Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Суд по делу Япринцевых. Онлайн-репортаж
    Начался допрос главного фигуранта — Владимира Япринцева.
  2. «Сменится власть — и 27 июля займет свое законное место в календаре»
    Сегодня — годовщина принятия Декларации о государственном суверенитете Беларуси


Общество

З чарговай публікацыяй «Вечернего Могилева» пра транссексуала будзе разбірацца пракуратура


Чарговая публікацыя ў газеце «Вечерний Могилев» пра транссексуала з вёскі Макаранцы, што ў Магілёўскім раёне, прымусіла праваабаронцаў звярнуцца ў пракуратуру абласнога цэнтру.



У публікацыях магілёўскага выдання праваабаронцы ўгледзелі прыкметы экстрэмізму. Праваабаронцы заяўляюць, што іх мета — спыніць хвалю нецярпімасці да чалавека з адметнасцямі інтымнага жыцця.

Праваабаронца Таццяна Равяка спасылаецца на тлумачэнне экстрэмізму заканадаўствам Беларусі. Актывістка засяроджвае ўвагу, што газетныя артыкулы, у якіх згадваецца жыццё вяскоўца і сям’і, у якой ён жыве, маюць прыкметы прапаганды непаўнавартаснасці грамадзян і нецярпімасці да іх.

Праваабаронца прыгадвае трагічны лёс Міхаіла Пішчэўскага, якога збілі за тое, кажа суразмоўніца, што ён быў геем.

«Пытанні прапаганды непаўнавартаснасці пэўных людзей, нецярпімасці да іх, як мы бачым, прыводзяць да трагедыяў. Для нас вельмі важна спыніць плынь нянавісці, якая распаўсюджваецца са старонак пэўных выданняў, а менавіта, прапаганды нянавісці да пэўнай сацыяльнай групы, — кажа Таццяна Равяка. — Вядома ж, мы б хацелі аблегчыць лёс канкрэтнага чалавека, трансгендэра, які жыве ў вёсцы. Жыццё гэтага чалавека цяпер разглядаецца праз павелічальнае шкло, і гэта не нармальна. Акрамя таго, мы хочам прыцягнуць увагу да прапаганды нянавісці і нецярпімасці да цэлай сацыяльнай групы праз канкрэтную справу і лёс канкрэтнага чалавека».

Праваабаронца зазначае: кожны чалавек мае права на прыватнае жыццё, у тым ліку інтымнае. Такія публікацыі, як у «Вечернем Могилеве», цьвердзіць суразмоўніца, разбураюць гэтае жыццё.

«Як адрэагуе на зварот пракуратура — гэта будзе рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, для нас жа галоўнае, каб спынілася тое, чаго не павінна быць у любым сродку масавай інфармацыі. Мы б хацелі, каб закон выканаў функцыю абароны канкрэтнага чалавека», — заключае праваабаронца Таццяна Равяка.

З героямі артыкулаў магілёўскай газеты, кажа Таццяна Равяка, праваабаронцы не сустракаліся.

Нагодай для звароту праваабаронцаў у пракуратуру Магілёва стаў артыкул, размешчаны на сайце «Вечернего Могилева» «Мама, три дочки и... кавалер мамы. Как живется детям?».



У ім гаворыцца, што газета атрымала ананімны ліст ад жыхароу вёскі Макаранцы, якія нібыта «занепакоеныя кепскай абстаноўкай у адной мясцовай сям’і, у якой растуць тры дзяўчынкі». У самім лісце згадваецца транссексуал Д., яго ў лісце называюць вядомай асобай, пра якую год таму пісала газета.

«А потым да нас у вёску прыязджала апазіцыя рабіць свой матэрыял, — гаворыцца ў лісце. — Напэўна ў Д. высокія апекуны, бо трое дачок М. дагэтуль пражываюць у гэтай сям’і. Вёска ў нас невялікая, і дзеці скардзяцца, што гэты чалавек зьдзекуецца зь іх, зневажае і збівае».

