Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Вокруг «Погони» и «девки с распущенными волосами» может разгореться судебный спор
    Владимир Круковский намерен подать иск в Верховный суд на «Кнігазбор» за изображение девушки-наездницы на обложке...
  2. Жители Беларуси любовались северным сиянием
    Уникальное метеорологическое явление наблюдали в нашей стране этой ночью…


Общество

Беларускай грамадзянскай супольнасці ёсць чаму павучыцца ва Ўкраіне


Пасля Майдану, як трапна заўважыла намесніца выканаўчага дырэктара адной з найбольш уплывовых украінскіх недзяржаўных арганізацый (НДА) фонд “Адраджэнне” Іна Підлуская, ва ўкраінскіх НДА з’явіўся “рэдкі шанец”, якім было грэх не скарыстацца. Гэты шанец звязаны з пазбаўленнем ад апатычнага стаўлення да палітыкі шматлікіх украінцаў, якія ўцягнуліся ў вір драматычных падзей узімку 2014-га і цягам наступных месяцаў. Цяпер, паводле Іны, грамадзянская супольнасць Украіны “моцная як ніколі”. Як украінскія НДА здолелі скарыстацца гэтым шанцам і ці апынуліся ядомымі плады рэвалюцыі?



Напярэдадні датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне здзіўляла энергічнасць актывістаў грамадзянскай супольнасці: ад незалежных назіральнікаў за выбарамі, што ў вольны час перадавалі на ўсходні фронт амуніцыю для ўкраінскага войска, да маладых піяршчыц з руху “Чэсна”, якіх называлі “чорнымі кардыналамі ўкраінскай палітыкі”.

Прайшоўшы гарніла Майдану, большасць з іх, не адкладваючы справу на доўгі час, узялася за новыя, куды больш значныя рэчы: адбудову “новай дзяржавы”. Цяпер гэтыя арганізацыі граюць значную ролю ў забеспячэнні справаздачнасці дзяржаўных інстытуцый, яны ўцягваюць украінцаў у грамадскія падзеі, а таксама займаюцца падтрымкай дэмакратычных рэформаў. Калі казаць прасцей, то постмайданаўскія НДА заахвочваюць украінцаў адарвацца ад штодзённай руціннай працы, дому і шопінгу і задумацца, у якім грамадстве і краіне яны жадаюць жыць.

Вядома, існы бум актыўнасці ўкраінскай грамадзянскай супольнасці — з’ява, якая не паўстала сама сабой. НДА дзейнічалі і да Майдана. Цяперашні бум мае глыбокія карані, але найбольшую цікаўнасць уяўляе новае пакаленне крэатыўных арганізацый, якія здолелі скарыстацца момантам і пачаць максімальна ўздзейнічаць на працэс прыняцця рашэнняў.


Беларусь: галоўнае не ўздымаць палітычныя пытанні?

Вядома, у Беларусі ўмовы дзейнасці НДА значна адрозніваюцца. Нават працэс рэгістрацыі новай ініцыятывы застаецца “адным з найбольш складаных” на постсавецкай прасторы. Але такіх цяжкасцяў часткова можна пазбегнуць, “пагуляўшыся” з юрыдычнымі азначэннямі і заснаваўшы, да прыкладу, не “грамадскае аб’яднанне”, а “інстытут”. Зрэшты, апошні ліквідаваць лягчэй.

Яшчэ адзін з метадаў сыходу ад нежаданых наступстваў — рэгістрацыя за мяжой. Паводле класіфікацыі Юрыя Чавусава, большасць з беларускіх арганізацый падобнага лёсу робіць гэта дзеля атрымання легальнага статусу, каб вырашаць праблемы замежнага фінансавання і ажыццяўляць актыўнасці, якія немагчымыя ў Беларусі.

Тым не менш, нягледзячы на ўсе перашкоды, амаль дзве з пловай тысячы НДА былі зарэгістраваныя ў Беларусі (па дадзеных на пачатак 2013 году). Вядома, многія з іх непасрэдна звязаныя з дзяржавай (як, напрыклад, БРСМ). Але ёсць і тыя, чыё жаданне дзейнічаць у Беларусі мацнейшае за дзяржаўныя бар’еры. Акрамя гэтага, павестка дня такіх арганізацый найчасцей не выклікае неадкладнага імпульсу з боку дзяржавы спыніць іх дзейнасць.

