Выбары ў пасёлку Ялізава: сумны канцэрт

«Пакуль у нас дэпутаты прымаюць бюджэт за 50 хвілінаў, то спадзеву на паляпшэнне жыцця няшмат».

«Людзі адсюль выязджаюць, бо няма працы. Завод стаіць», – гэтак кажуць пра сваё жыццё жыхары пасёлка Ялізава, што на Магілёўшчыне. У тое, што сітуацыю выправяць абраныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, пасялкоўцы ня вераць, але ўсё адно ідуць галасаваць.

Шклозавод, адзінае буйнае прадпрыемства Ялізава збанкрутавала. З колішняга паўтарытысячнага калектыву працуе блізу трохсот чалавек. Пасялкоўцы наракаюць: з тых, хто працуе, бальшыня – прыезджыя. Тутэйшыя ж зарабляюць у прылеглых сельгаспрадпрыемствах, альбо едуць у Бабруйск, Асіповічы ды Мінск. Многія падаліся ў Расію.

«На гэтыя выбары няма чаго спадзявацца. Нічога добрага ня будзе ў нашай краіне», – гэтак песімістычна адрэагаваў на цікавасць журналіста адзін з першых ялізаўскіх суразмоўцаў. Мужчына сярэдняга веку тым ня менш прызнаўся, што ўжо прагаласаваў.

«Што тут добрага? Працы няма. А тая, што ёсць, дык з заробкам два мільёны. Гэта па цяперашнім цэнам хіба грошы. Людзі едуць адсюль у Расію на заробкі. Праз гэта распадаюцца сем’і», – даводзіў суразмоўца.

Наступны жыхар Ялізава галасаваць збіраецца 11 верасня.

«Завод абяцалі запусціць напоўніцу, але, як і раней, працуе толькі адна лінія. Людзі хто дзе працуе. Не адзін год тут нічога не мяняецца», – абураўся мужчына.

«Дарогу ад станцыі бачылі? – запытаўся ён і, не дачакаўшыся адказу, працягнуў. – Па калдобінах ходзіш, а як у зімку завеі, дык да цягніка не падыйсці. Дэпутаты мяняюцца, а што толку. На машынах разьяжджаюць, а людзі пешшу прайсці ня могуць».

«На выбары пайду, але, за каго буду галасаваць, нават і ня ведаю. На ўчастку разбяруся», – адказаў наступны суразмоўца. — «Я ведаю, што ніякіх пераменаў не будзе, але яны патрэбныя. На шклозаводзе адпрацаваў трыццаць гадоў, а пэнсія тры мільёны. Здароўе на заводзе пакінуў. Цяпер слепаваты і глухаваты».

Ялізавец не змог патлумачыць, якіх пераменаў чакае і што дзеля іх трэба зрабіць.

«Цяпер працуе адзін цэх дзеля начальства, відаць. Цяпер многа абяцаюць. Лукашэнка два разы прыязджаў, а што толку, – роспачна працягнуў суразмоўца. – Тут не аднойчы ўжо было казана: у вайну, як немцы прыйшлі, дык завод працаваў. А цяпер стаіць. Мужчыны сем’і кідаюць і выпраўляюцца ў заробкі. На чужыне сабе жонак другіх знаходзяць, дык хіба гэта жыццё».

Гутарку перарваў рокат калоны з вайсковай тэхнікай. Па шашы ехалі парожнія цягачы ды цягачы з ракетнымі ўстаноўкамі.

«Адкуль толькі грошы бяруцца на гэтыя манеўры», – на развітанне зазначыў мужчына.

На стэндзе ў пасялковым доме культуры шасцёра прэтэндэнтаў на дэпутацтва. Паводле біяграфічных звестак сярод ахвотных стаць дэпутатамі прызёр алімпійскіх гульняў Аляксандр Багдановіч, актывіст партыі БНФ Альберт Яўменаў, вылучэнка ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Аляксандра Сьянава, беспартыйны Мікалай Рахманаў. Спрабуе абрацца ў Палату прадстаўнікоў і дзейны яе дэпутат Мікалай Калтуноў.

«А, які дэпутат нам, што для пасёлка зрабіў? Ніхто нічога ня робіць», – раздражнёна адрэагаваў на цікаўнасць журналіста яшчэ адзін ялізавец.

