«Караліна» Ніла Гэймана перакладзена на беларускую мову

Кніга па-беларуску выдаецца з захаваннем усіх аўтарскіх правоў. Адзінае, чаго зараз не хапае — сродкаў.

На беларускую мову перакладзена яшчэ адна сусветна вядомая кніга — «Караліна» Ніла Гэймана. Група энтузіястаў зараз займаецца выданнем твору і распачала дзеля гэтага краўдфандыгавую кампанію па зборы сродкаў на партале talaka.by.

«Караліна» (Coraline) — дзіцячая аповесць, напісаная ў 2002 годзе брытанскім пісьменнікам Нілам Гэйманам. Кніга атрымала шаснаццаць прэстыжных літаратурных прэміяў, у тым ліку прэмію Х'юга за лепшую аповесць, прэмію Брэма Стокера за лепшы твор для маладых чытачоў і прэмію Локуса за лепшую аповесць для падлеткаў.

У 2009 годзе па аповесці быў зняты мультыплікацыйны фільм. Быў таксама пастаўлены мюзікл і пабачыла свет відэагульня па матывах аповесці.

«Караліна» перакладзеная на 30 моваў, па ўсім свеце прададзена болей за мільён асобнікаў гэтай кнігі.

«Караліна» — гэта кніга, каторую хацеў бы напісаць кожны сучасны дзіцячы пісьменнік, але Ніл Гэйман усіх апярэдзіў. Калі я прачытала гэтую аповесць, паміж намі здарылася каханне з першага погляду. Тады я яшчэ не ведала, што "Караліна" перакладзеная на 30 моваў і мае дзясяткі літаратурных узнагародаў. Я проста адразу вырашыла: "Буду перакладаць, бо не перакласці не атрымаецца!"» — адзначыла перакладчыца кнігі Дар'я Вашкевіч.

«Беларускім дзецям не хапае якаснай захапляльнай літаратуры, якая б выходзіла за рамкі "лясных гісторый" ці "добрых вершаў". Цяперашнія планшэтна-смартфонавыя дзеці прагнуць авантураў і таямніцаў, якія здараюцца з іх аднагодкамі. І мы хочам даць ім магчымасць спазнаць фантастычныя прыгоды дзяўчынкі Караліны, якімі захапляюцца маладыя чытачы па ўсім свеце», — распавёў каардынатар праекту Сяргей Лісічонак.

Па сюжэце кнігі дзяўчынка Караліна Джонс трапляе ў іншы сусвет, у якім яна сустракае падобныя, але і дзіўнавата адрозныя ад сапраўдных свой дом, сваіх маці і бацьку. Цудоўнае падарожжа хутка ператвараецца ў змаганне за права застацца сабой, за права жыць, за магчымасць выратаваць сваіх бацькоў, за шанец вярнуцца. І разлічваць у гэтай барацьбе можна толькі на сябе.

Кніга па-беларуску выдаецца з захаваннем усіх аўтарскіх правоў. Перамовы дзеля гэтага доўжыліся амаль два гады. Па ўмовах кантракту, надрукаванымі могуць быць усяго толькі 500 экзэмпляраў кнігі, таму праект, на жаль, зможа парадаваць толькі абмежаваную колькасць чытачоў.

Ілюстрацыі да беларускага выдання кнігі намалявала мастачка і тэатральная рэжысёр Алена Медзякова. Яны былі разгледжаныя самім аўтарам аповесці, які і даў сваю згоду на выкарыстанне вобразаў.

За навінамі праекта можна сачыць на старонцы кампаніі ці ў Фэйсбуку.