«Хочацца пажыць як чалавек». Магілёўскія бамжы супраць сьцюжы

Беларусь апанавалі моцныя маразы. У гарадах адкрываюцца пункты абагрэву і гарачага харчавання. Наведваюць іх і бяздомныя. У студзеньскія халады цэнтры знаходжання асобаў без пэўнага месца жыхарства не пустуюць. Бадзягі, якім не пашанцавала трапіць туды, ратуюцца ад маразоў у пад’ездах, альбо спадзяюцца на жытло сваіх знаёмцаў.

Бяздомны пад гаўбцом у маразы. Спадзеў, што пашанцуе перабыць сцюжу

 

13 шчасліўцаў, якія ратуюцца ад маразоў ў начлежцы

У Магілёўскім цэнтры часовага (начнога) знаходжання асобаў без пэўнага месца жыхарства — больш за дзясятак пастаяльцаў. Амаль усе мужчыны. Размешчаны прытулак у двухпавярховым адрамантаваным будынку ў далечыні ад гарадской мітусні.

Будынак, у якім размешчаны прытулак для магілёўскіх бяздомных

«Цэнтр начнога знаходжання разлічаны на 22 ложка-месцы. На сённяшні дзень у ім 13 чалавек. Для зімы гэта нармальна, бо калі зыходзіць з будаўнічых нормаў і плошчы нашых пакояў, то разлічаны цэнтр усяго на 11 чалавек. Мы проста болей паставілі ложкаў», — расказалі журналісту ва ўстанове.

Цяпер у цэнтры пераважаюць людзі, якія вызваліліся з турмаў. Ёсць, і тыя, хто прапіў свае кватэры і апынуўся на вуліцы.

У начлежцы размешчаны і пункт абагрэву

«Розны кантынгент ёсць, але пераважаюць пастаяльцы з месцаў пазбаўлення волі. Яны вызваляюцца, і ў іх нічога няма. Сёння ўжо адзін прыходзіў. Пакуль ён сядзеў, жонка па ягонай даверанасці прадала кватэру. Яго прапісала ў сваю кватэру, і цяпер не пускае да сябе. У пашпарце стаіць рэгістрацыя, а жыве на вакзале. А мы, паводле нашага статуту, можам прымаць людзей, якія на момант звароту ня маюць рэгістрацыі, але ў свой час мелі яе ў Магілёве. Прыняць гэтага мужчыну ня можам. Цяпер шукаем такую магчымасць», —распавялі журналісту ў цэнтры.

Прытулак для бяздомных прыбраны, нагадвае райцэнтраўскую гасцініцу. Адна са сцен аздобленая вялікім малюнкам. На ўваходзе ў дапаўненне да каляднай ялінкі таксама намаляваная пастаяльцам карціна.

На час маразоў ў прытулку будзе функцыянаваць пункт абагрэву і гарачага харчавання. Усім неабходным забяспечыць Чырвоны крыж.

 

«Бамжом больш не хачу быць»

У начлежцы ўдалося пагутарыць з 38-гадовай Аленай. Доўгі час яна разам з мужам жыла ў зямлянцы і з гэтай прычыны была гераіняй газетных публікацыяў.

Пра гісторыю, якая прывяла да «партызанскага жыцця», Алена казала блытана, аднак усё звялося да высновы «так выйшла, і з кожным можа такое здарыцца».

Алена, што жыла ў зямлянцы

На пытанне, ці самі капалі зямлянку, жанчына здзіўлена адказала: «Анягож. Не бульдозерам жа».Паводле жанчыны, зямлянка была яе домам восем гадоў.

«У нас была буржуйка. У ёй палілі, ежу на ёй гатавалі, — апавядала Алена. — У мужа была пенсія, дык мы куплялі на яе харчы. Каму дапамагалі дровы пасячы ці грады ўскапаць. Так і жылі».

«Цяпер новае жыццё трэба пачынаць, шукаць працу, — пасля паўзы, агледзеўшы свой пакой, прадоўжыла Алена. — Цяжка цяпер уладкавацца. На біржы асабліва няма вакансіяў. Часова цяпер працую ў прыватніка. Хоць нейкую капейчыну маю. Бамжом больш не хачу быць. Колькі можна? Але з кожным можа рознае здарыцца. Са мною такое здарылася». 

