Вячорка: лёс беларускай мовы не павінен быць прадметам геапалітычнага гандлю

 

Беларускі мовазнаўца, былы кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што лёс беларускай мовы павінен перастаць быць прадметам геапалітычнага гандлю, тады «ўсё будзе нармальна, бо ў нас шматвяковы запас трываласці». Такую думку Вячорка выказаў 13 чэрвеня ў Гомелі на сустрэчы, прысвечанай пашырэнню моўнай прасторы, паведамляе БелаПАН.

Мова«Людзі неабыякавыя, для якіх беларуская мова ёсць каштоўнасць, якія рэальна ёй валодаюць, проста мусяць нейкі бар`ер пераадолець і пачынаць гаварыць на мове. Гэта не тое што не выклікае непаразумення, а наадварот, імкліва пашырае беларускамоўную прастору, бо людзі пачынаюць рэфлекторна адказваць па-беларуску, нават на ўзроўні падсвядомасці», — сказаў Вячорка. «У нас ёсць шмат неасвоеных моўных скарбаў: геаграфічныя назвы, нашы ўнікальныя імёны, непаўторныя выслоўі. З непаўторных культурных рэчаў складаецца непаўторны культурны код», — дадаў ён.

Паводле слоў Вячоркі, важна, каб дзяржава ставілася да роднай мовы спрыяльна, а не варожа. «Маючы ілюзію наконт вечнай дапамогі з боку Расіі, цяперашнія улады дэманструюць ёй лаяльнасць праз тое, праз што нельга яе дэманстраваць: што Беларусь — адзіная краіна постсавецкай прасторы, у якой расійская мова дзяржаўная. І атрымліваецца, што беларускай мове адводзіцца маленькая ніша, з якой ёй не дазваляецца падняцца», — сказаў Вячорка.

Варта адзначыць, што моўная сустрэча ў Гомелі пачалася з непрыемнасці: адміністрацыя гатэля «Надзея» адмовілася выдзеліць памяшканне для мерапрыемства маладзёжнай краязнаўчай грамадскай арганізацыі «Талака» без тлумачэння прычын, хаця кіраўнік аб`яднання Яўген Меркіс загадзя дамовіўся пра памяшканне і заплаціў грошы. Раніцай 13 чэрвеня яму патэлефанавалі і паведамілі пра скасаванне дамовы. Мерапрыемства адбылося ў іншым месцы.