Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Зачем белорусу генетический паспорт?
    Беларусь входит в число мировых лидеров по распространенности генетической мутации, приводящей к тугоухости. Эту мутацию в геноме несет каждый 17-й житель страны.
  2. Зеленый город. Нужно ли омолаживать деревья до голого ствола?
    Обрезка, после которой дерево превращается в столб, неприемлема, считают биологи…


Общество

Фабрыка «Вяснянка». Кіраўніка судзяць, прадпрыемства ў даўгах, працоўныя зь мізэрным заробкам


У Магілёве судзяць былога кіраўніка швейнай фабрыкі «Вяснянка» Максіма Шнэка. Яго вінавацяць у злоўжыванні ўладай, крадзяжах і службовым падлогу.

Само ж прадпрыемства задоўга да прызначэння Шнэка на пасаду дырэктара было стратным. «Вяснянку» ня раз згадвалі ў гэтай якасці на чыноўніцкіх нарадах.


будынак «Вяснянкі»

Максім Шнэк на пасадзе дырэктара з красавіка 2014 году. Паводле зьвестак БелаПАН, атрыманых з крыніц дзяржаўнага абвінавачвання, страты прадпрыемству ад дзейнасці былога яго кіраўніка складаюць 2 мільярды рублёў. Гэтую суму ў судовай залі аспрэчваюць сваякі абвінавачанага. Вінавацяць журналістаў у некарэктнасці падачы інфармацыі.

Судовы працэс супраць Шнэка доўжыцца паўгода. Былы дырэктар пад вартай. У судовай залі малады яшчэ мужчына сядзіць на закратаванай лаве падсудных. Выглядае спакойным і засяроджаным. Як уводзяць ў залю, ён прыязна вітаецца з прысутнымі.

Як вынікае з матэрыялаў следства, сведкамі па справе праходзяць пераважна прадпрымальнікі з Расеі, якім выдавалася прадукцыя «Вяснянкі» на продаж без перадаплаты. Не прададзенае бізнесоўцы вярталі прадпрыемству. Сцьвярджаецца, што грошы за рэалізаваны тавар перадаваліся Шнэку, які нібыта ня ўсе іх вяртаў фабрыцы.

Цяпер у судзе агучваюцца матэрыялы справы. Заслуханыя паказанні сведак.

Доўгі час за Шнэкам вялося сачэнне — запісваліся яго тэлефонныя гутаркі. На некаторых запісах Максім Шнэк характарызуе сітуацыю ў працоўным калектыве. Гаворыцца, што заробкі выплачваюцца з затрымкай, працоўныя незадаволеныя іх памерамі. «Швачкі бунтуюць»,— зазначае на запісе былы кіраўнік прадпрыемства.

«Спрабуем утрымаць швачак. Перагледзелі памер заахвочвання для тых, хто робіць норму выпрацоўкі, каб яны толькі не звальняліся, — наракае ў адной з гутарак Максім Шнэк. — Вядома ж, затрымалі ім заробак — і дванаццаць заяваў паклалі мне на стол. Ніхто іншы. Ні працоўныя іншых спецыяльнасцяў. Таму падумалі, як іх лепей матываваць».

На запісах гучаць звесткі пра арыштаваныя рахункі прадпрыемства, шматмільярдныя даўгі ды нястачу грошаў на заробкі працаўнікам.

Пакуль былы кіраўнік «Вяснянкі» на лаве падсудных, прадпрыемства спрабуе пераадолець цяжкасці. Мела намер звярнуцца ў гаспадарчы суд, каб яго прызналі банкрутам. Але 15 снежня акцыянеры большасцю галасоў выступілі супраць такога кроку. Кажуць, што ў прадпрыемства ёсць замовы і рэсурсы, каб разлічвацца па рахунках і выплачваць заробкі.

Атрымаць каментар у цяперашняга кіраўніцтва прадпрыемства не ўдалося.

Працаўнікі ж дужа асцярожна гавораць на тэму магчымага банкруцтва прадпрыемства і суду над былым яго кіраўніком. Некаторыя выказвалі спадзеў, што прызнанне фабрыкі банкрутам магло б дапамагчы ёй.