Газета «Вечерний Могилев» у гэтым жа артыкуле піша, што ліст жыхароў з Макаранцаў быў перасланы ва ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму. Як вынікае з адказаў, звесткі зь ліста не пацьвердзіліся:

«У дачыненні да непаўналетніх фактаў жорсткага абыходжання не зафіксавана», — адказаў газеце начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкаму Уладзімер Рыжкоў.

Галоўная рэдактарка газет «Вечерний Могилев» Надзея Леўчанка лічыць, што публікацыямі нікога не пакрыўдзілі.

«Мы паступілі згодна з законам Рэспублікі Беларусь», — заяўляе яна. Паводле журналісткі, сітуацыю зь вяскоўцам-транссексуалам «раздулі» іншыя выданні, а не «Вечерний Могилев».

«Газета „Вечерний Могилев“ ніколі ня згадвала ні імя, ні прозвішча, ні імя па бацьку гэтага чалавека (транссексуала Д., — БелаПАН)», — даводзіць сваю пазіцыю Надзея Леўчанка.

«Калі мы ў першы раз апублікавалі, што ў турме з'явіўся транссексуал (інфармацыя да нас прыйшла з турмы), то з гэтага ўсё пачалося. Надрукавалі артыкул. Нам ніхто не тэлефанаваў, не звяртаўся. І калі мы размясцілі яго на сайце, таксама ніхто не звяртаўся. І раптам убачыла яго „Наша ніва“. Яны (карэспандэнты НН. — БелаПАН) паехалі ў гэтую вёску і сфатаграфавалі гэтага чалавека. Хадзілі па вёсцы. Там усім паведамілі, што ў іх жыве транссексуал. Далі матэрыял на сваім сайце. Да „Нашай нівы“ ніякіх прэтэнзіяў ні ў кога не было».

«Гэтым разам да нас прыйшоў ліст, што нібыта сям’я знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, — працягвае аповед галоўная рэдактарка „Вечернего Могилева“.Мы звярнуліся ва ўпраўленне адукацыі і нам далі адтуль адказ. Яго апублікавалі. Ні пазначалі нікога і нічога. Да нас зноў ніхто не звяртаўся (пасля публікацыі. — БелаПАН) ні зь вёскі, ні сам ён (транссексуал Д. — БелаПАН) і ніякія праваабаронцы».

Паводле Надзеі Леўчанкі, цікавасць да жыцця вяскоўца-транссексуала актывізавала журналістка TUT.by, а не артыкул зь лістом жыхароў Макаранцаў у «Вечернем Могилеве».

«Мы размясцілі яго (артыкул. — БелаПАН) на сайце, і тут жа падключыўся TUT.by. Яна (журналістка. — БелаПАН) туды (у вёску. — БелаПАН) паехала. І прычым так напісала пра яго... Упраўленне адукацыі наадварот напісала, што ён зь імі (сям’ёй, дзе тры дзяўчынкі. — БелаПАН) не жыве і зрэдку дапамагае грашыма. А яна наадварот напісала, што ён жыве, што ў доме нават тэлевізара няма. Яна туды паехала і ўсё закруціла. Прычым тут «Вечерний Могилев»? Мне нават цікава», — абураецца галоўная рэдактарка выдання.

Надзея Леўчанка параіла праваабаронцам пашукаць экстрэмізм у іншых, як яна выказалася, месцах.

У першы раз газета «Вечерний Могилев» напісала пра вяскоўца-транссексуала пры канцы 2014 году. У артыкуле «Впервые в истории Беларуси под стражу взяли транссексуала» выданне паведаміла, што ў магілёўскай турме № 4 утрымліваецца падазраваны ў крадзяжы харчоў, якому «была зроблена аперацыя па змене полу». Матэрыял поўніўся зняважлівымі выпадамі на адрас героя публікацыі. Згадваецца і Еўразвяз. Аўтары артыкулу пераконваюць, што «сёння за прыгожай упакоўкай пад назвай секс-мяншыні, якую прасоўвае і актыўна нам навязвае Еўразвяз, хаваецца сатана...»



