«Беларусь — не толькі Лукашэнка». Новы ролік пра нашу радзіму

Ролік 20 faktów o Białorusi на польскай мове быў апублікаваны наYouTube напрыканцы мінулага года. Да гэтага моманту яго праглядзелі амаль 40 тысяч разоў.

Беларус Павел Супаненка, які ўжо больш за 10 гадоў жыве ў Польшчы, з дапамогай аднадумцаў стварыў пазітыўны і цікавы відэаролік пра сваю радзіму, каб паказаць, што Беларусь — гэта не толькі Лукашэнка, але і глыбокая гісторыя, унікальная прырода, цікавыя людзі і іх традыцыі і здольнасці.

Павел Супаненка нарадзіўся 18 снежня 1987 года ў Брэсце, потым пераехаў у Мінск. Скончыў Коласаўскі ліцэй у беларускай сталіцы. З 2005 года жыве ў польскім Кракаве. Атрымаў ступень бакалаўра, а пасля магістра ў Кракаўскім эканамічным універсітэце.

Працуе ўIT-сферы. Вытворчасць аўдыё- ды відэакантэнту — ягонае хобі, якое ў рэшце вылілася ў стварэнне ўласнай прадакшн-студыі carrotstudio.pl. Разам з партугальскім сябрам Пабла Фернандашам Супаненка пачаў рабіць польскамоўныя відэаролікі для ўласнага канала The Emigrants на відэахостынгуYouTube.

 

Арыгінальны ролік 20 FAKTÓW O BIAŁORUSI на польскай мове быў апублікаваны на YouTube-канале The Emigrants напрыканцы мінулага года. Да гэтага моманту яго праглядзелі амаль 40 тысяч разоў.

У Беларусі каля 20,8 тысячы рэк, а найвышэйшая кропка краіны — Дзяржынская гара, даводзіць да палякаў у роліку Супаненка. Да таго ж Беларусь, адзначае ён, ёсць найвялікшай краінай Еўропы, што не мае выхаду да мора, а на яе тэрыторыі цалкам могуць змясціца Бельгія, Швейцарыя ды Грэцыя. Беларусь — гэта на 36% лясы, 1,7 млн гектараў балот і найбуйнейшае радовішча калійнай солі ў Еўропе.

Аўтар роліку распавядае польскамоўным людзям пра тое, што беларускія землі раней зваліся Літвой, а жыхары — ліцвінамі, бо тое была частка Вялікага княства Літоўскага, Жамойцкага і Рускага. На працягу некалькіх стагоддзяў, нагадвае ён, старабеларуская мова была дзяржаўнай мовай ВКЛ.

Супаненка звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі двойчы на год святкуюць Каляды — па каталіцкай і праваслаўнай традыцыях. Ён адзначае, што з Беларусі паходзяць продкі багата якіх галівудскіх зорах, напрыклад Лізы Кудраў, Скарлет Ёхансан, Харысана Форда, Майкла Дугласа. Тут нарадзіўся слынны мастак Марк Шагал і навуковец Барыс Кіт, які спрычыніўся да таго, каб стала магчымай першая вандроўка людзей на Месяц.

Распрацоўшчыкі звышпапулярнай гульні World of Tanks, шырокавядомага мабільнага дадатку Viber, самы вялікі на гэты момант кар'ерны самазвал БелАЗ — усё гэта стварылі беларусы, з задавальненнем адзначае Супаненка.

Ролік пра Беларусь упадабалі не толькі жыхары іншых краін, але ж і самі беларусы. 16 студзеня аўтар выклаў у інтэрнет беларускамоўную версію відэа.

«Ідэя роліка мая, — распавёў у інтэрв'ю Naviny.by Павел Супаненка. — На яго стварэнне меня падштурхнула імкненне данесці да нашых суседзяў палякаў інфармацыю пра Беларусь у пазітыўным ключы».

«Палякі ў цэлым ведаюць тое-сёе пра Беларусь, аднак у асноўным гэта рэчы, якія маюць негатыўнае адценне. Кшталту тое, што Лукашэнка — «апошні дыктатар Еўропы», альбо што Беларусь — адзіная краіна Еўропы, дзе не адмененае смяротнае пакаранне. Таму мая мэта была змясціць у пяць хвілін пазітыўнае лёгкае відэа з некаторымі цікавосткамі пра Беларусь, прычым як мага менш кантраверсійных, таму і не пісаў пра Тадэвуша Касцюшку, Адама Міцкевіча, Юзэфа Пілсудскага ды іншых», — дадаў ён.

Стварыць ролік Супаненку дапамог ягоны брат — кампазітар Ян Супаненка, які напісаў музыку да відэа, а таксама філолаг і культуролаг, выкладчык Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі Ягелонскага ўніверсітэта Дзмітрый Клябанаў, што адрэдагаваў польскі і беларускі варыянты тэксту.

Супаненка адзначыў, што палякі па-рознаму рэфлексуюць на факты, якія падаюцца ў відэа, але дакладна не было нечаканай для аўтара рэакцыі: «Кожная краіна будзе ціснуць на гістарычныя і культурныя шалі са свайго боку».

«Мяне больш уразіла тое, што людзі больш дыскутуюць не пра Вялікае княства Літоўскае, а пра галівудскіх знакамітасцей, напрыклад пра Скарлет Ёхансэн, кажуць: «Ну, якая Беларусь? Нясвіж — гэта ж польскі горад». Часам смешна чытаць такіе каментары, але хапае і пазітыўных водгукаў, кшталту «паляк і беларус — браты назаўжды», — сказаў ён.

Паводле слоў Супаненка, ён ужо атрымаў прапанову перакласці «факты пра Беларусь» на чэшскую і славацкую мовы. Але сам ён лічыць, што ў першую чаргу ролік варта было б прэзентаваць на англійскай і рускай мовах.

На стварэнні аднаго відэароліка пра Беларусь Павел спыняцца не збіраецца.

«Ёсць такія ідэі, нават план, але нічога канкрэтнага пакуль казаць не буду — яшчэ доўгая дарога да рэалізацыі задумак, ды і хачу патрымаць інтрыгу», — адказаў Супаненка.