Калі прыгледзецца да спісу “10 галоўных дасягненняў беларускай грамадзянскай супольнасці ў 2013 годзе”, складзеным Belarus Digest паводле матэрыялаў Pact, можна заўважыць адну тэндэнцыю: амаль палова з узгаданых дзеянняў/дасягненняў вылучаліся крэатыўным і нестандартным падыходам да даволі звычайных праблем.

Самы яскравы прыклад (які названы “беларусізацыяй” году) — курсы “Мова ці кава”, дзейнасць якіх звязаная не толькі з моўнай, але і з грамадзянскай адукацыяй. Робіцца гэта праз запрашэнне арганізатарамі носьбітаў беларускай мовы, чымсьці заўважаных у сваёй сферы. І вельмі часта іх дзейнасць так ці інакш звязаная з грамадскім актывізмам.

Іншы прыкметны крэатыўны праект ТОПа — цэлы рух за змену гарадскога асяродку Must Act!, які задаўся мэтай змяніць выгляд нашых гарадоў праз далучэнне да працэсу вулічных мастакоў. І ў апошніх гэта нядрэнна атрымліваецца. Да таго моманту пакуль з-пад стрыт-артэрскага пэндзля не выходзіць нешта палітычнае, напрыклад, партрэт Васіля Быкава. 

Аднак многія іншыя адзначаныя арганізацыі дзейнічаюць больш праверанымі метадамі і вядомыя, бадай, толькі вузкаму колу спецыялістаў (што, канешне, не адмаўляе важнасці іхняй працы). Галоўнае, што аб’ядноўвае ўсе прыведзеныя ў ТОПе ініцыятывы: ніхто з іх не паглыбляўся ў багну беларускай палітыкі настолькі, каб адчуць прэсінг з боку дзяржавы (хаця і тут ёсць выключэнні).

Прынамсі, гэта справядліва для зарэгістраваных як НДА ініцыятываў. З’ява гэта даволі характэрная для аўтарытарных рэжымаў. Гэта тычыцца не толькі тэрыторыі СНД.

Іншая рэч — шматлікія ўкраінскія НДА. Камусьці можа падацца, што іх колькасць і ўплыў выраслі ў Кіеве як грыбы пасля дажджу. Аднак гэта можа быць справядлівым толькі часткова: калі дождж (Майдан) прыйшоў і заліў мінулую ўладу, грыбніца ўжо даўно была добра падрыхтаваная сотнямі руплівых актывістаў.


Рамантыка і самаарганізацыя

Палітра грамадскіх ініцыятываў, якія з’явіліся ва Украіне па выніках рэвалюцыі, уражвае. Нехта з іх натхнёны неабходнасцю пошукаў новых магчымасцяў кантролю і ўплыву за новымі ж уладамі: некалькі маладых людзей у самым сэрцы старога корпусу Кіева-Магілянскай акадэміі сабралі вакол сябе дзясяткі праграмістаў, якія працуюць над шматмільённым (у далярах) праектам укаранення ва ўкраінскую палітыку “электроннай дэмакратыі”. Іншыя актыўна развіваюць валанторскую сетку па ўсёй краіне, каб яна “магла мабілізавацца цягам сутак у выпадку ўзнікнення неабходнасці”.

Вядома, усе ініцыятывы не пазбаўленыя пэўнага рамантызму. Але акрамя гэтага, відавочна, што Майдан надаў неверагодны энергетычны імпульс, які даў магчымасць развівацца многім грамадскім арганізацыям адразу пасля сканчэння вулічнай фазы супрацьстаяння. Звычайныя людзі, якія апынуліся на Майдане і далучыліся да той ці іншай нефармалізаванай ініцыятывы, адчулі, што значыць самаарганізоўвацца і браць удзел у важнай справе.