Пакой, у якім жыве Алена пасля сваёй «партызанкі»

 

20 гадоў па падвалах

Пункт абагрэву і гарачага харчавання Чырвонага крыжа адчыніўся і на цэнтральным рынку Магілёва. У першы дзень функцыянавання да яго падцягнуліся мясцовыя бадзягі.

Артур Папкоў бамжуе дваццаць са сваіх 47 гадоў. Дакументы дапамагла, як ён кажа, зрабіць царква. Цяпер Артур вырашае пытанне з прапіскай. Бадзяцца па свеце болей ня хоча.

Артур Папкоу бадзяецца ўжо 20 гадоў. Хоча людзкага жыцьця

«27 гадоў таму сеў у турму. А тады ж быў такі закон: як цяпер няма па месцы прапіскі, то пазбаўляешся жытла. Так у мяне забралі кватэру. І з таго часу, можна сказаць, я і бамжую», — расказаў пра свой лёс Артур.

«Цяпер хаджу па падвалах. Без рэгістрацыі на працу не бяруць. Куды ня сунуся, нікому без прапіскі не патрэбен, хоць і пашпарт на руках. Даводзіцца бутэлькі збіраць, каб пракарміцца. Сям’і няма. Я дзетдомаўскі, — казаў суразмоўца. — Дапамагае мне і Чырвоны крыж. Мо дапаможа прапісацца ў прытулку для бяздомных. Без людской дапамогі я б не пражыў. Грэх наракаць — дапамагаюць. Бадзяга ж таксама чалавек».

 

Бяздомным трэба дапамагаць. Такіх людзей нямала

Старшыня абласной арганізацыі Чырвонага крыжа Андрэй Нікіцін заўважае, што бяздомных нямала, і многія з іх чакаюць дапамогі з боку шчаслівейшых за іх гараджан.

Ля пункту абагрэву Чырвонага крыжа

«Гэта нашы землякі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і нават калі ў іхным жыцці нешта ня так, то не заўжды толькі яны самі ў гэтым вінаватыя. Ім трэба дапамагаць. Такіх людзей нямала, — казаў Андрэй Нікіцін. — Трэба прафілактаваць такую зʼяву ўсім разам. І ўладам, і грамадскім аб’яднанням. На мой пагляд, мы недастаткова гаворым людзям пра абставіны, калі можна застацца без жытла ці без сродкаў для існавання».

Паводле суразмоўцы, не паспеў адчыніцца пункт абагрэву, як да яго прыйшлі некалькі чалавек, якія працавалі ў Расеі і якім не заплацілі за іхнюю працу.

«Яны былі там паўгода, працавалі, ім не заплацілі, і яны засталіся без сродкаў для існавання. Гэта немалая частка насельніцтва, і мы не павінны пакідаць яе без увагі», — падсумаваў Андрэй Нікіцін.

 

Цяпер я асоба без грамадзянства

Здаваць назбіраныя бутэлькі на рынак прыйшоў 32-гадовы Андрэй Кажэўнікаў. Маладога мужчыну намёт з гарачай гарбатай не зацікавіў.

Андрэй Кажэўнікаў: «Хочацца пажыць як чалавек»

«Нарадзіўся я ў Беларусі. Потым бацькі вырашылі пераехаць ва Украіну. Там пражыў 9 гадоў. Адтуль пайшоў ў войска, і мне паставілі ўкраінскае грамадзянства. У 2000 годзе я атрымаў беларускае, але ў 2009-м яго скасавалі. У мяне згарэў пашпарт у пажары. Калі прыйшоў яго аднаўляць, то зрабілі ідэнтыфікацыю асобы. Сказалі, што я не належу ні да якога грамадзянства. Цяпер я асоба без грамадзянства», — казаў Андрэй.

Суразмоўца прасіў журналіста, каб той пераказаў ягоны зварот да ўладаў аб атрыманні беларускага грамадзянства.

«Хочацца атрымаць пашпарт. Можа, мяне пачуе прэзідэнцкая вертыкал. Я ж усё жыццё ў Беларусі пражыў, акрамя дзевяці гадоў. Хочацца пажыць як чалавек», — казаў ён.

Спрабаваў Андрэй, як ён кажа, прапісацца ў цэнтры часовага знаходжання асобаў без пэўнага месца жыхарства, але гэтага яму не ўдалося. Там спаслаліся на тое, што ён не з Магілёва, а з вобласці. Паспеў тры месяцы пасядзець у турме. Сям’і ў яго няма.

Жыве Андрэй у прыгараднай вёсцы. Кажа, што знаёмыя прытулілі на зіму. З ягоных назіранняў, бяздомных у Магілёве шмат.

