Выпрабавана на сабе. Як знайсці “беларускамоўнае каханне” за пяць хвілін

Карэспандэнт Naviny.by схадзіла на хуткія спатканні па-беларуску, каб праверыць, ці можна з першага погляду зачараваць хлопца…


Пра хуткія спатканні (speed dating) раней я чула хіба што ў кіно. Героі, страціўшы надзею сустрэць сваю другую палову, плацяць за ўваход у кавярню, дзе па канвееру знаёмяцца за пяць хвілін з дзясяткамі такіх жа адзінокіх.

Арганізатары хуткіх спатканняў па-беларуску ставяць на мэце не проста звесці двух чалавек, але і аб’яднаць іх на глебе беларушчыны. Я вырашыла праверыць, ці атрымаецца ў мяне за пяць хвілін зачараваць хоць аднаго хлопца.


Стоп-кадр з відэасюжэта “Нашай нівы” 

Правілы гульні

“Арт-сядзіба” ладзіць сустрэчы для беларускамоўных маладзёнаў у андэграўдным бары “ДК”, што ў раёне парка Чалюскінцаў. Удзельнікі загадзя дасылаюць арганізатарам анкеты, дзе коратка распавядаюць пра сябе. І пасля каардынатары адбіраюць роўную колькасць дзяўчат і хлапцоў, якія прыходзяць на спатканні да прызначанага часу.

Размаўляць да стартавага сігнала ўдзельнікам забаронена. Па правілах яны таксама не могуць абменьвацца кантактамі. Ёсць толькі пяць хвілін, каб пазнаёміцца адзін з адным па коле. А пасля адзначыць у анкеце насупраць кожнага прозвішча “каханне”, “сяброўства” ці “супраца”. І калі ў пункце “каханне” два сэрцы супадуць, арганізатары паведамяць пра гэта ўдзельнікам.

“Вядома, што пасля першага спаткання немагчыма казаць пра каханне. Але гэты пункт значыць, што чалавек вам вельмі спадабаўся і вы не супраць былі б працягнуць з ім знаёмства”, — тлумачыць Алесь Снег, адзін з каардынатараў.

Некаторыя стратэгі, дарэчы, на ўсялякі выпадак адзначаюць “каханне” насупраць кожнага імя: раптам хоць з адной дзяўчынай супадуць пачуцці.

На першым speed dating супалі дзве пары, кажуць каардынатары мерапрыемства. У асноўным на спатканні прыходзяць студэнты і маладыя спецыялісты. Хтосьці валодае беларускай мовай дасканала, іншыя робяць толькі першыя крокі.

Не ведаеш, што сказаць, або саромеешся нешта спытаць? Арганізатары падрыхтавалі кароткі спіс пытанняў і адказаў, якія можна выкарыстоўваць, як шпаргалку.

Па статыстыцы на 10 дзяўчатаў…

У прызначаны час заходжу ў памяшканне, дзе ледзь праглядваюцца сілуэты наведнікаў. Святло адмыслова прыглушанае, гучыць беларуская музыка. Злева на канапах па коле сядзяць дзяўчаты, справа — за столікамі хлопцы. Маладыя людзі сарамліва глядзяць то на гадзіннік, то ў мабільны тэлефон.

Праз колькі хвілін становіцца зразумела, што дзяўчат прыйшло больш. І адна з удзельніц адзначае: “Ну, як заўсёды. Халера, куды не прыйдзеш, адныя дзеўкі! На этна-гурток хадзіла — цікава, весела, але хлапцоў зусім няма! І тут тое самае”.

Астатнія з разуменнем ківаюць галовамі. Але ў залю заходзяць яшчэ некалькі хлопцаў, якія спазніліся, і нас рассажваюць за сталамі. Дзяўчаты сядзяць на месцы, да іх па коле праз кожныя пяць хвілін падыходзіць новы хлапец.

Адзначу, што я прыйшла на “спатканне” ў якасці эксперыменту, паколькі даўно замужам. Да пачатку мерапрыемства перажывала, што мяне можа нехта пазнаць. Беларускамоўная тусоўка — дастаткова вузкае кола, праз аднаго ўсе знаёмыя. Таму яшчэ на старце давялося прыхаваць шлюбны пярсцёнак.