Дзяржава гэтаму не толькі не перашкаджае, але і вымушаная ісці на саступкі. Як, напрыклад, у выпадку ініцыятывы пад назовам Рэанімацыйны пакт рэформаў (РПР). Гэта супольнасць некалькіх дзясяткаў НДА і соцень экспертаў, якія працуюць над рэалізацыяй ва Украіне сур’ёзных рэформаў. Сярод значных перамогаў — судовая рэформа і рэформа сістэмы адукацыі.


Як прыцягнуць людзей?

За ростам украінскіх недзяржаўных ініцыятываў хаваецца няспынны рост прыбыткаў сярэдняга классу. Гэтая частка грамадства, адказная перад сабой і сваёй сям’ёй за будучыню, падзяляе жаданне актывістаў забяспечыць кантроль за новай уладаю.

Амаль усе НДА так ці інакш прыцягваюць да сваёй дзейнасці звычайных грамадзян, найчасцей праз інтэрнэт. Яны сапраўды карыстаюцца магчымасцямі і схільнасцю да самаараганізацыі, якую адкрыў Майдан. Напрыклад, Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў падкрэслівае значны рост самаарганізацыі жыхароў гарадоў пры ахове сваіх дамоў і кварталаў узімку 2014-га. Некаторых з такіх актывістаў арганізацыя пасля здолела прыцягнуць да сябе.

Адной з матывацый больш актыўнага далучэння да грамадзянскай супольнасці звычайных грамадзян актывісты бачаць у тым ліку ў жаданні папярэдзіць паўтор падзей Майдану:

“Людзі зразумелі, што крытычна важна ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах жыцця грамадства, каб не даводзіць сітуацыю ў краіне да таго, калі адзіным выхадам з'яўляецца пратэст на Майдане”, — кажа Аляксандра Раманцова з Цэнтру грамадзянскіх свабодаў. Цэнтр арганізуе назіранне за судовай сістэмай, якая, на думку актывістаў, надта часта выносіць незаконныя рашэнні.

Усе найбольш заўважныя цяпер грамадзянскія ініцыятывы Кіева, што заявілі пра сябе пасля Майдану, так ці інакш далучаюць да сваёй працы валантораў.

“Калі адбываўся Майдан, усе сталі шукаць, куды далучыцца, таму што ў людзей было жаданне дапамагчы і паспрыяць гэтаму, зыходзячы з здольнасцяў кожнага”, — кажа Аляксандра Раманцова. Тады, па словах актывісткі, найбольш эфектыўным спосабам мабілізацыі людзей выступаў Фэйсбук.

Пасля Майдану многія ўкраінцы прачнуліся ў новай краіне. Як заўважыў адзін з актывістаў у дзень, калі Віктар Януковіч пакінуў краіну ў накірунку Расіі, “мы прыйшлі на Майдан у пошуках Еўропы, а знайшлі Украіну”

Пасля Майдану многія арганізацыі, такія як “Грамадскі сектар”, здолелі далучыць да сваёй дзейнасці былых пратэстоўцаў. Да прыкладу, у Цэнтра грамадзянскіх свабодаў цяпер па шэсць гадзін у дзень працуе гарачая лінія, у якой бяруць удзел 10 валанцёраў.

Валанторства становіцца ўсё больш папулярным заняткам ва Украіне. Яно патроху замяняе сабой звычайны для Украіны метад выхаду палітычных эмоцый — пратэст.

“Рэвалюцыя, кактэйлі Молатава і іншыя інструменты радыкалаў не ёсць рашэннем грамадскіх праблем цывілізаваным шляхам”, — кажа Людміла Янкіна з Цэнтру інавацыйнага развіцця пры Кіева­Магілянскай акадэміі. Яе каманда пры ўдзеле выпускнікоў універсітэту прапануе больш цывілізаваную альтэрнатыву вулічным пратэстам у выглядзе “інструмента электроннай дэмакратыі”, які ў Цэнтры называюць “камунікацыей ў прававой форме”.

