Дзеці з вялікіх сямей Мінску вучыліся беларускай кухні

“Яны могуць прыгатаваць і самыя складаныя і вытанчаныя стравы”…

Цікавы калядны падарунак зрабіла студыя Oede.by для шматдзетных сямей. Першая кулінарная школа зладзіла дабрачынную акцыю, дзе маленькіх кухараў тонкасцям майстэрства вучылі вядомыя майстры Вячаслаў Гарбатаў, Алена Мікульчык, Андрэй Рэзнікаў і Вераніка Галабурда.

Працаваць з дзецьмі не складаней, але больш адказна і цікава, адзначыла вядомая знаўца беларускай кухні, аўтарка кніг і вядучая тэлепраграм Алена Мікульчык. У форме гульні яна вучыла дзетак, як прыгатаваць стравы XIX стагоддзя, як карыстацца кухоннымі прыладамі, і распавядала пра гісторыю паходжання розных страваў.

На першае падалі суп з клёцкамі з жытняй мукі, вельмі папулярную страву за тымі часамі. “Беларусы гатавалі поліўку, а гэта не тое самае”, падкрэсліла Мікульчык. Другой стравай стала лазанка ў спалучэнні з мачанкай. “Цяпер вельмі папулярная італьянская паста з соўсамі. У нас ёсць свой аналаг”, адзначыла кухарка. А на салодкае – пірог у выглядзе карзіначак з вяршкамі.

Адзін з бацькоў Зміцер не першы раз прыводзіць сваіх дзетак на такі майстар-клас: “Пра гэты праект нам распавяла Алена. Нам вельмі цікава і падабаецца тое, што тут адбываецца. Мы ўдзячны і паварам, і матулям, якія ўдзельнічаюць у гэтай акцыі”.

Ён распавёў, што ў пэўнай ступені на такіх занятках вучацца не толькі пачынаючыя кухары, але і дарослыя людзі: “Мы насамрэч не зусім разумеем, што такое беларуская нацыянальная кухня. Гэта адкрыцці для нас у першую чаргу”.

Кухар, эксперт беларускай кухні распавяла, што дзеці гэта самая ўдзячная публіка, якая толькі можа быць: “Дабрачыннымі праектамі, звязанымі з дзеткамі, займаюся ўжо пяць гадоў. “Кулінарыя плюс” у Ашмянах на гэты праект я езджу з камандай штомесяц, мы ладзім заняткі. А сёння ў нас дзеткі з шматдзетных сямей. Некаторыя ездзілі са мной і ў Ашмяны, знаёміліся з дзеткамі там і вучыліся разам гатаваць на той вялікай кухні”.



Алена пераканана, што спрашчаць кухню для дзяцей не варта: “Дзеці здольныя на большае, чым вы сабе можаце ўразіць. Яны ўсё прыгатуюць. Мы гатавалі з імі і стравы замежнай кухні. Нават вытанчаную французскую кухню. Усё дзеці могуць зрабіць. Іх трэба толькі накіраваць. Ім цікава рабіць складаныя рэчы”.

Наконт бяспекі Мікульчык упэўнена, што дзецей на майстар-класах варта вучыць правільна карыстацца нажамі і астатнімі прыладамі. “У нас два кухара на 15 дзяцей. Бацькі таксама назіраюць, і мы сочым за гэтым. Але дзеці слухаюцца, трымаюць нож так, каб не парэзацца”, распавяла Алена.

Дзеці не толькі бавілі час з кухарамі. Да іх завіталі аніматары, а пасля маленькія госці кулінарнага свята атрымалі падарункі ад партнераў акцыі.