«Гэта магло б выратаваць прадпрыемства, калі б знайшлася прыймальная кандыдатура антыкрызіснага кіраўніка. Калі ж прызначаць чалавека з шэрагу аб’яваў «Ліквідуем хутка і без праблемаў», то наўрад ці гэта дапаможа. Хіба што паскорыць закрыццё прадпрыемства», — выказваецца адна з працаўніц «Вяснянкі».

Паводле суразмоўніцы, калектыў перажывае за лёс фабрыкі. «Усе хочуць працаваць, — кажа яна. — Цяпер такая сітуацыя, што на працу не ўладкавацца ў Магілёве».

Што да суду над былым кіраўніком акцыянернага таварыства, то яго працаўніца адзначае: калектыў чакае судовага выраку. Людзі кажуць: былы кіраўнік малады, мо куды ўлез бязь досведу. Шкадуюць яго.

Наступны суразмоуца пра лёс «Вяснянкі» выказваецца без аптымізму: «Хутчэй за ўсё яна пойдзе з малатка. Цяпер прадпрыемства на лапатках ляжыць. Прадукцыя не карыстаецца попытам».

Некаторыя працаўнікі ў гутарцы з журналістам згадвалі былыя часы, калі прадпрыемства працавала ў дзве змены. Было гэта дужа даўно. Цяпер жа сітуацыя, па іх словах, дужа кепская. Малыя заробкі і няма куды падацца. На пытанне пра памер заробкаў ніводзін суразмоўца не адказаў.

«Раней, памятую, яна працавала рэнтабельна. Цяпер усім прадпрыемствам дужа цяжка і многія з іх банкруты. Што паробіш», — асуджана зазначае яшчэ адна працаўніца.

Не так даўно «Вяснянка» мела свае фірмовыя крамы. Дзве ў Магілёве і адну ў Бабруйску.

«Калі вы журналіст, то мусіце ведаць, што «Вяснянка» ўжо зачынілася і мы новыя ўладальнікі крамы. Тыдні тры як з'ехалі яны адсюль», — паведамілі бабруйскія прадаўцы.

У Магілёве зачынілася адна з дзвюх крамаў. У гутарцы з журналістам прадавец той, якая засталася, запэўніла: на прадукцыю «Вяснянкі» попыт ёсць.

«Паліто нашы падабаюцца. Мадэлі ня кепскія. Каб толькі шылі крыху паболей асартыменту. У нас і якасць даволі высокая і цэны прымальныя. Паліто ў адзін мільён у цяперашняй эканамічнай сітуацыі — нармальная цана. Цяпер у нас і зніжкі», — зазначае крамніца і дадае: «Найперш на прадпрыемстве хочуць людзей забяспечыць хоць якой працаю. Каб працаўнікі хоць нешта зараблялі. Цяпер паўсюдна цяжка».

Некалькі месяцаў таму «Вяснянка», каб прадаць сваю прадукцыю, езьдзіла па магілёўскіх прадпрыемствах. Такая стратэгія была паспяховай, цьвердзіць прадавец фірмовай крамы «Вяснянкі».

«Прадпрыемствы, на якія мы прыязджалі, — даводзіць яна, — разбівалі кошт прадукцыі на некалькі месяцаў, і людзям было выгадна яе купляць».

Пра невысокія цэны кажуць і наведнікі крамы. Адзначаюць і яе якасць: «Вы ведаеце, прадукцыя якасная. Ахайна сшытая, але мадэляў замала. Мы ж усе глядзім на мадэлі…»

Але наступны суразмоўца не задаволены прадукцыяй «Вяснянкі»: «Колькі разоў мы сюды заходзілі зь сям’ёй, нічога толкам мы сабе і ня выбралі. Выбар дужа сціплы. І больш я нічога сказаць не магу».

Якасць і невысокія цэны прадукцыі «Вяснянкі» адзначалі на запісах і расейскія прадпрымальнікі. Яны бралі на рэалізацыю буйныя партыі швейных вырабаў. У некаторых расейскіх рэгіёнах іх дужа хутка разбіралі.

Оценить материал:
Средний балл - 1.00 (всего оценок: 1)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева