Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Байнет шутит: как наклонить белорусов
    Белорусские товары выглядят не так уж и безнадежно, если за их продвижение берутся профессионалы...
  2. Посуточную аренду квартир пока не запрещают
    Председатель МНС заявил, что министерство не вносило предложений о запрете сдачи квартир на сутки…


Общество

Магічная мапа Брэста ад Іны Хоміч


Іна Хоміч Першая брэсцкая “Магічная мапа”. Журналістка Іна Хоміч расказвае пра бандыцкі раён, магію ўніверсітэцкіх калідораў ды трапічную Амазонку.




Брэст Усходні

“Брэст Усходні” — гэта чыгуначная станцыя на ўездзе ў горад з мінскага напрамку. Сваю назву станцыя пазычыла прылеглай тэрыторыі, якая і з’яўляецца для мяне магічным месцам нумар адзін у Берасці. Маім першым гарадскім адрасам была вуліца Скрыпнікава, якая мусіла б мець назву Чыгуначнай, бо ідзе ўздоўж чыгункі: раней тут жылі пераважна чыгуначнікі.



Брэст Усходні ў часы майго юнацтва лічыўся даволі бандыцкім раёнам, але гэта, відаць, прыдумалі бацькі дзяўчат, каб тыя сядзелі дома. Мая маці і бацькі маёй сяброўкі Зіны, на шчасце, той легенды не ведалі, таму спакойна адпускалі нас штовечар на прагулкі. Мы з Зінай хадзілі ад канцавога прыпынку аўтобуса № 3 да стадыёна “Лакаматыў”, і бясконца абмяркоўвалі хлопцаў, якія нам падабаліся. Усе яны, канечне ж, былі выключна з Брэста Усходняга.

Я даўно пераехала, і не адзін раз. Але калі бываю на Брэсце Усходнім, то проста не магу схаваць усмешкі ад прыпамінання розных недарэчных сітуацый. Іду і смяюся сабе, як ідыётка. У госці да Зіны не заходжу — яна таксама пераехала. Цікава, ці стала гэтае месца магічным для яе.


Стары корпус БрДУ

Нам казалі, што наш універсітэт нельга называць проста БрДУ, калі ён мае назву БрДУ імя Пушкіна. Але паколькі я вучылася на беларускім аддзяленні філфака, то пра Пушкіна маю права часам забывацца. Тут і беларускіх пісьменнікаў гаць гаці, каб яшчэ ўсіх замежных у галаве ўтрымаць.



Зрэшты, тыя самыя людзі казалі таксама, што будынак на Міцкевіча — гэта корпус № 2 БрДУ, хоць мы яго так ніколі не называлі. Як для студэнтаў з выкладчыкамі, так і для іншых берасцейцаў гэта проста Стары корпус універсітэта. Стары, як я падазраю, ён не проста таму, што з’явіўся раней за безгустоўны галоўны корпус, а таму, што мае даўнейшую гісторыю. Пабудаваны ў пачатку 20-га стагоддзя як мужчынская гімназія, ён быў ваенным шпіталем, а па вайне зноў перайшоў у распараджэнне адукатараў.

Магічным у старым корпусе для мяне было тое, што я ніяк не магла цалкам уявіць яго архітэктуру і ўнутраны змест. Нават цяпер не магу. Мне здаецца, там кіпа патаемных пакояў і цёмнае скляпенне са скарбамі ў дадатак. Хоць пішы фэнтэзі і сялі туды герояў.


Буг

У Берасці ёсць шмат розных “Бугаў” — і гасцініца, і тэлеканал, і прадпрыемствы… Але да сапраўднага Буга — ракі — берасцейцу дабрацца даволі складана, бо яго ўзбярэжжа амаль усюды з’яўляецца памежнай тэрыторыяй. Хто наведвае крэпасць, можа пабачыць фрагмент Заходняга Буга там, я дык найчасцей назіраю за ракой з акна цягніка “Брэст-Тэрэспаль”. Гэта частка нашай памежнай магіі: пераехаў праз Буг — і ты ў вольнай Еўропе.



Але Буг магічны не толькі сваёй памежнасцю, але і прыроднай веліччу. Немагчымасць весці тут гаспадарку ператварыла раку ў прыродны запаведнік, праз што яна стала яшчэ больш прыцягальнай. Мне часта здаецца, што я гляджу не на еўрапейскую плынь, а на трапічную Амазонку, і рака падыгрывае маім фантазіям светла-карычневым колерам вады ды непрыбранымі з берага паваленымі дрэвамі. Шматзначны і шматгранны ён, украінска-беларуска-польскі Буг, таму чэрпаць з яго прыгаршчамі натхненне ды не вычарпаць.


Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі [email protected] (з пазнакай у тэме ліста “Магічная мапа”) спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект “Магічная мапа” ад кампаніі Будзьма беларусамі!”




Оценить материал:
Средний балл - 3.77 (всего оценок: 13)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Водка(рус) (гарэлка -бел) - гэта скрадзенае рашай у палякаў слова! Нефіг! Карыстайцеся лепей нямецкім словам "шнапс"! Мапа (мар) - гэта не польскае, а міжнароднае слова - для тых, хто акрамя рашн ніводнай мовы не асіліў ( калі на тое пайшло, то расійскі герб фактычна замежны: 1497. На пячатцы Івна III першапачаткова быў намаляваны «ездзец» — знак Масквы і ўсяго Маскоўскага княства. Двухгаловы арол быў прыняты дзяржаўным гербам пасля яго шлюбу з Соф"яй (Зояй) Палеолаг, пляменніцай апошняга імператара Візантыі Канстанціна Палеолага, у 1472 годзе, як знак перадачы спадчыны загінуўшай Візантыі Рускай дзяржаве. ))
  • http://ru.wiktionary.org/wiki/мапа
  • "Мапа" - это по-польски. Навины, печатайте материалы на польском, разнообразите материалы. А на диких смесях не нужно - плохо читается.

Интересные Факты

Загрузка ...