Лявон Вольскі выступіў з партызанскім канцэртам у Гомелі

У Гомелі 10 верасня ўпершыню за апошнія восем гадоў прайшоў канцэрт Лявона Вольскага. Арганізавалі выступленне на адкрытай пляцоўцы грамадскага-палітычнага цэнтру мясцовыя апазіцыянеры і актывісты кампаніі «Хопіць піць — трэба жыць». Канцэрт быў прымеркаваны да 8 верасня — Дня беларускай вайсковай славы.

Паслухаць легендарнага спевака прыйшлі каля 300 чалавек, які ледзь змясціліся ў амфітэатры і двары «цэнтру апазіцыі». Каля паловы аматараў творчасці Вольскага пазначыла сябе сукенкамі і футболкамі з беларускім арнаментам і «Пагоняй», «вышымайкамі», бела-чырвона-белымі стужкамі і сцягамі.

Прагучалі песні з сольных альбомаў «Белая яблыня грому», «Грамадазнаўства», а таксама праектаў «Народны альбом», «Я нарадзіўся тут» і рэпертуару N.R.М. На хіце «Тры чарапахі» слухачы ўскочылі са сваіх месцаў і далей слухалі канцэрт стоячы.

Пасля канцэрту, фота- і аўтограф-сесіі Лявон Вольскі адказаў на пытанні мясцовых журналістаў.

На настальгічныя пытанні пра вяртанне N.R.M спявак адказаў, што ў тым складзе вяртанне немагчыма, так склаўся лёс.

Пра восем гадоў адсутнасці канцэртаў у Гомелі ён адказаў пытаннем на пытанне: «А хто мяне пускае ў Гомель, ды і па ўсёй Беларусі?». Але адзначыў, што там, дзе ёсць такія незалежныя пляцоўкі — будзе ездзіць, і сённяшні канцэрт яго натхняе.

Пляцоўка ў Гомелі яму спадабалася, і людзі выдатныя — «доўга раскачагарваюцца, але потым цяжка суняць». «Калі мы ехалі ў Гомель, то было незразумела, як будзе, колькі будзе людзей. Я паехаў, шчыра кажучы, каб зрабіць тэст. Нечаканыя канцэрты будуць, калі ёсць запатрабаванасць. Нечаканыя да пэўнага тыдня, а потым чаканыя. Наша тактыка — партызанская. Маўчым, а потым — раз! Як бачыце», — дадаў спявак.

Ён не хацеў бы ісці ў дэпутаты, напрыклад, як Вячаслаў Вакарчук. «Я ведаю аднаго літоўскага музыку, які пайшоў у дэпутаты, і потым вярнуўся толькі праз дваццаць гадоў ці больш, ён не займаўся музыкай, і гэта вялікая страта для літоўскай музыкі», — патлумачыў Вольскі.

Цяперашнія выбары для яго нічога не значаць. «Абсалютна ўсё зразумела, гэта ўжо нават не гульня, а такая руціна. Не варта звяртаць увагі. Тое, што можна пад час выбарчай кампаніі на пікеце сабраць паўтары тысячы чалавек на канцэрт — то трэба карыстацца гэтым», — лічыць ён.

Таксама журналістаў цікавіла: ці паехаў бы музыка капаць акопы пад Ветку, як Зміцер Дашкевіч, у выпадку расійскай агрэсіі?

«На цяперашні час не самы слушны падыход, таму што не будзе ніякіх ветлівых людзей на нашай тэрыторыі, нас можна анэксаваць і без гэтага. Якія акопы? Не будзе ніякай тэхнікі. Проста падпішуць рэферэндум, і 98% будзе. Ну а вось тады... Можа трэба будзе дзейнічаць па-іншаму», — разважаў Вольскі.

На творчасць яго натхняе жыццё, усе яго праявы. Музыка не падзяляе такі падыход, што «чым горш жыццё — тым лепш песні».

«Не абавязкова добра жыць, не абавязкова кепска жыць, каб мець песні. Яны з’яўляюцца з розных крыніц — ад любові, кахання, раздражнення і роспачы, абсалютна размаіты спектр пачуццяў. І неабавязкова толькі ад таго, што табе так ужо кепска, што гамон, пішаш і пішаш у стол пастаянна, а потым дом згарэў, таму што разбамбілі, стол згарэў і ўсё», — гаворыць музыка.

Пра творчасць дачкі Адэлі ён выказаўся, што не падтрымліваць яе ён не можа, але і паўнавартасна падтрымліваць «няма ў мяне нейкіх рычагоў у гэтай краіне».

Бард Вольга Цярэшчанка таксама выканала на канцэрце некалькі песень.

«Фантастычнае ўражанне ад Вольскага! Жывы канцэрт — гэта жывыя эмоцыі, Лявон быў не фальшывы, і дзе б ён не выступаў — ён ніколі не фальшывы са сваімі слухачамі, няхай творыць і радуе нас сваімі песнямі», — падкрэсліла бард.

Жыхар Гомеля Ігар Струнеўскі прыйшоў на канцэрт, бо песні Вольскага любіць яго сын. «І я люблю, асабліва «Народны альбом» — нейкая настальгія, на ўсё жыццё, «Простыя словы» — наша класіка. Хацелася б, каб Вольскі часцей да нас завітваў. Але як гэта зрабіць? Хіба як ён спявае «Ламай сцэнар, ламай сістэму», — гаворыць жыхар Гомеля.

Новы альбом Вольскага плануецца ў лістападзе, у снежні ў Вільні пройдзе канцэрт. Назвы альбому пакуль няма.




Оставьте комментарий (0)