Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Четырехлетней Стасе Якимович требуется срочная помощь
    У Стаси детский церебральный паралич, она все еще не ходит самостоятельно, но после нескольких курсов реабилитации очень близка к своему первому шагу.
  2. В Кричеве осужденные отказались от работы за «копейки»
    Осужденные исправительного учреждения открытого типа № 45, привлеченные к подготовке Мстиславля к «Дожинкам», протестуют против низкой оплаты и условий труда.


Общество

Беларуская мова — у трэндзе, але не ў пашане


Пашырэнне выкарыстання беларускай мовы запісана ў план мерапрыемстваў Года культуры, які апублікаваны на мінулым тыдні. Ці змогуць ягоныя мерапрыемствы спрыяць большаму распаўсюджванню роднай мовы?


Па загадзе пачаць любіць мову немагчыма, лічаць стваральнікі курсаў “Мова Нанова”. Фота movananova.by

У раздзеле плана, які называецца “Пашырэнне выкарыстання беларускай мовы”, сярод іншага — правядзенне рэспубліканскай акцыі ”Беларусь, я люблю цябе“, прымеркаванай да Дня ўсіх закаханых, і мерапрыемстваў ва ўстановах культуры да Міжнароднага дня роднай мовы.

Плануецца правесці конкурс даследчых работ навучэнцаў па беларускай літаратуры, арганізаваць сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, віктарыны, цыкл канцэртаў выхаднога дня ”Беларуская песня“ на адкрытых пляцоўках Мінска і абласных цэнтраў.

Белтэлерадыёкампанія павінна павялічыць аб’ём вяшчання на беларускай мове ў інфармацыйных і аналітычных праграмах у сюжэтах пра падзеі ў культурным жыцці краіны, праграмах культуралагічнай тэматыкі. 

 Журналіст Глеб Лабадзенка, які з’яўляецца сузаснавальнікам курсаў “Мова нанова” (зараз працуюць у 10 гарадах краіны), “двума рукамі падтрымлівае любыя захады па падтрымцы беларускай мовы”.

Іншая справа, каб гэта не стала фармальнасцю, бо што-што, а пісаць паперы ў нас умеюць. Глеб Лабадзенка прывёў прыклад: у 2014 годзе яму давялося звярнуцца да чыноўнікаў з пытаннем, якія мерапрыемствы праводзяцца ў краіне да 80-годдзя народнага паэта Рыгора Барадуліна.

“Мне даслалі адказ у выглядзе табліцы на трох ці чатырох старонках, — сказаў Глеб Лабадзенка. — Там згадвалася некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў. Дзесьці выставы праходзяць, дзесьці вершы чытаюць, там залічвалася нават, калі ў куточку ў бібліятэцы выставілі кнігі Рыгора Барадуліна. А хто чуў пра тыя мерапрыемствы? Вось і атрымліваецца, што калі глядзіш на паперы, можна падумаць: “Чаму не жыць?”. Насамрэч, які толк з усяго гэтага? Вялікага аптымізму, што яны пашыраць выкарыстанне беларускай мовы, у мяне няма”

І ўсё ж такі Глеб Лабадзенка лічыць, што з дапамогай тых ці іншых мерапрыемстваў можна спрыяць распаўсюджванню беларускай мовы:

“Нашыя курсы таму лепшы прыклад. Я назіраю гісторыі поспеху, калі ў выніку навучання ў нас людзі пераходзяць на беларускую мову. Сярод іншага гэта адбываецца таму, што нашыя выкладчыкі любяць беларускую культуру і мову, жывуць гэтым, ведаюць цікавых людзей, якіх можна запрашаць на сустрэчы. Па загадзе пачаць любіць мову немагчыма. Галоўны штуршок — асабісты прыклад, калі чалавеку не проста загадалі нешта рабіць”.

Глеб Лабадзенка прывёў прыклад: у некаторых гарадах чыноўнікі, паглядзеўшы на “Мову нанова”, спрабавалі зрабіць свае курсы беларускай мовы. Вылучалася памяшканне, выкладчыца. Але як толькі адміністрацыйны ціск слабеў, усе разбягаліся.