«Я толькі ведаю чалавек пятнаццаць. Хто ў падвалах жыве, хто прытулак адшукаў у цеплавым калектары. Так і жывуць. Я ж стараюся сябе трымаць у руках. Хаджу ў лазню. Галюся. Людзі мяне не цураюцца», — на развітанне адзначыў Андрэй Кажэўнікаў.

 

Не ўсе, хто жабруе, бамжы

Колькі ў Магілёве бадзягаў, высветліць не ўдалося. У прыватных гутарках спецыялісты адзначаюць, што такой статыстыкі не вядзецца. Акрамя згаданага прытулку для бяздомных, начлежак з раздачай ежы, на ўзор еўрапейскіх, у Магілёве няма. Персанальную дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу, даюць у касцёле ды царкве.

У намёце абагрэву апранаюць бяздомнага

«Мы выносім ежу ўсім, хто яе папросіць. У нас ёсць аднаразовы посуд. Нікому не адмаўляем», — патлумачылі сітуацыю ў адной з цэркваў гораду.

«Тыя ж, хто просіць міласціну, гэта звычайна адзін і той жа кантынгент, — удакладніў супрацоўнік прыходу. — Як правіла, усе яны атрымліваюць пенсію. Адзінае, што ім трэба, — гэта выпіць. Таму не ўсе, хто жабруе ля цэркваў і кажа пра сваю бяздомнасць — бамжы».

 

Уладам да лямпачкі праблема бадзяжніцтва

«Ды тых, хто бамжуе ў гэтым раёне, нямала», — выказвае свой погляд на праблему адзін з наведнікаў рынку. Жыве суразмоўца на лецішчы, якое пакінулі, як ён запэўнівае, яму дзеці, пазбавіўшы яго гарадской прапіскі.

«Проста ніхто ня хоча звяртаць увагу на гэтую праблему. Яна нікому не патрэбна, — даводзіў мужчына. —  Ні гарадскім, ні абласным уладам гэта ня трэба. Ён жа казаў, каб зацягнулі паяскі. Куды мяне возьмуць у перадпенсійным веку? На біржы такіх, як я, процьма. У мяне так сталася, што чужыя людзі мне сталі раднейшыя, чым свае. Мая сястра хату адхапіла і цяпер на парог мяне не пускае».

Паводле суразмоўцы, у яго вышэйшая адукацыя. У свой час меў добрую працу, пакуль ня сеў у турму. Адседзеў, як ён прызнаўся, 23 гады за крадзеж у асабліва буйным памеры.

 

  


  • смотря что вы вкладываете в понятие "жить как человек". Когда у тебя нет элементарно жилья и паспорта, как например, у Кожевникова то речь может идти о существовании, а не о жизни...Никто не застрахован от сумы и тюрьмы, по-разному люди оказываются на дне...и тогда начинается заколдованный круг - без одного ты не имеешь права на другое, без другого тебе не положено третье, а третье у тебя будет при наличии первого... и т. д . Про алкашей-пенсионеров речь не идет, я говорю о настоящих бездомных.
  • Елена Новачук (Савчук)
    смотря что вы вкладываете в понятие "жить как человек". Когда у тебя нет элементарно жилья и паспорта, как например, у Кожевникова то речь может идти о существовании, а не о жизни...Никто не застрахован от сумы и тюрьмы, по-разному люди оказываются на дне...и тогда начинается заколдованный круг - без одного ты не имеешь права на другое, без другого тебе не положено третье, а третье у тебя будет при наличии первого... и т. д . Про алкашей-пенсионеров речь не идет, я говорю о настоящих бездомных.
  • Елена Новачук (Савчук)
    смотря что вы вкладываете в понятие "жить как человек". Когда у тебя нет элементарно жилья и паспорта, как например, у Кожевникова то речь может идти о существовании, а не о жизни...Никто не застрахован от сумы и тюрьмы, по-разному люди оказываются на дне...и тогда начинается заколдованный круг - без одного ты не имеешь права на другое, без другого тебе не положено третье, а третье у тебя будет при наличии первого... и т. д . Про алкашей-пенсионеров речь не идет, я говорю о настоящих бездомных.
  • А что такое - настоящий бездомный?Это тот же алкаш,за редким исключением.Как сказал известный герой фильма - если у тебя есть кинжал,иди и возьми что тебе нужно.кинжалы теперь есть у всех.