Журналістка, сцюардэса і танцорка: тры вобразы аднаго чалавека

Першым да мяне падсажваецца высокі бландзін Ілля. Ён вельмі пазітыўна настроены. І бачна, што хоць і хвалюецца, да спаткання рыхтаваўся загадзя — пытанні гучаць адно за адным: “Чым займаешся? Што робіш у вольны час? Якую музыку слухаеш?”

Ілля вучыцца ва ўніверсітэце на маркетолага, а ў вольны час грае на гітары. Яму падабаецца Вольскі, і час ад часу ён сам піша музыку.

Даведаўшыся, што я ўжо не вучуся, а працую, асцярожна ўдакладняе, як даўно я скончыла ўніверсітэт. Пасля пытае, колькі год я вучылася. “Ілля, мне 25 год, вырашаю адказаць прама. — У пытаннях пра ўзрост няма нічога заганнага”.

Але гучыць званок, і наша размова раптоўна сканчваецца. Я адзначаю плюсік у графе “сяброўства”.

Наступны удзельнік — Алекс. “Раней неяк было модна быць Алесем”, — заўважаю я. “Цікавая ідэя, — адказвае ён. — Але па пашпарце я насамрэч Аляксандр”.

Чым займаецца Алекс, я так і не даведалася. Ён быў перакананы, што гэта інфармацыя мяне надзвычай спужае, таму кожны раз, калі я вярталася да гэтага пытання, Аляксандр пераводзіў размову на іншую тэму: “Ты так цікава апранутая! Ведаеш, калі б у мяне была дзяўчына, я б менавіта вось так яе і апрануў” або “У цябе на адным пальцы некалькі пярсцёнкаў! Вельмі прыгожа”.

Апроч таго, Алекс прапанаваў мне “бясплатны піяр”, паколькі мадэруе адну з папулярных беларускамоўных груп у сацсетках. Я абяцала падумаць і паставіла плюсік у графе “супраца”.


Фота Алеся Снега, Арт-сядзіба

Трэцім удзельнікам, з якім я пазнаёмілася, быў Павел. Ён адзіны, хто адразу працягнуў мне руку пры вітанні. І я паспела падгледзець, што ўсіх папярэдніх удзельніц ён пазначыў у графе “супраца”. На спатканні хлапец апынуўся выпадкова. Ён працуе ў гэтым самым бары. І калі стала зразумела, што хлопцаў не хапае, вырашыўся таксама прыняць удзел.

“Я граю на бас-гітары. І мару ў будучыні пра свой гурт. Ён абавязкова будзе, я збяру крутую каманду, якая будзе разумець мяне з паўслова”. За час гэтай гутаркі я не сказала амаль што нічога. І было бачна, што Паўлу гэта спадабалася. У анкетах мы сінхронна адзначылі “супраца”.

Наступны хлапец, які падсеў да майго століка, мае жалезныя нервы. Некалькі год Стас адпрацаваў мадэратарам на папулярным сайце. “Мая праца залючалася ў тым, каб блакаваць парнуху, якую выстаўляюць у каментарах іншыя карыстальнікі”. Але зараз хлопец займаецца музыкай, ён ды-джэй. Пытанняў да мяне ў Стаса не было. Здавалася, яму куды важней выгаварыцца самому і ўбачыць усмешку ў адказ. “Сяброўства”, адзначыла я ў анкеце.

Да пятага ўдзельніка я паспела заўважыць: як толькі я казала, што працую журналістам або вучуся на юрфаку, усмешка знікала з вуснаў суразмоўцаў. Таму ў якасці эксперыменту наступнаму ўдзельніку я вырашыла сказаць, што працую сцюардэсай. Гэта першая рамантычная прафесія, якая прыйшла мне ў галаву.

“Ваў! Не можа быць!” — адрэагаваў мой новы знаёмы Дзіма. У гэты момант я пачала хвалявацца, хоць бы ён не быў звязаны з авіяцыяй і не пачаў задаваць мне вузкапрофільныя пытанні.

“Я падаваў заяўку на працу бортправадніком, — адзначыў ён. — Але трэба трохі здароўе падцягнуць. Спадзяюся, хутка станем калегамі”.

Далей я паспрабавала ўзгадаць гісторыі сцюардэс, пачутыя ў аэрапорце. А Дзіма так захапіўся, што амаль нічога не расказаў пра сябе, апроч таго, што зараз працуе вядучым.

