Сяргей Бароўскi: мы гулялі з душой

З Бароўскiм я знаёмiлася двойчы. Гадоў некалькi назад у грамадскiм транспарце да мяне падсеў мужчына. Ён прадставiўся: Сяргей Бароўскi, былы iгрок мiнскага "Дынама", чэмпiён Саюза. Даведаўшыся, што я працую ў газеце, прапанаваў даць iнтэрв’ю. Я з радасцю згадзiлася: з чэмпiёнамi не кожны дзень сустракаешся ў транспарце. I вось мы сядзiм на лавачцы. Мужчына пацягвае з бутэлькi пiва (купленае мною па яго просьбе) i расказвае, расказвае: адна касета ў дыктафоне закончылася, устаўляю другую — размова цiкавая атрымлiваецца.

Нарэшце задаю пытанне: якiя ў яго будуць першыя крокi як трэнера зборнай (С.Бароўскi ў тыя днi толькi ўзначалiў Нацыянальную каманду Беларусi)?

— Якой зборнай? — у мужчыны забегалi вочы.

I тут я ўсё зразумела. На розыгрыш пападаюцца i журналiсты. Нейкi балельшчык са стажам, у якога ўнутры ўсё гарэла, захацеў наталiць смагу дармавым пiўком — тут я i падвярнулася. А пасля было ўжо позна — пiўко (дзве бутэлькi) было выпiта. I смех, i грэх, як кажуць. Iнтэрв’ю ж у сапраўднага Сяргея Бароўскага я ўзяла крыху пазней. Напярэдаднi юбiлею перамогi мiнскага "Дынама" мы сустрэлiся зноў.

— Сяргей Уладзiмiравiч, успамiнаеце тыя днi?

— З задавальненнем гляджу вiдэакасету "У атацы ўся каманда", якая здымалася па гарачых слядах, у 1982 годзе. Усе ўспамiны пра "Дынама-1982" — самыя цёплыя, паўтарыць гэта ўсё немагчыма. Калi сустракаемся з хлопцамi, успамiнаем усё самае добрае, нi да кога няма нiякiх прэтэнзiй, толькi ўдзячнасць, што былi разам, у адной камандзе — камандзе, якая дасягнула вельмi высокага вынiку. Паверце, правiнцыi, а тады ўсе гарады, акрамя Масквы, Ленiнграда i Кiева, лiчылiся правiнцыяльнымi, зрабiць гэта было няпроста.

— Якi дух тады панаваў у "Дынама"?

— Вы, можа, здзiвiцеся, але гэта быў дух бесшабашнасцi. Да пачатку 1982 года мы пакрысе наблiзiлiся да страшэннай самааддачы, бескампрамiснай барацьбы — i нiякай боязi перад сапернiкам. У Кiеве нам забiваюць гол — Пудзiк (капiтан каманды Юрый Пудышаў) крычыць: "Нiчога, хлопцы, мы iм заб’ём два!". Так i было. Гэта была каманда, якая нiкога не баялася, каманда, у якой не было комплексаў. Iнакш мы не змаглi б вытрымаць тую вар’яцкую гонку.

— Малафееў калiсьцi пра вас сказаў: "Бароўскi сфармiраваўся як футбалiст, але свой патэнцыял так i не скарыстаў да канца"...

— Дзесьцi ён меў рацыю. Сапраўды, я не дабiўся ўсяго таго, на што быў здольны. Бароўскi-футбалiст быў калектыўным iграком. Iнтарэсы каманды ён ставiў вышэй за свае. Я не мог дапусцiць памылкi, якая магла б паўплываць на лёс матча. Лiбера — iгрок без права на памылку.

— 20 гадоў назад, 19 лiстапада 1982 года, у самым адказным матчы ногi не дрыжалi?

— Не было калi iм дрыжаць. Мы верылi ў перамогу. Iнакш не трэба было выходзiць на поле. Выйгралi — усё правiльна зрабiлi. Нас не цiкавiла тады, якi лiк будзе. Галоўнае — перамагчы. Калi лiк стаў 4:1 — каманда спынiлася ў чаканнi фiнальнага свiстка. Калi ж спартакаўцы забiлi яшчэ два мячы, мы зноў сталi рабiць тое, што трэба рабiць на полi.

— I як вы сустрэлi перамогу?

