Энтузіясты знялі ролік у абарону гістарычнай драўлянай забудовы Гомеля

Энтузіясты з Гомеля стварылі матывацыйны ролік, у якім за адну хвіліну распавядаюць тыповую гісторыю драўлянага дома свайго горада. Дзякуючы роліку, яго аўтары імкнуцца прыцягнуць увагу да праблемы знішчэння драўлянай архітэктуры.

Гістарычная асаблівасць Гомеля — яго традыцыйная драўляная архітэктура. Напачатку ХХ ст. горад на 90% быў драўляным. Сёння гістарычных драўляных будынкаў засталося вельмі мала — значная частка была знесена зусім нядаўна пад жылёвыя патрэбы горада.

Аўтэнтычны выгляд дамоў псуюць іх жа гаспадары, якія часта абшываюць будынкі сайдынгам, знімаюць унікальны разны дэкор для ўсталёўкі вокнаў ПВХ і інш. З тысячы драўляных будынкаў, якія з’яўляліся часткай старога горада, ў арыгінальным выглядзе засталіся адзінкі.

У роліку зроблена спроба паказаць прыгажосць драўлянага будынка, а таксама гучыць заклік да гаспадароў такіх дамоў “не хаваць гісторыю пад пластыкам”.

Над ролікам працавалі гісторык і рэжысёр Марыя Булавінская, архітэктар і краязнаўца Сяргей Ляпін, дызайнер-аніматар Раман Гарлінскі. Кансультаваў па пытаннях навуковай рэканструкцыі дома Андрэй Скідан — навуковы супрацоўнік філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый.

Прататыпам дома для рэканструкцыі паслужыў гомельскі дарэвалюцыйны будынак на вул. Гагарына, 11.