Шостым хлапцом апынуўся Франак Вячорка — адзін з арганізатараў мерапрыемства. Мы не сталі правяраць адзін адну на заляцанні, а проста абмеркавалі апошнія навіны.

Калі я пабачыла апошняга ўдзельніка, на імгненне у мяне адняло мову. Насупраць сядзеў добры знаёмы маёй лепшай сяброўкі, з якім яна ліставалася шмат год. Пра Андрэя я ведала ўсё — пачынаючы ад таго, пра што ён пісаў свае першыя вершы, сканчваючы тым, дзе ён зараз працуе. Наста знаёміла нас некалькі год таму. У гэты вечар хлопец мяне не пазнаў. А я вырашыла праверыць, ці сапраўды я добра памятаю ягоныя захапленні.

“Хто твой любімы пісьменнік?” — запытаў ён. “Караткевіч, любімы твор — “Каласы пад сярпом тваім”, — падыграла яму я. На твары Андрэя з’явілася прыемная ўсмешка. Узгадваючы, што ў дзяцінстве ён займаўся танцамі, я вырашыла сказаць, што вучуся ў інстытуце культуры і выкладаю для дзетак народныя танцы. І яшчэ адна ўсмешка ў адказ. Стваралася ўражанне, што ў нас аднолькавыя цікавасці, але я проста ведала слушныя адказы на большасць пытанняў. Андрэю я паставіла плюс у “сяброўства”. І вельмі спадзяюся, ён даруе, што гэта быў журналісцкі эксперымент.

Варта сказаць, што ў той вечар усе ўдзельнікі актыўна ўключаліся ў размову. На папярэдняй сустрэчы, па словах арганізатараў, адзін з хлапцоў амаль нічога не сказаў падчас спатканняў, але яго абрала адразу шэсць дзяўчат. Сакрэт свайго поспеху ён патлумачыў проста: “Ну трэба проста менш гаварыць і больш слухаць”.

Відэа “Нашай нівы” з першай сустрэчы


Пяць з сямі хлапцоў адзначылі мяне ў графе “каханне”

На наступны дзень арганізатары даслалі вынікі анкетавання. Са здзіўленнем даведалася, што плюс у графу “каханне” мне паставілі і тыя, каму я казала пра складаную вучобу на юрфаку, і тыя, для каго я запомнілася, як сцюардэса. Агульны вынік — пяць з сямі.

У час, калі я хадзіла на спатканні, знайсці беларускамоўнага хлопца было надзвычай складана. У асноўным усе гуртаваліся вакол сядзібы БНФ. Нягледзячы на розныя палітычныя погляды, гэта было месца правядзення культурных імпрэзаў і грамадскіх дыскусій. Праблема была ў тым, што ў асноўным туды хадзілі адныя і тыя ж людзі. І іх было значна менш, чым сённяшніх беларускамоўных і тых, хто яшчэ робіць першыя крокі.

Наіўна думаць, што падчас хуткіх спатканняў можна адразу закахацца. Але што вас чакае як мінімум — карысныя знаёмствы з аднадумцамі. Часам вельмі важна пабачыць, як шмат цікавых і разумных людзей побач.


  • Тема такая... "Гармонией алгебру поверить".. Против любви - какие могут быть возражения... === Шпилька: Да, я знаком с абхазским языком. Дарья, Адарья. Потом "вклиненный"в фамилию "апострофф"...Я (голосом Карлсона) - - Нет, я так не играю!
  • "Але што вас чакае як мінімум — карысныя знаёмствы з з аднадумцамі" Важно, ЧТО думаешь, а не на каком языке. Наши же свядомые (не все, исключения есть) повёрнуты на мове. Как гомики, которые кроме своей ориентации не видят ничего. Хотя английский не мешает независимости Ирландии, немецкий - Австрии, испанский-независимости толпы южно- и центральноамериканских государств. Зачем нашим циклиться? Правильно -идея проста, а больше ничего в голове нет. " Часам вельмі важна пабачыць, як шмат цікавых і разумных людзей побач. " Ну и конечно, как и во всех случаях проявления одной извилины, они мыслят себя "цiкавымi i разумнымi". Ну а чего ж не мыслить - дают же Вечерке гранты под такую фигню :)