Уладзімір Падгол. ПАМІЖ РАДКОЎ. Калі будзе ліквідаваны БНФ?

Уладзімір ПАДГОЛ

Уладзімір ПАДГОЛ

Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў.

На шматлікіх сайтах вісела і зараз вісіць інфармацыя пра тое, што дэпутат Дзярждумы выступіў за прызнанне БНФ і “Маладога фронту” ў Расіі нехарошымі арганізацыямі.

А я больш таго хачу ліквідаваць БНФ ў Беларусі. І вось па якіх прычынах.

Па-першае, мэта чальцоў гэтай арганізацыі — скасаваць Саюзную дзяржаву Расія-Беларусь — дасягнутая. Канстытуцыя зноў стала Асноўным законам, а антыканстытуцыйны закон парламанта аб утварэнні саюзнай дзяржавы ліквідаваны. Яго ініцыятары і тыя, хто галасаваў за яго — арыштаваныя за канстытуцыйны пераварот.

Беларусь зноў стала Суверэннай і Незалежнай дзяржавай.

Мяжа Беларусі з Расіяй стала паўнавартаснай, як з Эўразьвязам. На ёй уведзены татальны наркакантроль, кантроль за перасоўваннем зброі і выбуховых рэчываў. Ніякія гандляры жывым таварам ня могуць правесці сэкс-рабынь.

Лясы перапаханы, палі ўзараны, калючы дрот і сетка рабіца нацягнута: расійскія дзікі ня могуць прынесці нашым парсюкам і кнырам афрыканскую чуму і сібірскую язву.

Па-другое, Беларусь выйшла з АДКБ. Цяпер ніякія бурацкія танкісты ня змогуць прыехаць у Мінск на плошчу, каб усталёўваць тут “русский мир”. І нашых хлопцаў не пашлюць на таджыцка-аўганскую мяжу, каб лавіць наркакур’ераў і гінуць у перастрэлках з талібамі.

Па-трэцяе, Беларусь выйшла з Эўразійскага эканамічнага зьвязу, усталявала нулявыя мыты на заходнія легкавыя аўто, вярнула сабе газаправод. І качае газ з польскіх радовішчаў сланцавага газу, які значна танней расійскага.

Мы пачалі пакрокавыя рэформы і змены ў заканадаўстве, каб выканаць нормы па ўступленню ў Эўразьвяз.

Выбары ў Беларусі сталі такімі ж як ў Польшчы і Літве. Прэзыдэнт абіраецца празрыста пры наяўнасці ў ва ўсіх выбарчых камісыях прадстаўнікоў усіх кандыдатаў у прэзыдэнты. На час выбараў у Беларусь забаронены ўезд усіх палітыкаў з Расіі і агентаў ФСБ, якія працуюць пад прыкрыццём бізнес-структураў.

Былыя чальцы БНФ працуюць у ворганах дзяржбяспекі, выяўляючы гэтых агентаў. А былы чалец БНФ — на пасадзе прэзыдэнта і праводзіць чарговыя выбары ў парламант па ўсіх канонах АБСЕ і Эўразьвязу.

Мы атрымалі крэдыт на рэформы 500 млрд даляраў па праграме Маршала-2. На ўсе заводы прыйшлі лепшыя бізнесоўцы свету з краінаў ЭЗ, ЗША, Японіі и азіяцкіх тыграў.

Ну і гэтах далей.

Вось у такім выпадку я за ліквідацыю БНФ. А “Малады фронт” хай покуль пабудзе. Ягоныя сябры будуць у апазыцыі да чальцоў былога БНФ і будуць пільна сачыць за выкананнем праграмы Адраджэння Незалежнасці і дэмакратычых рэформаў, ды рыхтаваць новае пакаленне адданых Беларусі патрыётаў.

Так што заклікаю ўсіх, хто жадае як мага хутчэй ліквідаваць БНФ, аб’яднацца для выканання іхнай праграмы. Усе на ліквідацыю БНФ метадам рэалізацыі іх праграмы!

Мы — пакаленне тых, чыі бацькі і дзяды разграмілі гітлераўскі фашызм, мы — пакаленне тых, хто перамог дыктатара і ягоных паслугачоў, мусім жыць лепш, чым жывуць немцы ў Германіі, і будзем жыць лепш, калі дасягнем мэтаў БНФ.

І тады хай сябры БНФ нясуць у музей дзяржаўнасці свае экспанаты. 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.