Андрэй Казакевіч: Беларусі патрэбны даследаванні замест ідэалагізаванай публіцыстыкі

 

Каля 200 навукоўцаў з дзесяці краін ужо падцвердзілі свой удзел у галоўнай акадэмічнай падзеі года – Другім кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які адбудзецца ў верасні.

Арганізатары Кангрэса імкнуцца сабраць разам беларускіх навукоўцаў, дзейнасць якіх звязаная з развіццём разнастайных галін сацыяльных і гуманітарных навук, а таксама эмпірычных даследванняў сучаснага беларускага грамадства.

Па меркаванню палітолага, дырэктара інстытута “Палітычная сфера” Андрэя Казакевіча, у мінулыя дзесяцігоддзі развіццё сацыяльных і гуманітарных навук у Беларусі зазнала відавочныя змены. У 1990-я гады беларускія навукоўцы сацыяльных і гуманітарных дысцыплін адкрылі для сябе шматлікія новыя напрамкі, ідэі і канцэпцыі. У 2000-я гады новая тэарэтычная аснова была ўжо дастаткова засвоена і пачалі адыходзяць у сферу адукацыі. Новая сітуацыя патрабавала ад беларускіх навукоўцаў усё большага прафесіяналізму і спецыялізацыі, што не заўсёды адбывалася паспяхова. З іншага богу, беларускія даследчыкі сутыкнуліся і з некаторымі складанасцямі: скарачэннем бюджэтаў на навуковую дзейнасць, падзенне грамадскай увагі да навукі, а часам і абмежаваннямі акадэмічных свабод.

Па гэтых і іншых прычынах зараз можна назіраць тэндэнцыю, калі публіцыстыка і часам даволі ідэалагізаваная аналітыка прэвалюе над даследваннямі. Перад Кангрэсам ставіцца мэта пераадолець гэту сітуацыю і стымуляваць пашырэнне даследчых практык у акадэмічнай і экспертнай супольнасці.

Кангрэсе будзе працаваць ў рамках шырокага спектру секцый па розных дысцыплінах і даследчых накірунках: гісторыі, эканоміцы, паліталогіі, літаратуразнаўстве, мастацтвазнаўстве, урбаністыцы, рэлігіязнаўстве, і г.д.

Каб прыняць удзел у галоўнай акадэмічнай падзеі года, трэба падаць заяўку на сайце Кангрэса да 15 чэрвеня 2012 г. Кантактны тэлефон - +375 44 74 11 780