«Калі папа Францыск патэлефануе, будзем размаўляць пра мастацтва»

Навіна пра дзяўчыну з плакатам разляцелася па свеце, і зараз Яна Шостак атрымлівае СМС і званкі ад людзей з розных краін. Naviny.by таксама патэлефанавалі.

31 ліпеня ўраджэнка Гродна Яна Шостак папрасіла папу рымскага Францыска патэлефанаваць ёй. Сваю просьбу дзяўчына перадала праз транспарант, які падняла на сустрэчы пантыфіка з валанцёрамі Сусветных дзён моладзі ў Кракаве.

Навіна пра Яну разляцелася па свеце, і зараз дзяўчына атрымлівае СМС і званкі ад людзей з розных краін. Naviny.by таксама патэлефанавалі Яне і распыталі пра яе ўчынак.

Яна Шостак пяты год жыве ў Польшчы, адначасова вучыцца ў Кракаўскай і Варшаўскай акадэміях мастацтва па напрамку «новыя медыя». У Сусветных днях моладзі ў Кракаве яна ўдзельнічала ў якасці валанцёра, а свой зварот да пантыфіка назвала артыстычнай акцыяй.

Папа Францыск Яне пакуль не тэлефанаваў, але ж дзяўчына не губляе надзею.

«Беручы пад увагу тое, што ён вельмі просты і незамкнёны чалавек да ўсіх, то вельмі верагодна (што патэлефануе — Naviny.by.), толькі не ведаю калі», — кажа дзяўчына.

Зараз да Яны звяртаюцца людзі з розных краін, нехта з іх тэлефануе дзяўчыне, але часцей дасылаюць паведамленні — з Германіі, Швейцарыі, Англіі, а большасць — з Польшчы. Калі навіна дайшла да беларускіх СМІ, да Яны пачалі звяртацца і беларусы.

У першы дзень дзяўчына атрымала каля 20 СМС, пасля — 5-10 штодзень, тэлефануюць не так часта — да пяці чалавек ў дзень.

«Тэлефануюць як сёстры законныя, ксяндзы, так і звычайныя людзі, неверуючыя — усе, карацей кажучы», — распавядае Яна.

Па яе словах, людзі спадзяюцца, што пантыфік ёй усё ж патэлефануе, просяць перадаць, што «мы яго любім».

«Шмат СМС-ак тыпу: «Я, канечне, не папа Францішак, але таксама разам з табой чакаю тэлефанавання», — расказала дзяўчына.

«Таксама ёсць адзін паклоннік, які кожны дзень турбуе і піша: «Як там справы?», «Як там вечар, сонейка?» і гэтак далей», — расказвае Яна. Суразмоўцу яна тактоўна адказвае, што чакае званка ад папы рымскага.

Часам тэлефануюць жартаўнікі, але Яна з самага пачатку была гатовая да такого кантынгента і разумее адказнасць, звязаную з тым, што яна публічна паказвала свой нумар тэлефона.

«У маіх двух школах вучаць таму, што сучасны мастак мусіць быць адказным за тое, што ён робіць перад людзьмі», — тлумачыць Яна.

Яе апошнія працы тычыліся тэмы псіхалогіі натоўпу, і зараз ёй таксама было цікава, як людзі адрэагуюць на акцыю з нумарам тэлефона.

Да размовы з пантыфікам дзяўчына ўжо падрыхтаваная, але прызнаецца, што званок яе ўсё адно шакуе.

«З папай я хацела б размаўляць пра тое, якім чынам сучаснае мастацтва можа ўздзейнічаць, супрацоўнічаць разам з абшарам рэлігіі. Францішак хоча паказаць, што Касцёл ідзе ў нагу з часам, таксама мае твітэр, інстаграм і піша пасты, мне падаецца, што таксама можна было б выкарыстоўваць і сучаснае мастацтва».

Па словах Яны, супрацоўніцтва сучаснага мастацтва з Касцёлам зараз больш рэдкасць чым штодзённасць.

«Я ведаю толькі некалькі такіх прыкладаў, і тое з нагоды, напрыклад, біенале мастацтва ў Венецыі, — кажа яна. — Заходзячы ў касцёл, мы толькі бачым іконапісы, абразы рэалістычныя і ўсё на далоні».

Некаторыя людзі лічаць, што калі сучаснае мастацтва прыдзе ў касцёл, то гэта будзе канец касцёла, расказвае Яна, але сама дзяўчына лічыць, што гэта можа, наадварот, палепшыць сітуацыю.

«У сучасным мастацтве, канечне, як паўсюль, у кожнай галіне жыцця, ёсць і добрыя рэчы, ёсць і злыя. Мы прыходзім у краму, і хтосьці любіць смятану 12%, хтосьці — 36%, а хтосьці ўвогуле яе не любіць і бярэ маянэз. Таму мне падаецца, што гэта пытанне густу.

Адзіны край, дзе я бачыла, што простыя людзі насамрэч адчыненыя на тое, што сучаснае мастацтва можа быць паўсюль, з усім узаемадзейнічаць, быць каталізатарам, які дае ежу для думак — гэта Цурых ў Швейцарыі.

Там я ўдзельнічала ў біенале мастацтва, і яго галоўнай тэмай было супрацоўніцтва мастака з не мастаком. Мая сяброўка супрацоўнічала з нейрабіёлагам, іншыя людзі — з дантыстамі, з баксёрамі, таксама адзін мастак супрацоўнічаў з пастарам з касцёла. Эфекты гэтага былі вельмі цікавыя, і мяне прыемна здзівіла, што людзі, якія праходзяць па вуліцы і кажуць, што не разумеюць сучаснае мастацтва, пазітыўна ставяцца да яго, не адкідваюць яго, разумеюць, што ёсць і дрэнныя рэчы, а ёсць і добрыя».

На пытанне, ці ёсць ў яе канкрэтныя прапановы для папы рымскага, дзяўчына кажа, што марыць арганізаваць сустрэчу з удзелам прадстаўнікоў сучасных сфер мастацтва і Касцёла, дзе можна было б наладзіць сувязь паміж імі.

Дзяўчына хоча, каб у Беларусі таксама змянілася стаўленне да сучаснага мастацтва.

«Канечне, я мару вярнуцца ў Беларусь, змяніць наш погляд на сучаснае мастацтва, — кажа яна. — Мне падаецца, сучаснае мастацтва мае вялікую сілу і можа паўплываць не только на сферу мастацтва, але і на сферу рэлігіі, палітыкі, навукі, псіхалогіі, рэкламы — ўсяго паўсюль».


  • А калi Папа не патэлефануе, то не будзем размауляць нi пра якое мастацтва. Вось такiе у нас зараз сьвядомыя дзяучынкi. Без Папы а нi куды.
  • А калi Папа не патэлефануе, то не будзем размауляць нi пра якое мастацтва. Вось такiе у нас зараз сьвядомыя дзяучынкi. Без Папы а нi куды.
  • А калi Папа не патэлефануе, то не будзем размауляць нi пра якое мастацтва. Вось такiе у нас зараз сьвядомыя дзяучынкi. Без Папы а нi куды.