Аднак найчасцей постмайданаўскія ўкраінскія НДА імкнуцца карыстацца ўжо апрабаванымі інструментамі, якія б дапамагалі дамагчыся пэўных мэтаў (ад класічнага лабіравання да стварэння нізак дакументальных фільмаў), а не ствараць новыя. Актуальнымі застаюцца вопыт і мадэлі лепшых замежных праектаў. Напрыклад, рух “Чэсна” паспяхова запусціў сайт, аналагічны брытанскаму What Do They Know аб доступе да дзяржаўнай інфармацыі.

Аднак карысць ад гэтай мадэлі ўкраінцы адчулі толькі пасля ўступлення ў дзеянне закону аб доступе да публічнай інфармацыі. Яго два гады, яшчэ ў часы Януковіча, лабіравалі прадстаўнікі руху, які ўваходзяць у партнёрства “Новы грамадзянін”.

Гэта арганізацыя была створаная ў 2009 годзе. Тады яна ставіла мэту “каардынацыі намаганняў грамадскіх актывістаў і экспертаў у распрацоўцы і прасоўванні істотных зменаў ва Украіне”. Цяпер “Новы грамадзянін” аб’ядноўвае болей за 50 украінскіх грамадскіх арганізацый, большасць з якіх дзейнічалі яшчэ да рэвалюцыі і працягваюць працу і цяпер. Нехта — у новым маштабе, аднак нязменна актыўна і мэтанакіравана.

З 2009 года шмат вады сплыло, але вялікая колькасць істотных зменаў яшчэ чакаюць Украіну. Да прыкладу, чальцы руху “Чэсна” лічаць, што пастаўленыя задачы не выкананыя і краіне патрэбна поўная люстрацыя: сярод парламентарыяў, чынавенства, судовага апарату.

Прадстаўнікі “Рэанімацыйнага пакету рэформ” (РПР) маюць запыты троху меншых маштабаў, але, нягледзячы на перамогу ў прыняцці прапанаваных імі рэформаў, спыняцца не збіраюцца і нязменна ўпарта адстойваюць неабходнасць антыкарупцыйнай і падатковай рэформаў, а таксама дэцэнтралізацыі дзяржавы.

Паводле прадстаўніцы РПР Наталлі Сакаленка, менавіта гэтыя “галаўныя болі” змусілі ў свой час выйсці людзей на вуліцы — у Кіеве і па ўсёй Украіне. 

Новыя НДА ва Украіне маюць тое, чаго звычайна не хапае ўладам: давер лакальных кам’юніці і разуменне таго, што варта рабіць у грамадзянскай сферы.

Гэтак, у 2013 годзе грамадскім арганізацыям ва Украіне ў сярэднім давярала 39,5% рэспандэнтаў. Пра стан даверу ў Беларусі казаць складаней з-за абмежаванасці даследаванняў гэтай тэмы. Апошняя інфармацыя па усім сектарам, аднак, дэманструе, што большасць недзяржаўных грамадскіх інстытутаў нашай краіны, паводле апошніх дадзеных НІСЭПД, пакуль не могуць пахваліцца падобным узроўнем даверу.

Выглядае, што адным з галоўных урокаў з цяперашніх падзей у Кіеве для беларускай грамадзянскай супольнасці можа стаць разуменне таго, што ў пэўны момант патэнцыял і веды для значнага пашырэння дзейнасці НДА могуць спатрэбіцца ў любы момант. І хаця гэты момант прадугледзець амаль немагчыма, працаваць і рыхтавацца да яго варта ўжо цяпер.

Менавіта гісторыі узнікнення ініцыятыў, выніках дзейнасці грамадзянскай супольнасці і інфармаванню пра украінскія рэаліі і будзе прысвечаны шэраг сустрэч 21-24 ліпеня з прадстаўнікамі многіх прыгаданых вышэй арганізацый у межах праекту “У краіне ідэй”. Наўпроставую трансляцыю з Кіева будзе ажыццяўляць сайт Naviny.by.



Оценить материал:
Средний балл - 3.82 (всего оценок: 11)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Вельми павучальна. Прасраць Крым и развязаць вайну на паудневым усходзе краины.
  • СПАСИБО ЗА ОПЫТ - НИЩЕТУ И ВОЙНУ. ВПЕРЕДИ ЗИМА.