Напрыканцы паведамляецца, што імя «транссексуала змененае па этычных меркаваннях». У артыкуле згадваецца вёска Макаранцы, дзе транссексуал нібыта ўчыніў злачынства. Як высветлілася, ён у ёй жыве.

Інтэрнэт-версія артыкулу пасля публікацыяў у незалежных выданнях знікла з сайту «Вечернего Могилева». Пазней стала вядома, што газеце Міністэрства інфармацыі зрабіла заўвагу аб неабходнасці уважлівага кантролю зместу публікацыяў.

«Калі на нас пачалі пісаць, ужо ня памятаю хто, то Міністэрства інфармацыі проста сказала: здыміце з сайта гэтую публікацыю. Мы вам робім заўвагу»,— удакладніла галоўная рэдактарка «Вечернего Могилева».

Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала, адказваючы на пытанні «СБ. Беларусь сегодня», згадаў судзьдзю Магілёўскага раённага суду Станіслава Леўчанку, які разглядаў справу супраць зняволенага транссексуала і выдаў ягоныя інтымныя асаблівасці.

«Вядома ж, афішаваць такія рэчы недапушчальна, пагатоў з улікам таго, што чалавек утрымліваецца пад вартай. Судзьдзя ж даў інтэрв'ю, у якім, хутчэй за усё па неасцярожнасці, выдаў звесткі інтымнага характару. У яго праслізнула адна фраза, а газета зрабіла ўпор на факце, заявіўшы, што ўпершыню пад варту ўзялі транссексуала», — зазначыў у інтэрв'ю Валянцін Сукала.

Пазней старшыня Магілёўскага абласнога суда вынес вымову судзьдзі Станіславу Леўчанку за «распаўсюджванне і прадстаўленне інфармацыі па справах, якія знаходзяцца ў вытворчасці суду».

Дарэчы, судьдзя Леўчанка — родны сын галоўнага рэдактара Надзеі Леўчанкі.

 

«Пакіньце мяне ў спакоі»

Герой ужо шматлікіх публікацыяў Дзмітры ня рады вядомасці, якая на яго неспадзявана абрынулася. Першая фраза, якую ён сказаў журналісту, была: «Ня хочацца думаць пра самазабойства. Мацуюся пакуль».

На бальшыню пытанняў Дзмітры адказваў словамі «так» і «не».

На вестку пра намаганні праваабаронцаў заступіцца за прыватнае жыццё вясковец адрэагаваў з удзячнасцю, аднак тут жа пагадзіўся, што лепей бы яго пакінулі ўсе ў спакоі.

«Так, усё нармальна ў мяне, але адчуваецца, што за спінаю мяне судзяць. Вось нядаўна мне казалі, што 27 студзеня нібыта зноў пісалі пра мяне. Я не разумею гэтай газеты, што я ёй зрабіў. Правяралі ж умовы пражывання, усё нармальна сказалі. Хацелася б, каб газета напісала абвяржэнне ці выбачалася», — зазначыў Дзмітры.


Ад рэдакцыі. У тым жа нумары “Вечернего Могилева” ад 27 студзеня 2016 года, дзе змешчаны чарговы артыкул пра транссекусала Дзмітрыя, ёсць яшчэ адна пазнавальная публікацыя — «Мерзость содомская сродни хулиганству». Аўтарка Вікторыя Карпава (пад гэтым псеўданімам друкуецца галоўны рэдактар газеты Надзея Леўчанка) дае парады, што рабіць, калі вы сталі сведкай “омерзительных сцен” — канкрэтна, калі прылюдна цалуюцца мужчыны.



Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 5)

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева