Цэнтральны рынак Бабруйска. “Такога ніколі не было — і пакупнікоў няма, і праблемы з усіх бакоў”

Пасля двух месяцаў прастою ў Бабруйску пакрысе ажывае мясцовы рынак. Прадпрымальнікі наважваюцца выходзіць на свае працоўныя месцы.

Пасля двух месяцаў прастою ў Бабруйску пакрысе ажывае мясцовы Цэнтральны рынак. Прадпрымальнікі наважваюцца выходзіць на свае працоўныя месцы. Пэўнасці аднак у сваёй будучыні ў іх няма.

Некаторыя заяўляюць: як распрададуцца — з'едуць зь Беларусі. Некаторыя ж даводзяць, што дзявацца ім няма куды, таму працягнуць гандляваць. І тых, і другіх яднае адзіная праблема: у пакупнікоў няма грошаў на іхны тавар.

На рынку зачыненых павільёнаў пакуль нямала, як і не запоўненых пляцовак, на якіх раней выстаўляліся палаткі з таварам. Пакупнікоў няшмат. Гандляры ў чаканні бавяць час гутаркамі між сабою, ці знаходзяць іншыя заняткі, напрыклад, гуляюць у карты.

“Самая вялікая для нас праблема: у нашых пакупнікоў няма грошаў. Нашы пакупнікі — гэта людзі, якія ня ходзяць у крамы па адзежу і абутак. Там значна даражэйшы тавар за наш”, — апавядае пра сітуацыю з гандлем адна з бабруйскіх прадпрымальніц. Яна аднавіла працу некалькі дзён таму.

“Пасля ўступлення ў сілу 222-га ўказу зусім змізарнеў выбар тавару. Ён аднатыпны, але ўсё адно прывазны, — прызнаецца суразмоўніца. — У мяне таксама прывазны, з адной расейскай фірмы, якая забяспечвае тавар суправаджальнымі дакументамі. Беларускі тавар пасля ўсіх працэдураў афармлення становіцца задарагім для нашых пакупнікоў. Яго не бяруць”.

Прадпрымальніца зазначае, што не збіраецца кідаць гандль, бо ісці з рынку няма куды.

“Цяпер жа нікуды не ўладкавацца, а знойдзеш працу, дык за заробак у два мільёны як жыць, — кажа яна. — За кватэру заплаці, а потым сядзі галадай. Колькі на рынку цяпер можна будзе зарабіць, невядома. Мо і нічога, але гэта адзінае, што ёсць у мяне”.

Наступная суразмоўніца гутарку з журналістам пачала зь цяжкасцяў, якія прынёс 222-гі ўказ. У Расеі, з адкуль прывозіцца тавар, заўважае яна, не даюць патрэбную дакументацыю для продажу ў Беларусі. Бізнесоўка зазначае: прывезены ёю тавар, як і належыць, сертыфікаваны, але цяпер ён даражэйшы на 30-40%.

“Мо і патрэбна было ўводзіць гэтую сертыфікацыю, але час абраны ня той. У краіне заўважныя эканамічныя цяжкасці. Беларусы бяднеюць”, — заўважае суразмоўніца.

“Многія мае калегі сыходзяць з рынку. Тыя, каму няма куды падзецца, пакрысе працягваюць працаваць, — дадае яна. — Той, хто выходзіць на працу, дык падстрахоўваецца, шукае дакументы. З дакументамі тавар, зразумела, даражэйшым выходзіць. Але праблема: пакупніцкая актыўнасць упала. Заробкі зменьшыліся. Мы, вось, тыдзень працуем — і ў будні нічога не прадаецца. Зрэдку хто што купляюць у выхадныя”.

На пытанне, ці можна было прадпрымальнікам абараніцца ад 222-га ўказу, суразмоўніца адказала: мы спрабавалі.

“Мы намагаліся дамовіцца з уладай, але нам насустрэч яна не пайшла, ці пакуль не пайшла. Навошта наагул патрэбны быў гэты указ? Мо тыя, хто ва ўладзе, не разумеюць, што адбываецца тут, у простых людзей. Хацела, як ім падавалася, каб лепей было, а выйшла наадварот. Пацярпелі і дробныя прадпрымальнікі і іх пакупнікі”.

