Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Хрысціянская дэмакратыя як “залатая сярэдзіна”

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

У Новым часе першым з царкоўных іерархаў зразумеў патрэбу хрысціянскага народаўладдя і рашыўся на прынцыповы палітычны прарыў Папа Рымскі Леў XIII, які заняў папскі пасад у 1878 годзе — ў энцыкліцы Rerum novarum (1891). У 1901 ён жа апублікаваў энцыкліку Graves de Communi Re, у якой дактрына атрымала назву «хрысціянская дэмакратыя».

Такім чынам, ідэалагічную платформу для новага этапу хрысціянскай дэмакратыі сфармавалі энцыклікі Льва ХІІІ. Царква і свецкі рух за грамадскую справядлівасць на хрысціянскіх асновах  зразумелі ды прынялі адно аднаго — пачаўся бурлівы рост масавых хрысціянска-дэмакратычных партыяў, найперш у каталіцкіх краінах Еўропы.

Сярод хрысціянска-дэмакратычных аб’яднанняў канца ХІХ — пачатку ХХ стст найбольшы уплыў займелі нямецкая каталіцкая “Партыя Цэнтру” і італьянская “Народная партыя” Луіджы Стурца.

Якраз гэты перыяд першага уздыму спарадзіў вядучага тэарэтыка сусветнай хрысціянскай дэмакратыі француза Жака Марытэна (1882-1973).

Марытэн бачыў выйсце з крызісу эпохі Новага часу ў сцвярджэнні “тэацэнтрычнага гуманізму”, “пэрсаналістычнай дэмакратыі”, хрысціянізацыі усіх сфераў культуры і экуменістычным збліжэнні рэлігіяў”.

У адсутнасці Бога, піша Марытэн, чалавек губляе сваю душу, што вядзе да з’яўлення тэорыяў адчаю і абсурду. Паводле Марытэна, у праекце “інтэгральнага гуманізма”, які разглядае чалавека як адзінства Боскага і чалавечага пачаткаў, крыніцай суверэнітэту дзяржавы будзе Бог, і хрысціянскія ідэалы стануць для сацыяльнай палітыкі дзяржавы канонам. У такім грамадстве, на погляд Марытэна, здольнасці асобы змогуць раскрыцца найбольш поўна.

Яшчэ да ІІ Сусветнай вайны хрысціянскія дэмакраты сфармавалі масавыя і папулярныя партыі ў Францыі, Аўстрыі, Баварыі, Нідэрландах, Польшчы, Літве, Беларусі і іншых еўрапейскіх  краінах.

Пасля паразы нацызму і фашызму ў 1945 годзе менавіта хрысціянская дэмакратыя на хвалі пакаяння і вяртання да маральных каштоўнасцяў прывяла да трыюмфальнага аднаўлення і яднання Еўропы. Менавіта хрысціянскія дэмакраты Рабэр Шуман, Конрад Адэнаўэр, Альчыдэ дэ Гаспэры стаялі ля вытокаў сучаснага Еўрапейскага Звязу.

Хрысціянска-дэмакратычныя партыі Нямеччыны, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў сталі кіруючымі — і на дзесяцігоддзі нароўні з сацыял-дэмакратамі заклалі аснову палітычнай сістэмы ў сваіх краінах.

На 1950 —1970 гады прыпаў і росквіт хрысціянскай дэмакратыі ў Лацінскай Амерыцы. У Чылі, Венесуэле, Эквадоры кіруючыя хрысціянскія дэмакраты аказалі вялізны уплыў на фармаванне дзяржаўнасці, эканамічныя поспехі і зрабілі вялікі ўнёсак у тэорыю хрысціянскай дэмакратыі і хрысціянскага сацыяльнага руху (Рафаэль Кальдэра, Эдуарда Фрэй Мантальва і іншыя).

Пасьля краху камунізму напрыканцы ХХ стагоддзя адраджэнне хрысціянскай дэмакратыі пачалося на тэрыторыі былога сацыялістычнага лагеру — у Чэхіі, Славаччыне, Вугоршчыне, Польшчы, Літве, Латвіі, Грузіі, Арменіі, Украіне, Расеі, Беларусі.

У 1961 годзе быў створаны Еўрапейскі Саюз Хрысціянскіх Дэмакратаў, у 1979-м — Еўрапейская Народная Партыя, зараз — найбуйнейшая палітычная сіла Еўразвязу ( на 2016 год — 217 з 751 месца ў Еўрапарламенце).

Такія партыі, як ХДС Гельмута Коля і Ангелы Меркель, Народная Партыя Іспаніі, італьянскія народнікі, Хрысціянска-Дэмакратычны Адказ Нідэрландаў, бельгійскія і аўстрыйскія хадэкі — сярод галоўных архітэктараў сённяшняга еўрапейскага праекту.

На сёння хрысціянская дэмакратыя — своеасаблівая “залатая сярэдзіна” паміж кансерватызмам, лібералізмам і сацыялізмам.

Ад кансерватызму яна бярэ патрыятызм, павагу да традыцыяў, цвёрдую пазіцыю ў пытаннях маралі, але адначасова адкідае нацыянальны эгаізм ды застаецца адкрытай да зменаў у грамадстве. З лібералізмам хрысціянскую дэмакратыю лучаць ідэя асабістай свабоды і рынкавыя падыходы ў эканоміцы, але хадэкі не прымаюць ліберальнага стаўлення да чалавечага грэху як нормы. З сацыялізмам у хрысціянскай дэмакратыі аднолькавыя ідэі сацыяльнай адказнасці ды салідарнасці — але  супрацьлеглы погляд на ролю дзяржавы й непрыманне ідэі класавай барацьбы.

 

 

З кнігі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”

 

Працяг будзе

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 


  • Севярынец кружа па сваiх арбiтах. Паважаю i не кранаюся. Не перашкаджайце чалавеку хоць недзе адшукаць Бога. Калi не у" сённяшнiм, так у мiнулым. Нешта мне кажа, што у"се мы будзем недалеча займацца тою ж фiгнёю. )