, або папулярны твор Алена Кара «Лёгкі спосаб кінуць паліць». Паводле аўтараў беларускага падручніка, авалоданне роднай мовай гэта таксама справа псіхалагічнай моцы і перамогі асабістых комплексаў. Маўляў, разняволься — і балбачы па-беларуску.

Апроч парадаў па самавыхаванні і паводзінах у сяброўскіх кампаніях, на працы і ў грамадскіх месцах, падручнік прапаноўвае для знаёмства беларускамоўныя рэсурсы, дзе можна уволю шукаць музыку, літаратуру і навіны на роднай мове.

Першапачаткова чытач павінен вызначыцца, які ўзровень карыстання беларускай яму пад сілу зараз засвоіць. Аўтары даюць магчымасць выбіраць з чатырох «праграм»:

1. Максімум. «Я размаўляю па-беларуску». Ты заўсёды гаворыш па-беларуску, акрамя аднаго выпадку: калі суразмоўцу цяжка разумець беларускую мову.

2. Пачцівы. «Я адказваю беларускай мовай». Ты размаўляеш па-беларуску з усімі, хто да цябе звяртаецца па-беларуску. А таксама пішаш паведамленні ў інтэрнэце беларускай мовай (вядзеш ЖЧ, блогі па-беларуску).

3. Сімпатык. «Я сімпатызую беларускай мове». Ты размаўляеш на рускай, Але сімпатызуеш беларускай. Спрабуеш стварыць сабе беларускамоўнае асяроддзе. Заахвочваеш сваіх дзяцей вывучаць беларускую мову.

4. Мінімум. «Я паважаю права чалавека гаварыць сваёй мовай». Ты ставішся з разуменнем да чалавека, які размаўляе па-беларуску.

«74,5% грамадзян 10-мільённай Беларусі лічыць роднай беларускую мову, — ў кнізе прыводзяцца вынікі апошняга перапісу насельніцтва. — Нягледзячы на гэта, па дадзеных маніторынгу лінгвістычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэта, беларуская мова сёння зведвае пэўныя цяжкасці: яна амаль выключаная са справаводства і з ужывання дзяржаўным чыноўніцтвам».

У сваіх развагах, разумеючы і наяўныя праблемы элементарнага страху вылучацца з натоўпу ды невалодання лексікай ды граматыкай, аўтары сягаюць ледзьве не рэнесансных скарынаўскіх прадмоў і багушэвічавай прадмовы да «Дудкі»: «Кіньце пустыя дыскусіі аб тым, чаму нам варта размаўляць па-беларуску і чым беларуская мова лепшая альбо горшая. Гэта бяссэнсоўныя спрэчкі. Беларуская мова лепшая, бо Яна нашая, і нам яе даў Бог».

На заканчэнне ў кнізе прыводзяцца шматлікія прыватныя гісторыі вядомых і невядомых у Беларусі людзей, а таксама ананімныя расповеды з інтэрнэту «Як я перайшоў на родную мову». У гэтых гісторыях паўстаюць і сваркі, і непаразуменні, і каханне на хвалі агульнага патрытычнага абуджэння.

Ян Маўзер, вакаліст магілёўскага гурта «Маўзер», распавядае тут пра тое, як пасварыўся з дзяўчынай, якая ненавідзела беларускую мову: «Я перайшоў на беларускую. Яна заплакала й пабегла дадому. Потым тэлефанавала прасіць прабачэньня — я размаўляў зь ёй па-беларуску».

Нехта з тых, чые гісторыі надрукаваны ў кнізе, дзеліцца ўражаннямі ад размоў з украінцамі, калі рабілася сорамна за ўласную несвядомасць і рускамоўнасць. Нехта на хвалі гэтай жа несвядомасці падхапіў ініцыятыву іншых.

З’яўленне гэтага прадукта — толькі першы крок, паколькі шэраг грамадскіх акцый пачнецца пазней. Па ўсёй Беларусі валанцёры са стужкамі і значкамі «Надоело говорить? Размаўляй!» будуць раздаваць падручнік на вуліцах, у школах і ўніверсітэтах. Зараз у зацікаўленых ёсць магчымасць спампаваць яго электронную версію ў фармаце pdf.


