Акрэсьціна-2017: кроў, вошы, беззаконьне

У сваім блогу на сайте БХД Павел Севярынец падзяліўся уражаннямі ад чарговага знаходжання на Акрэсціна.

10 красавіка пасля 10 сутак арышту за ўдзел у мітынгу абаронцаў Курапатаў 3 сакавіка на волю выйшаў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павал Севярынец.

Па словах палітыка, у яго было адчуванне, што ўлады хочуць ізаляваць яго да травеньскіх святаў. У прыватнасці, падчас знаходжання ў зняволенні ў дачыненні да яго ўзбудзілі адміністратыўныя справы за акцыю салідарнасці каля КДБ і за сустрэчу 30 сакавіка людзей з ЦІП на Акрэсціна.

Аднак 7 красавіка па справе за акцыю ля КДБ сустаршыню БХД не пакінулі за кратамі на новыя суткі, а толькі аштрафавалі на 1150 рублёў.

У сваім блогу на сайте БХД Павел Севярынец падзяліўся уражаннямі ад чарговага знаходжання на Акрэсціна.

Павел Севярынец. Фота krynica.info

 

За 20 гадоў, з 1997-га, на Акрэсьціна бываў разоў пятнаццаць. Апошнія дзесяць сутак уразілі, бо ёсьць з чым параўноўваць.

1. Відавочна, выконвалі спэцзаказ: два разы ўпіхвалі ў камэру на чатырох чалавек жыхароў вакзалу з вошамі. Сядзіць-сядзіць такі дзед, маўчыць, раптам загаляецца і пачынае, быццам з аўтамата, з трэскам лушчыць у пазногцях насякомых ды гнідаў. Бахаем у дзьверы. «Пражарка» не працуе, чакайце.

2. Мой сусед двойчы рэзаў рукі — праз пару хвілінаў можна ўбачыць, што такое «рукі па локаць у крыві». І з-за «падарункаў» з вошамі, і з-за таго, што не выводзяць на прагулку (а курцам інакш за дзень не папаліць). Пакуль прыбіраем камэру ад кропляў ды пырскаў, высьвятляецца, што ў суседа гепатыт С.

3. Кожны дзень патрабавалі хаця б венік прыбрацца ў хаце. Венік, анучу, вядро не даюць! 10 сутак... Давялося рваць рушнікі, каб вымываць камэру.

4. Паперу і асадку, якія былі ў мяне ў асабістых рэчах і перадачах, дазволілі толькі на чацьвёртыя суткі, адвакат выбіў. Тое, што афіцыйна дазволена — забаранялі, бо «рашэньне начальніка»!

5. Насупраць нас паўдні трымалі Віктара з акцыі 25-га, які 10 сутак трымаў галадоўку. Вядома толькі тое, што ён жыве насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. Дапамажыце, калі ласка, даведацца, што з чалавекам.

6. Макс Вінярскі 6 сутак галадаваў на ІЧУ, потым павезьлі ў шпіталь, адтуль ён зьнік.

7. Некалькі дзён запар прыяжджалі опэры, складалі пратаколы — то за акцыю ля КДБ, то за сьцяг ля Акрэсьціна. Даваць паказаньні адмаўляўся. У пятніцу завезьлі ў суд Цэнтральнага раёну, аформілі штраф 50 базавых за акцыю салідарнасьці з патрыётамі.

8. Стаўленьне да затрыманых — як да быдла. Пару рэплікаў спакойна — і раптам крык, мат-перамат, пагрозы. Усяго некалькі чалавек ставіліся па-людзку.

9. Гарбата, кіпяток — толькі раз на суткі, зранку, 150 грамаў. Далей пі з-пад крану.

10. Садавіна, гародніна пад забаронай. У камэры часнык!!! Ааааа!!! На прагулку ня пойдзеце!

11. Тых, каго даставілі пасьля 13:00, ня кормяць увесь дзень. А потым за поўныя суткі вылічваюць за харчаваньне (!) па 11 рублёў 50 капеек.

12. Карацей, пішам па інстанцыях. І нашым мілым эўрапейцам, каторыя дагэтуль з усьмешкай «вядуць дыялог»: смачна вам есьці на афіцыйных прыёмах.