Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Хадэцыя як альтэрнатыва рэвалюцыі

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

На тэалагічнае і філасофскае абгрунтаванне хрысціянскай дэмакратыі найбольшы уплыў аказалі вядучыя хрысціянскія мысляры нашай эры: айцец Царквы святы Аўрэлій Аўгусцін (354-430 гг), вядучы каталіцкі багаслоў Тамаш Аквінскі (1225-1274 гг) і адзін з заснавальнікаў евангельскага (пратэстанцкага) руху Жан Кальвін (1509-1564).

Ідэі Аўгусціна, выказаныя ў фундаментальнай працы “Пра Горад Божы”, вучэнне Аквінскага, прынятае як інтэлектуальная платформа каталіцкім Касцёлам і “пратэстанцкая этыка”, распрацаваная й увасобленая ў жыццё Жанам Кальвінам, сталі падмуркам для ідэолагаў хрысціянскай дэмакратыі Новага часу — такіх як Абрахам Кёйпер (1837-1920), Жак Марытэн (1882-1973), Эмануэль Мунье (1905-1950) і іншых.

Многія еўрапейскія дзяржавы і грамадзтвы 4-18 стст нясуць у сваёй палітычнай архітэктуры яўныя прыкметы практычнай хрысціянскай дэмакратыі. Дамінаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў і шырокі сацыяльны ўплыў цэркваў арганічна дапаўняліся гарадзкім самакіраваннем, цэхавымі супольнасцямі, моцнымі сямейнымі традыцыямі, развіццём таварна-грашовых рынкавых адносін адначасова з сістэмай дабрачыннасці і сацыяльнага абавязку.

Перспектыўнай хрысціянска-дэмакратычнай мадэллю было, да прыкладу, Вялікае Княства Літоўскае 15-16 стст. Падставовая дэмакратычнасць (вечавыя традыцыі, падзел галінаў улады, выбары вялікага князя, магдэбурскае права, магутнасць пласта “люду паспалітага”, соймы і соймікі, Паны-рада) гарманічна спалучаліся тут з хрысціянскай этыкай як грамадскай і сацыяльнай нормай. Каталіцкія ордэны, праваслаўныя брацтвы і пратэстанцкія зборы адыгрывалі ролю своеасаблівых палітычных партыяў, у магістратах буйных гарадоў кіраванне адбывалася паводле міжканфесійнай ратацыі, квітнелі, як бы зараз сказалі, плюралізм ды пэрсаналізм, а найважнейшыя пытанні вырашаліся шляхам галасавання. Больш падрабязна хрысціянска-дэмакратычны феномен цывілізацыі ВКЛ мы разгледзім далей.

У якасці самастойнай сфармуляванай ідэалогіі хрысціянская дэмакратыя узнікла як рэакцыя на Вялікую францускую рэвалюцыю канца 18 ст., сусветнае руйнаванне феадалізму ды імклівы распаўсюд лібералізма й сацыялізма.

Тэрмін “хрысціянская дэмакратыя” ужо ўжываўся падчас бурлівых падзеяў 1789-1794 гг у Францыі — і як альтэрнатыва спрахламу “старому ладу”, і адначасова як супрацьпастаўленьне рэвалюцыйнаму хаосу.

Абгрунтаванне хрысціянскай дэмакратыі як шляху развіцця чалавецтва ў эпоху Новага часу — заслуга рэлігійнага філосафа, абата, аднаго з родапачынальнікаў хрысціянскага сацыялізму Фелісьена Рабэра дэ Ламене. У 1830 г. выйшла яго кніга “Будучыня”, у якой была прадпрынятая спроба спалучыць у новых гістарычных умовах хрысціянства і дэмакратыю.

Разам са “старым парадкам” рэвалюцыйная стыхія разбурала царкву, сям’ю, грамадскія інстытуты і наагул каштоўнасць чалавечага жыцця. Урэшце, каб адказаць на прамы выклік хрысціянскаму светапарадку, Ватыкан пачаў заахвочваць стварэнне так званых “каталіцкіх групаў дзеяння” у Італіі, Францыі й нямецкамоўных дзяржавах; святары і вернікі арганізоўваліся на дэмакратычных прынцыпах і сталі адваёўваць палітычныя пазіцыі праз канкурэнтную барацьбу з ліберальнымі, сацыялістычнымі ды камуністычнымі сіламі.

Разгортванне хрысціянскай дэмакратыі у паўнавартасную палітычную ідэалогію звязваюць з эпохай рэвалюцыі 1848 г. Вострыя супярэчнасці гэтага перыяду прымушалі Царкву шукаць саюзу з народам, састыкоўваць дактрыны каталіцызму і дэмакратыі, фармаваць палітыку супрацоўніцтва, а не знішчальнай барацьбы паміж працай і капіталам. Хрысціянска-дэмакратычныя перакананні паўсталі як плён напружанага пошуку грамадскай згоды.

Разам з тым, адносіны паміж новастворанымі хрысціянска-дэмакратычнымі аб'яднаннямі і Цэрквамі складваліся няпроста. Царква, досыць кансерватыўная паводле сваёй прыроды, нягледзячы на глыбокія грамадскія змены, працягвала вызнаваць дактрыну перавагі духоўнай улады над свецкай — і змагалася за вяртанне згубленых пазіцый. З пачатку ХІХ амаль да пачатку ХХ стагоддзя афіцыйная Царква супрацьпастаўляла буржуазна-дэмакратычным і ліберальным ідэям свой саюз з манархіямі — абсалютнымі і канстытуцыйнымі.

Але ужо ў другой палове XIX ст. шырокае развіццё набыў рабочы рух, свет апанавалі ідэі сацыяльнай роўнасці і класавай барацьбы. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў сацыял-дэмакратыя і камунізм, адстойваючы сацыяльную справядлівасць праз нянавісць да эксплуататараў, літаральна спустошвалі цэрквы — бо клір у сваёй масе заставаўся абаронцам улады і капіталу. У сувязі з пашырэннем і паглыбленнем небяспечных сацыяльных з'яў у грамадстве ў Касцёле сталі нарастаць плыні, якія выступалі за змену царкоўнай пазіцыі — і фармуляванне “трэцяга шляху”.

 

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.