Ёсць праблема якасці мерапрыемстваў: “Сустрэча з пісьменнікамі пятага эшалона, якіх ніхто не чытае, наўрад ці можа кагосьці зацікавіць. Можна сабраць нецікавых людзей і сказаць, што гэта і ёсць беларуская культура, і запрасіць далучацца да яе. Ведаеце, калі я вучыўся ў школе, думаў, што ўсе беларускія пісьменнікі даўно памерлі, а нашу літаратуру я ненавідзеў, бо у падручніку былі сабраныя горшыя творы нават лепшых аўтараў. Калі арыентавацца толькі на такія прыклады, беларускую мову і культуру можна ўзненавідзець. І ўзнікае пытанне — ці нельга нашкодзіць ёй такімі мерапрыемствамі”.

Да таго ж іх правядзенне не здымае з дзяржавы абавязку па забеспячэнні роўнасці моваў, чаго ў краіне няма: “Напрыклад, на беларускую мову ў нас перакладзены не ўсе законы. Я сутыкаюся з сітуацыямі, што калі пішу нейкі зварот і маю патрэбу працытаваць закон, не магу, бо шмат якіх законаў на беларускай мове няма. А мой пераклад не мае юрыдычнай сілы”.

Вялікая праблема — становішча роднай мовы ў сістэме адукацыі. У Беларусі на беларускай мове нельга атрымаць адукацыю ад садка да ўніверсітэта, бо цалкам беларускамоўных ВНУ ў Беларусі няма.

Напрыклад, беларускамоўныя садкі ёсць у кожным раёне горада. Аднак на справе гэтыя садкі такімі не з’яўляюцца, звярнуў увагу Глеб Лабадзенка.

“Дзяржава не выконвае свае абавязкі па забеспячэнні роўнасці моваў у сістэме адукацыі. Лічыцца, што нармальнаму чалавеку беларускамоўны садок ні да чаго. Мы спрабавалі ўладкаваць дачку ў адзін з такіх беларускамоўных садкоў у Фрунзенскім раёне, — расказаў Глеб Лабадзенка. — Мне прапанавалі сад далёка ад дома, а каб побач арганізаваць беларускамоўную групу, трэба было самому знайсці зацікаўленыя сем’і. Мне што, трэба было кінуць працу і шукаць аднадумцаў? Калі мы прыйшлі ў адзін з беларускамоўных садкоў, не пачулі там ніводнага беларускага слова — ні ад загадчыцы, ні ад выхавацеляў, ні ад бацькоў. Аднак мы знайшлі ў іншым садку беларускамоўную выхавальніцу, да таго ж у нашай групе шмат беларускамоўных бацькоў. Зараз мы думаем пра беларускамоўную школу і разумеем, што трэба будзе вазіць дзіця далёка ад дома”. 

 Эксперт “Ліберальнага клуба” Вадзім Мажэйка лічыць, што зараз “дзяржава зацікаўлена больш, чым калісьці ў мяккай беларусізацыі, а пашырэнне выкарыстання беларускай мовы добра ўпісваецца ў гэты трэнд”.

Між тым ёсць перашкоды для таго, каб беларусізацыя паспяхова праходзіла пры існуючай уладзе:

“Праблема ў тым, што на працягу апошніх 20 гадоў ішоў іншы працэс — русіфікацыя, і чыноўнікам складана павярнуцца на 180 градусаў. Існуе засцярога перад Масквой. Успомніце, колькі крытыкі пачулі ўлады з усходу, калі год назад толькі што прызначаны міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў загаварыў пра больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы ў школе. І як прэзідэнт адрэагаваў — ён пакрытыкаваў Жураўкова. І ў школе ўсё засталося на сваіх месцах“.

Вадзім Мажэйка лічыць, што план Года культуры ў цэлым — гэта прыклад дубовага чыноўніцкага крэатыву

“Кожны год у нас абвяшчаецца нейкая тэма года, з’яўляецца план, у які ўваходзяць ці то фармальныя мерапрыемствы, ці тыя, што адбываюцца штогод. А бывае, што і тыя, да якіх дзяржава не мае ніякага дачынення. Думаю, што фармальны падыход звязаны ў тым ліку са складанасцямі фінансавання, калі хочацца і грошы зберагчы, і мерапрыемства залічыць”.

 

Оценить материал:
Средний балл - 4.59 (всего оценок: 17)

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева