Юрась Губарэвіч. РУХ. Змены да лепшага

Юрась ГУБАРЭВІЧ

Юрась ГУБАРЭВІЧ

Нарадзіўся 23 лютага, на свята савецкага войска. Але не служыў, бо лепшыя прызыўныя гады прысвяціў вучобе і дэпутацкай дзейнасці. Пасля атрымання адукацыі інжынера-электрыка працягнуў вучобу ў Акадэміі дзяржаўнага кіравання пры Прэзідэнце… Украіны. Ужо з дыпломам магістра дзяржаўнага кіравання выйграў выбары ў Белаазёрскі гарсавет, стаўшы амаль на год намеснікам старшыні і кіраўніком дэпутацкай большасці. Працаваў у шэрагу камерцыйных установаў, звязаных з гандлем, выдавецкай і рэкламнай дзейнасцю. У Партыі БНФ ад 1996 году: прайшоў “кар’ерны шлях” ад шараговага сябра да намесніка старшыні. Ад 16 кастрычніка 2016 г. старшыня руху “За Свабоду”.

Рух «За Свабоду» небеспадстаўна прэтэндуе на ролю галоўнай праеўрапейскай сілы ў Беларусі. Мы дэкларуем зразумелыя і блізкія прагрэсіўнай частцы грамадства ідэі Свабоды, Незалежнасці і Дэмакратыі. Абапіраемся на падтрымку усіх, каму неабыякавы лёс Беларусі, хто разумее, што пазітыўная будучыня можа быць толькі ў дэмакратычнай краіне, якая зрабіла еўрапейскі выбар.

Падчас справаздачна-выбарчай канферэнцыі, якая прайшла 16 кастрычніка, Рух яшчэ раз красамоўна даказаў, што з’яўляецца дэмакратычнай арганізацыяй, у якой улічваецца кожны голас. Відэа таго, як падлічваліся галасы на выбарах старшыні, мяркую, ЦВК можа рэкамендаваць у якасці практычнага ўзору для беларускіх выбарчых камісій усіх узроўняў.

Я хачу падзякаваць усім, хто прагаласаваў за мяне, паверыў у мяне і маю праграму. Таксама хачу выказаць словы павагі і ўдзячнасці шматгадоваму лідару нашай арганізацыі Аляксандру Мілінкевічу за ягоны маральны аўтарытэт, адданасць беларушчыне і нязменную праеўрапейскую пазіцыю.

Рух «За Свабоду» — арганізацыя, дзе кожны, хто гэтага заслугоўвае, можа стаць аўтарытэтным лідэрам, прэтэндаваць на любую ролю і пасаду. Мы ствараем умовы для асабістага росту і пашырэння вядомасці новых асобаў, як на нацыянальным, так і рэгіянальным узроўні.

Мы можам мець розныя падыходы да канкрэтных тактычных крокаў і рашэнняў, але, безумоўна, адзіныя ў стратэгіі дасягнення галоўнай мэты — дэмакратыі і еўрапейскага выбара Беларусі.

Менавіта агульныя каштоўнасці і стратэгія дзеянняў для нас заўсёды былі вышэй за асабістыя амбіцыі і палітычныя інтарэсы асобных людзей. Я магу гарантаваць, што гэты прынцып застаецца галоўным пасля майго абрання старшынём руху «За Свабоду».

Таму яшчэ раз запрашаю усіх сяброў і калег, у тым ліку тых, хто на момант выбарчай кампаніі сталі апанентамі, з новымі сіламі і энергіяй вярнуцца да паўсядзённай стваральнай працы.

З іншага боку, я разумею, што, як у свой час Уінстан Чэрчыль, не магу гарантаваць нічога акрамя цяжкай працы, слёзаў і поту. Бо наша канчатковая мэта нялёгкая — перамога над аўтарытарным рэжымам, пабудова дэмакратычнай Беларусі. Але, як і Уінстан Чэрчыль, я безумоўна веру ў гэтую канчатковую перамогу. Іначай ня варта было б і працягваць нашую барацьбу. І сам, асабіста, гатовы зрабіць усё магчымае і немагчымае, бо для мяне гэта справа жыцця.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.