— Абдымалiся, хтосьцi плакаў, хтосьцi смяяўся.

— Напэўна, мора шампанскага было?

— Я не сказаў бы, што мора, нават не было з чаго яго пiць — калi б уручаўся Кубак, налiлi б шампанскага туды, а так шклянку налiлi — выпiў. Па дарозе ў раздзявальню качалi трэнера, на хаду iнтэрв’ю раздавалi. Па дарозе дамоў, у поездзе, песнi спявалi.

— Якiя?

— "Дзень Перамогi".

— Праваднiкi не палохалiся?

— Яны ведалi, з кiм едуць. На пероне вакзала ў Мiнску — натоўп балельшчыкаў, аркестр, кветкi. Праўда, машынiст поезда спынiўся не там, дзе звычайна, а наўмысна спынiў наш вагон у месцы скаплення балельшчыкаў. Вось так i прадзiралiся скрозь iх да аўтобуса. Радасцi было! Нават бабулькi, калi ехалi ў трамваi з Камароўкi, i то казалi адна адной: "Ты ведаеш, нашы чэмпiёнамi сталi".

— Калi вам лепш жылося: у той час цi цяпер?

— Нешта — цяпер лепшае, а нешта — было ў той час. Любы чалавек, калi ў яго душы цяпло — яму добра жыць. Гэта не залежыць ад таго, пры сацыялiзме ён жыве цi пры капiталiзме, у галечы цi ў багаццi.

— Вы назвалi б сябе "новым беларусам"?

— Не, я не так выхаваны, не змог бы, я не ўмею падманваць. Вiла, БМВ, ахова — можа, гэта i добра, але трэба зарабiць усё гэта сумленнай працай, тады можна адчуць задавальненне. Чалавек павiнен адчуваць душэўны камфорт, а не спаць з зараджаным пiсталетам пад падушкай. Вось чаму да гэтага часу я езджу на цешчынай "капейцы".

— Узорны вадзiцель?

— Чым больш жывеш, тым больш становiшся ўзорным. Да гэтага часу старыя ДАIшнiкi, калi спыняюць мой аўтамабiль, мяне пазнаюць: "О, Сяргей! Едзь далей!". А што датычыць "БМВ", то асабiстая раскоша не павiнна нанесцi шкоды сям’i ў цэлым, родным, блiзкiм. Футбалiсты — гэта людзi, якiя павiнны былi нечым ахвяраваць. Iнакш нельга. Памятаю, быў выпадак, калi я набраў лiшнюю вагу, няшмат, усяго паўтара кiлаграма, але на полi ад гэтага быў анучай. Тады я сказаў сабе: "Ты не маеш права на такую вагу". Зганяў як мог: менш еў, на трэнiроўкi апранаў шарсцяную футболку, каб больш пацець. Дабiўся свайго.

— А чым вы харчавалiся на базе — дранiкi, пельменi?

— Хатняй кухняй ласавалiся хiба што ў час водпуску. На базе ў нас былi добрыя повары, камандзе выдзялялiся неабходныя прадукты. Раз у месяц повар ездзiў атаварвацца: маскоўскую шыйку, салямi не так проста было купiць у савецкiя часы. Уся рэспублiка працавала на каманду. Без чаргi маглi набыць машыны, кватэры.

— Цi позна ажанiлiся?

— У 21 год. Жыццё футбалiста няпростае. Гуляеш — атрымлiваеш адну зарплату, закончыў гуляць — iншыя грошы, частыя раз’езды — не кожная сям’я гэта вытрымае, у кожнага свой лёс.

— Грошы многае ў жыццi вызначаюць?

— Усё залежыць ад чалавека, ад абстаноўкi. Скажам, такi футбалiст, як Зарэмба, лiчыцца вялiкiм iграком, але якi ён мае статус у нашым сённяшнiм грамадстве? Гэта за мяжой спартсмен, дасягнуўшы такiх вынiкаў, забяспечвае сябе да канца сваiх дзён, а ў нас не заўсёды ўдаецца настроiцца на iншую сферу дзейнасцi. Не ўсё так проста. У нас тады не было завоблачных акладаў i завоблачных прэмiяльных. Што належала — тое i атрымлiвалi. Гулялi з душой: а "слабо" абыграць Тбiлiсi? Давай! Было цiкава.