Пісьменнік і публіцыст Васіль Якавенка выдаў кніжку пра пошукі духоўнасці і гармоніі ў грамадстве

“Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве”. Пад такой назвай у выдавецтве “Тэхналогія” выйшла брашура беларускага пісьменніка і публіцыста Васіля Якавенкі.

Гэта эсэ, у якім аўтар даследуе тэму гарманічнага развіцця этнасаў, нацый у суверэнных дзяржавах і разглядае сітуацыю, што складваецца па недагляду ці патуранні эліт шэрагу краін –– культурна-этнічная сітуацыя трывожыць і вядзе да заняпаду і дэградацыі еўрапейскай цывілізацыі.

Брашура складаецца з трох частак. У першай –– прысвячэнне беларускаму філосафу Міколу Крукоўскаму, якога хвалявалі роля і значэнне нацыі ў светабудове.

Другі, асноўны раздзел “Ад забыцця да адраджэння”, асвятляе ўмовы, варункі і варыянты сацыяльна-палітычнага і нацыянальнага развіцця ў дзяржаве на прыкладзе Беларусі і іншых краін.

Трэці раздзел адметны тым, што ў ім прадстаўлены Ліст у Еўропу, і падпісаны ён ужо не толькі аўтарам, але і ягонымі аднадумцамі, знанымі асобамі Беларусі і Украіны.

У звароце –– абгрунтаваная крытыка сучаснай еўрапейскай ліберальнай палітыкі ў развіцці краін, што, лічаць падпісанты, і прывяло да сучаснага сусветнага палітычнага і сацыльна-этнічнага крызісу.

Гаворачы пра хібы ў палітыцы і альтэрнатыўным яе развіцці, аўтар разам са сваімі паплечнікамі прапануюць у якасці сімвала сапраўдных гістарычных і культурных дасягненняў еўрапейскай цывілізацыі пабудаваць і адкрыць Музей гісторыі і культуры Еўропы.

Кніжка “Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве” выйшла пры падтрымцы міжнароднага дабрачыннага фонду “Стваральны свет” масавым тыражом, пры гэтым 1000 яе асобнікаў аўтар падарыў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.