Мы збіраемся з'язджаць зь Беларусі, заяўляе наступная прадпрымальніца. У такіх умовах, якія склаліся пасля 222-га ўказу, лічыць яна, працаваць не магчыма.

“Мы прадаём тое, што ёсць. Нічога больш не прывозім. Усё распрадаём, каб пазбыцца тавару. Плануем перабрацца ў Расею і не абавязкова індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Тут людзі збяднелі ушчэнт. Нашых пакупнікоў пазбавілі выбару: дзе ім адзявацца і абувацца? Ім патрэбны абутак за 250-300 тысяч, а дзе цяпер такі тавар узяць. За мільён рублёў з заробкам у два мільёны мала хто купіць абутак”, — зазначае суразмоўніца.

Паводле яе, прэзідэнцкі ўказ быў патрэбны невялікай групе людзей, якія, як яна выказваецца, “хацелі наесца”. Улада дробных бізнесоўцаў, зазначае суразмоўніца, не захацела слухаць, і вялікую пласт актыўных людзей апынуўся на мяжы выжывання.

“У мяне было два месцы для гандлю. Ад аднаго я адмовілася. Маючы выручку за адну прададзеную пару абутку, месца не ўтрымаеш. Людзі ж абяднелі. Многія мясцовыя гандляры тут працуюць, пакуль не знойдуць сабе іншага занятку. Многія ў Бабруйску жывуць гэтак: “Муж у заробках у Расеі, а жонка тут глядзіць дзяцей”. Моладзь са здольнасцямі з'едзе адсюль. Перспектываў тут ніякіх”, — прагназуе прадпрымальніца.

Вонкава бальшыня гандляроў на бабруйскім рынку — жанчыны. Пытанне, зь якім настроем сустрэнуць сёлета Міжнародны жаночы дзень, успрымалася гандляркамі, як зьдзек. “Плачучы, бо такога ніколі не было яшчэ, каб пакупнікоў не было і праблемы з усіх бакоў”, — не хавалі жанчыны.

Гандляры-мужчыны да сітуацыі на рынку і продажу тавару ставіліся менш эмацыйна, чым жанчыны, але гэтак жа асуджана.

“Жыццё наша дало расколіну і стала падобнае на Беларусь”, — іранічна ахарактарызаваў сітуацыю з дробнымі прадпрымальнікамі адзін з гандляроў.

“У Беларусі сярэдні заробак блізу пяці мільёнаў. А ў рэальнасці ў Бабруйску ён не дацягвае да трох. Улады, калі вылічваюць сярэдні заробак простага чалавека, дадаюць да яго чыноўніцкі і выходзіць: чыноўнікі ядуць мяса, а мы, просты люд, — капусту, а разам ядзім галубцы”, — вобразна перадаў сваё разуменне, як чыноўнікі ставяцца да патрэбаў простых людзей, суразмоўца.

Пытанне ж ня толькі ў 222-ім указе, выказаў меркаванне яшчэ адзін бізнесовец. “ У нас такая палітыка дзяржавы”, — зазначыў ён.

“Аляксандр Рыгоравіч умысля, ці не, робіць усё, каб людзі станавіліся рабамі. Працавалі задарма. Усё, што ёсць у людзей, дзяржава намагаецца забраць. Не дае жыцця. Гэта ж ня толькі тычыцца прадпрымальнікаў на рынках. Такая сітуацыя паўсюдна. У любым бізнесе ёсць свой 222-гі ўказ, — даводзіць суразмоўца. — Вы на Цэнтральным рынку Бабруйска знаходзіцеся. Звярніце увагу: пакупнікоў амаль няма. Нават харчы і тыя мала купляюць цяпер. У людзей няма грошаў”.


  • Эх, Высоцкого только вспомнить: На душе моей гадостно И живу я безрадостно... В сущности, смешного очень мало. Да и во всех этих экономических вопросах полный разнобой индивидуальных суждений, сводящийся в конце концов к старой истине "сытый голодного не разумеет". Этот слоган нынче и можно вознести на щит белорусской государственности.