  • "У Беларусі з’явіўся падручнік па пераходзе на родную мову" Бугага. "распрацаваны і арганізаваны моладзевым рэсурсам «Вока»." Сайт не открывается. "беларуская моладзь, стылізаваная пад герояў амерыканскага анімацыйнага серыялу «South Park»" Кто б сомневался. Делай всё по-американски. "74,5% грамадзян 10-мільённай Беларусі лічыць роднай беларускую мову" Только почему-то 99% из них всегда говорят по-русски :))). "Па ўсёй Беларусі валанцёры са стужкамі і значкамі «Надоело говорить? Размаўляй!»" Это уже попахивает разжиганием... Вообще акция - детский сад. Бессмысленная, как и всё, что делает оппозиция.
  • [quote="Народный Человек"]Вообще акция - детский сад. Бессмысленная, как и всё, что делает оппозиция.[/quote] какой же скрытый смысл ты видешь в деяниях лукавых?
  • Дарагая Адэля! Ініцыятыва сапраўды пахвальная, непрыемна толькі, што пачалася яна зь вельмі непрыгожага ўчынку так званых "аўтараў" - плягіяту і непрыхаванага крадзяжу чужых тэкстаў. Вядома яна сарамліва напісалі пры канцы пра выкарыстаньне тэкстаў газэты Наша Ніва. Але некаторыя тэксты абазначаныя як артыкулы НН, а некаторыя ня толькі не абазначаныя так, але і проста ўстаўленыя (без лапак ці іншых відаў вылучэньня цытатаў) у напісаны "аўтарамі тэкст". Вы таксама заглынулі гэты кручок і напісалі "Разумеючы і наяўныя праблемы элементарнага страху вылучацца з натоўпу ды невалодання лексікай ды граматыкай, аўтары раяць:«Кіньце пустыя дыскусіі аб тым, чаму нам варта размаўляць па-беларуску і чым беларуская мова лепшая альбо горшая. Гэта бессэнсоўныя спрэчкі. Беларуская мова лепшая, бо Яна нашая, і нам яе даў Бог»" А цяпер паглядзеце, калі ласка, як слова ў слова так званыя аўтары скралі гэтыя словы з майго артыкула http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=627 (рэкамэндацыя нумар 2) У іншым месцы яны скралі іншы фрагмэнт таго ж артыкулу - "Пачынайце з асобных беларускіх словаў і выразаў у сваёй расейскай гаворцы. Скажам, зь «дзякуй — калі ласка», але ні ў якім разе не кажыце гэтых словаў сьмехам. Усё павінна крыху нагадваць сытуацыі з твораў клясычнай расейскай літаратуры, дзе героі, каб падкрэсьліць думку, выкарыстоўваюць францускую мову, гаворачы збольшага па-расейску. Нічога ненармальнага ў зьмяшэньні моваў няма, таму не паддавайцеся на наезды, маўляў, давай размаўляй на нейкай адной мове." (рэкамэндацыя нумар 1) Яны ўзялі гэта фрагмэнт у рамку, але ніяк не пазначылі гэта як цытату, фактычна чытач цалкам упэўнены, што гэты тэкст таксама напісалі "аўтары". Я ня супраць выкарыстаньня майго тэксту і рады яму. Але - як цытаты, ці як пазначэньня. А не такім зладзейскім чынам. Калі "аўтары" не хацелі згадваць пра маё аўтарства тэксту, дык трэ было мне напісаць і мы б дамовіліся. А так яны проста ўчынілі крадзеж. Вельмі агідна, што такі высакародны намер суправаджаецца такімі агіднымі ўчынкамі і такім безадказным стаўленьнем - бо падручнік то нявычытаны, а дызайн прынамсі інфантыльны. У мяне ад яго ўражаньне цалкам процілеглае таму, да якога імкнуліся "аўтары" - то бок адмоўнае (і гэта зьвязана ня толькі з крадзяжом тэксту)
  • Паважаны zmysla, дзякуй за спасылку, толькі наўрад ці пытаньне плягіяту тут магу вырашыць я - справа ў саміх аўтарах, якіх, па шчырасьці, асабіста я ня ведаю. Думаю, можна адгукнуцца на іх заклік супрацоўнічаць і дапамагаць у стварэньні ды распаўсюджаньні праекту. Як ідэя гэтая задума мне спадабалася, яе выкананьне, безумоўна, у ва ўсім далёкае ад ідэалу (граматычныя памылкі, візуальна таксама пакуль сьмехата). Я паспадзявалася менавіта на тое, што падручнік распрацоўваецца, і напісала пра першы блінок. Дарэчы, я прапанавала сваю дапамогу, пакуль што ніхто не адгукнуўся. Пісаць пра тое, што аўтары нешта скралі я не зьбіраюся - хочацца верыць, што яны ўлічаць усе заўвагі, і прыгожая задума стане добрым прадуктам.