«Людзі адсюль выязджаюць, бо працы няма. Завод стаіць. Відаць, нічога і не вырашылі з гэтым заводам. Едуць хто куды. Нехта ў Мiнск, нехта ў Расію. Нямала і тых хто співаецца. Яблыкі здаюць, ці бутэлькі. Быў час, калі Лукашэнка прыязджаў, дык завод троху папрацаваў. Спадзяваліся, што так будзе і надалей, але... Цяпер жа крыху парадак падтрымліваюць на заводзе, каб ён зусім ня згас».

«Бальшыня ялізаўскіх галасуюць за земляка – Багдановіча», – выказала меркаванне сябра ўчастковай камісіі.

Паводле пратаколаў за прамінулыя дні датэрміновага галасавання ўчастак наведалі пад дзесяць працэнтаў выбарцаў.

«Тое, што ў нас завод працуе не на поўную магутнасць і такая актыўнасць – гэта цудоўна. У нас галасаванне праходзіць заўжды добра», – адзначыла сябра камісіі.

Суразмоўніца не прамінула прыгадаць, што Аляксандр Багдановіч падтрымлівае мясцовую моладзь, якая займаецца веславаннем. Спартовец двойчы сустракаўся з землякамі.

«Я прагаласаваў за Багдановіча. Ён і ягоны брат непадалёк ад мяне жывуць, дык, падумаў, харошыя людзі, і прагаласаваў за іх», – з задавальненнем казаў пра свой выбар жыхар пасёлка, адразу як выйшаў з участка.

На доме, дзе жывуць Багдановічы, вывешаны вялізны плакат, якім заклікаюць трымацца здаровага ладу жыцця. Пагутарыць з прэтэндэнтам на дэпутацтва не ўдалося. У двары яго не было.

Дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Калтуноў ля шашы выставіў білборд: «Я выступаў супраць падатку на дармаедаў і дарожнага падатку».

«Я пацікавіўся, як ён быў супраць, – пракаментаваў агітацыю прэтэндэнта адзін з ялізаўскіх выбарцаў. – Ён казаў, што трэба шукаць матэрыяльных стымулаў для паслугаў у школах, садах, а таксама для тых, хто атрымлівае дапамогу па беспрацоўю. Як па мне, то ён гэтым выступаў ня супраць падатку на дармаедства, за тое, каб закон быў больш жорсткім. Такім чынам ягоны плакат разыходзіцца з ягонай справаю».

Суразмоўца прагаласаваў. Трымаючы ў руках пашпарт заўважыў: «Я прагаласаваў за таго, хто хоць нешта можа змяніць».

«Ён не з тых хто засядзеўся ў дэпутатах. Пакуль у нас дэпутаты прымаюць бюджэт за 50 хвілінаў, то спадзеву на паляпшэнне жыцця няшмат», – заключыў суразмоўца.

Пра тое, што ў Беларусі праходзяць выбары прадстаўнікоў заканадаўчай улады, у Ялізаве мала што нагадвала. Згаданы білборд ды маленькія плакаты, развешаныя ў вітрынах крамаў, – гэта тое, што стварала атмасфэру набліжэння палітычнай падзеі. На афішы пасялковага Дома культуры ў асноўны дзень галасавання выбарцам абяцаюць забаўляльную праграму з канцэртам «Зрабі правільны выбар». Пазначана, што ўваход свабодны.

«А нас за гутарку з вамі не пасадзяць?», – запытаўся жыхар Ялізава ля ўчастку для галасавання.

«Ад тых дэпутатаў, якіх выберуць, нічога не чакаем. Як ім будуць казаць зверху, гэтак яны і будуць рабіць, – казаў ялізавец пасля жарту пра «пасадзяць». – Я беспрацоўны амаль год. Сітуацыя агідная. Жонка два гады без працы. На завод прыходзіць – ім яна не патрэбная. А куды яна ўладкуецца. Куды нам ехаць, дзіця малое? Палова пасёлка ў Расіі».

«Так, гэты Багдановіч – добры хлопец. Але, што ён зможа супраць гэтай машыны, – заўважыў прыяцель суразмоўцы. – Можа там наверсе таксама нешта хочуць зрабіць, але ў іх не атрымліваецца, альбо ня ведаюць як. Я прагаласаваў за Багдановіча, бо гэта свой і хоць маленькі спадзеў будзе ў нас. А так, як шчыра, то гэтым дэпутатам і не даюць асабліва нешта казаць. Як што, дык выспятка і пойдзеш. На вызваленае месца ахвотных многа».