Антон Раднянкоў. ВЫРАТАВАЦЬ ГОМЕЛЬ. Чаму другі горад краіны такі важны

Антон РАДНЯНКОЎ

Антон РАДНЯНКОЎ

Выканаўчы дырэктар сайта “Ідэя”. Менеджар праектаў у сферы ўстойлівага развіцця рэгіёнаў. Нарадзіўся ў Гомелі, вывучаў міжнародныя дачыненні ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і аналіз фінансавых рынкаў у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.

Адзін са спосабаў распазнаць краіны са слабымі эканамічнымі перспектывамі — гэта паглядзець на ролю, якую ў іх грае другі па велічыне горад.

Калі другі горад яўна дэградуе (як Санкт-Пецярбург у параўнанні з Масквой), то гэта дрэнны знак для ўсёй краіны. Калі ж другі горад развіваецца больш-менш паралельна (як Кракаў на фоне Варшавы), то гэта надае эканамічнага аптымізму. І беларуская праблема акурат у тым, што лёс Гомелю бліжэй да Санкт-Пецярбургу, чым да Кракава.

Насамрэч Гомель тут важны не проста як асобны горад — роля другога гораду кажа пра лёс Беларусі нешта большае. Суадносіны паміж сталіцай і другім горадам паказваюць, наколькі эканамічны дабрабыт раскладваецца па краіне і ці рухаецца ўся Беларусь ў правільным накірунку.

І праблема акурат у тым, што Гомель на фоне сталіцы дэградуе. Калі кажучы пра Мінск, можна ўзгадаць і МАЗ, і імклівы ІТ-сектар, то ў Гомелі ніякага падобнага поспеху, які б даў забыць пра праблемы “Гомсельмаша”, няма.

Роля Гомеля ў валавым прадукце змяншаецца, а значэнне Мінска працягвае расці. Калі Мінск, паводле афіцыйных дадзеных за 2016 год, экспартаваў тавараў і паслугаў на $12 млрд, то Гомель на $2 млрд. Калі прамыя замежныя інвестыцыі за тры кварталы 2016 году ў Мінск склалі $619 млн, то ў Гомель толькі $18 млн.

Даволі натуральна, што на такім фоне разрыў у заробках расце. У 2016 годзе, паводле Белстата, жыхары Гомелю сталі зарабляць менш на 6,5%, а жыхару Мінску на 1,1%.

Лепш за эканамічныя паказчыкі кажа выбар людзей, дзе яны імкнуцца жыць. Калі ад перапісу ў 1999 годзе да сёння Гомель вырас прыкладна на 50 тысяч жыхароў, то Мінск прыкладна на 300 тысяч. Канешне, Мінск большы, таму і расце больш, але тэмпы росту ў Гомелі ўсё адно ніжэй за сталічныя.

Хоць якога аптымізму дадае той факт, што Беларусь не адна з такімі праблемамі. Напрыклад, Лондан дзесяцігоддзямі расце хутчэй за Манчэсцер і іншыя “другія гарады” Брытаніі. Але ўсё ж ёсць момант, які адрознівае нас ад Брытаніі — там улады перадалі больш паўнамоцтваў у рэгіёны, каб яны маглі даганяць сталіцу, дастасоўваючы эканамічную палітыку да сваіх патрэб.

І дэцэнтралізацыя працуе. Самы яскравы прыклад — гэта Медэльін, другі горад Калумбіі, які яшчэ ў 1990-х быў вядомы перадусім празмернай беднасцю і дзейнасцю Пабла Эскабара. Але шмат у чым дзякуючы мясцоваму самакіраванню гэты горад стаў адным з самых інавацыйных ў свеце і адным з найлепшых для жыцця ў Паўднёвай Амерыцы.

Канешне, Гомель — не Манчэсцер і не Медэльін, але праблемы ў іх падобныя і выйсце ў іх адно — каб выратаваць другія па памеры гарады, ім трэба даць самакіраванне.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 


  • "Калі другі горад яўна дэградуе (як Санкт-Пецярбург у параўнанні з Масквой)..." Без русофобской начинки никуда. Вот только гомельский гений программирования Геннадий Короткевич уехал из Гомеля именно в Санкт-Петербург, где учится и работает. Поздравляю автора с блестящим по красоте голом. Жаль только, что в свои ворота. Ну дык для оппов это дело привычное.
  • Виктор Реста
    Зачапілі тэму , якая і мяне хвалюе. Бедная эканоміка можа высасаць рэсусы толькі для сталіцы. І сталіца сама сябе з'ядае, як і Беларусь.