Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Нясвіжскі палац

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Нясвіж, бліскучы Нясвіж — сталіца роду Радзівілаў, цэнтр кнігадрукавання і Контррэфармацыі, эталон еўрапейскасці ў Беларусі.

Цуд халоднай прагажосці!

Заснаваны яшчэ ў X ст. разам з Беларуссю на самым Балта-Чарнаморскім водападзеле, набыты праз пяцьсот гадоў Радзівіламі, за часы Мікалая Радзівіла Чорнага ператвораны ў рэзідэнцыю найбуйнейшай магнацкай дынастыі, з канца XVI ст. Нясвіж забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы Дзюрэра — у выглядзе чалавечага цела. Княскі замак быў галавой, калегіюм езуітаў з касцёлам — сэрцам, гандлёвая плошча з ратушай — страўнікам, а кляштары і цэрквы па перыметры выконвалі ролю рук і ног.

Нясвіж яўна наследаваў Хрысту і ў спалучэнні людскога ды Боскага: якраз тут у 1593 г. знакамітым італьянцам Янам Марыя Бернардоні быў створаны другі ў свеце барокавы храм, Касцёл Божага Цела. І адначасова з ім — каралеўскі палац з райскім паркам.

Гэта тут у 1562 г. Сымон Будны выдаў славуты пратэстанцкі “Катэхізм”, а ў 1563 г. выракся Ісуса як Бога. Тут Мікалай Радзівіл Чорны марыў пра веліч Беларусі й выхоўваў юнага Льва Сапегу, свайго пераемніка. Тут сын Чорнага, Сіротка, вернуты езуітамі ў каталіцтва, пракляў Рэфармацыю, сабраў і спаліў кальвінскія друкі свайго бацькі.

Радзівіл Рыбанька закладваў мануфактуры, што выраблялі сукно, дываны й шаўковыя паясы, ягоная жонка Уршуля пісала й ставіла ў тэатры свае драмы. А Караль Станіслаў, Пане Каханку, ладзіў шыкоўныя балі з марскімі бітвамі на возеры, катаннем на мядзведзях па саляных дарогах, рассыпаных на вярсту, цыганскімі вяселлямі й бясконцымі “гісторыйкамі” — байкамі пра сябе, любімага.

Нясвіж схаваў тайну радзівілаўскіх багаццяў, 12 апосталаў з пазалочанага срэбра амаль ў поўны рост, незлічоныя скарбы каштоўных камянёў, якія шукалі і не маглі знайсці Напалеон, Гітлер і Сталін.

Нясвіжскі палац — наступнік і супернік рэфармацкага Мірскага замку. Крышталёва каталіцкі, да цалі арыстакратычны, з урачыстасцю лепшых цырымоніймайстраў ён раскрэсліў антычныя прапорцыі, увасобіўшы саму summa summarum, гармонію між розумам і вераю, вылічаную яшчэ Тамашом Аквінскім. Нясвіжская Альба — гэта Беларусь сляпушча прыгожая і велічная, пранізліва чыстая, але грозная. Уся матэматычна вылічаная культура езуіцкай лаціны — у нясвіжскіх алеях і альтанках, залях і вокнах, партрэтах і скульптурах XVI — XVIII стст.

Калі вы жадаеце ведаць, што сапраўды азначае “Беларусь у Еўропу!”, калі марыце хоць на хвіліну адчуць сябе некаранаваным каралём Вялікае Літвы або Рэчы Паспалітай, калі шукаеце мяжы паміж Старым і Новым Запаветамі беларускай гісторыі ці хочаце спасцігнуць трагедыю вераадступніцтва — прыязджайце ў Нясвіж. Пашпацыруйце сярод дрэваў альбаўскага парку, зайдзіце ў халадок пакінутага гулкага палацу, які прабірае да вусцішных дрыжыкаў, угледзцеся ў адлюстраванні і прыслухайцеся да крохкага рэха ўласных крокаў...

І тады спытайце сябе — а ці трэба вам насамрэч ведаць усё тое, што тоіць Нясвіж?

 

 

З кнігі “Люблю Беларусь”

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы