Як вырасталі сэкс-сімвалы: пяць прычын скінуцца на кнігу пра вядомых беларусаў

Naviny.by распыталі герояў кнігі пра сакрэты, на якія іх раскруціў Тамковіч, і пра духоўнае багацце, якое атрымаюць людзі праз кнігу “Мазаіка жыцця”.

Беларускага чытача чакае сюрпрыз — публіцыст Аляксандр Тамковіч рыхтуе да выдання кнігу “Мазаіка жыцця”, дзе ён сабраў споведзі беларусаў, якіх пры пэўнай смеласці можна лічыць сэкс-сімваламі. Застаўся апошні крок: талакой сабраць сродкі на папяровую версію кнігі.

Ахвяраваць можна ад 5 да 5000 рублёў. Чым вышэй сума — тым больш важкая падзяка ад аўтара. Вашае імя можа нават стаць лагатыпам на вокладцы кнігі.

“Мяне б не зразумелі, калі б я глядзеў на Зміцера Вайцюшкевіча як сэкс-сімвал, але гэта так: маіх герояў можна назваць сэксуальнымі сімваламі. А можна сказаць проста — вельмі прыгожыя людзі, — разважае аўтар “Мазаікі жыцця” Аляксандр Тамковіч. — Варта толькі глянуць на фотаздымкі з прыватных архіваў герояў. Фота ў кнізе каля дзвюх соцень. Цяпер маім суразмоўцам каля 50 гадоў, каму больш, каму менш. А фотаздымкі — дзіцячыя, юнацкія. Што да жанчын, то яны вельі прыгожыя: чытачы самі ў гэтым пераканаюцца, калі пабачаць здымкі маладой Алены Анісім, Касі Камоцкай…”

“Мазаіка жыцця” — працяг кнігі “Найноўшая гісторыя ў асобах”, якая расказвае пра беларускіх мастадонтаў, пра старэйшае пакаленне: Быкаў, Барадулін, Гілевіч. “Мазаіка” — гэта другая хваля. Яе героі — людзі сярэдняга веку, якія паспелі пажыць: анансуюцца біяграфічныя споведзі музыкаў, паэтаў, пісьменнікаў, культурных і грамадскіх дзеячоў, рэжысёраў, мастакоў… Агулам 26 асобаў, сярод якіх Зміцер Вайцюшкевіч, Алег Хаменка, Алена Анісім, Віктар Марціновіч, Барыс Пятровіч, Юлія Чарняўская, Ніна Шыдлоўская і іншыя.

Naviny.by распыталі герояў кнігі пра сакрэты, на якія іх раскруціў Тамковіч, і пра духоўнае багацце, якое атрымаюць людзі праз кнігу “Мазаіка жыцця”.

 

“Чысты аб’ект кахання”, паэт Андрэй Хадановіч пра раскрыццё душы і гаманца

— Да спадара Аляксандра я прыходжу як да псіхааналітыка. Хутка забываю пра дыктафон, плыву за хваляй сваіх асацыяцыяў, шчыра выгаворваюся, бо суразмоўца ўмее заахвоціць. А потым ён дасылае мне тэкст, з якога вынікае, што гэта можа быць цікава не толькі мне аднаму, але і самым розным чытачам.

Хочаш свята — бяры і арганізуй яго сабе. Напрыклад, падтрымаўшы цікавую табе кніжку.

Андрэй Хадановіч

Большасць найцікавейшых апошніх выданняў адбылася менавіта дзякуючы краўдфандынгу. У нашай краіне, дзе культурная палітыка адсутнічае як такая, нам няма ад каго чакаць дапамогі, апроч саміх сябе. Хочаш свята — бяры і арганізуй яго сабе. Напрыклад, падтрымаўшы цікавую табе кніжку. Тым больш такую, як у спадара Тамковіча — з цэлым шэрагам цікавых споведзяў цікавых асобаў.

 

Герой дзявочых мрояў, пісьменнік Віктар Марціновіч

— Спадар Аляксандр задумаў галерэю партрэтаў, напісаную з вельмі блізкай адлегласці. Часам ён задаваў пытанні, на якія я не мог адказаць. Але нават і без гэтых адказаў размова выглядае вельмі шчырай.

Нашай сучаснасці бракуе герояў. Спадар Аляксандр расказвае пра бягучы час праз партрэты сучаснікаў.

Віктар Марціновіч

Справа ў тым, што спадар Аляксандр — мой зямляк. У маім дзяцінстве быў западэнцкі каталіцкі горад маёй бабулі, Ашмяны. Горад, у якім прымаліся польскія тэлеканалы, пад домам — рака, з балкона бачны поплаў, а за ім, далёка — Літва. Проста дзяцінства для любога пісьменніка — невычарпальная крыніца для натхнення. Таму размова пра дзяцінства, пра ашмянскія ўспаміны атрымалася вельмі шчырай.

Чаму я раю падтрымаць гэтую кнігу? Разумееце, нашай сучаснасці бракуе герояў. Спадар Аляксандр расказвае пра бягучы час праз партрэты сучаснікаў. З ягонай галерэі можна зразумець болей пра першыя два стагоддзі незалежай Беларусі, чым з залі Бройгеля ў Венскім кунстхаўзе — пра побыт фламандцаў у XVI стагоддзі.

 

Дэпутатка Алена Анісім галасуе за праўду жыцця

— Тамковіч хоча прасачыць жыццё і фарміраванне чалавека з грамадскай пазіцыі. Вось мяне як асобу фарміраваў больш бацька: вучыў мяне катацца на каньках, ключавыя фразы бацька казаў. Вось выраз “я ў тваіх бедах не вінаваты” я запомніла на ўсё жыццё, і зараз часта прыгадваю. Бацька дарыў мне кнігі Купалы і Коласа, на гэтым я і гадавалася, плюс нашае стаўбцоўскае асяроддзе.

Вось выраз “я ў тваіх бедах не вінаваты” я запомніла на ўсё жыццё, і зараз часта прыгадваю.

Алена Анісім

Я раю падтрымаць выданне кнігі “Мазаіка жыцця”, таму што перадусім вельмі паважаю Аляксандра Тамковіча: ён апантаны сваёй працай і піша пазітыўна, станоўча, імкнецца быць аб’ектыўным. Яго работа знаходзіць розгалас. Яго праца і іншых незалежных журналістаў агулам вельмі важная, дазваляе людзям бачыць жыццё такім, як яно ёсць, не станавіцца замбаванымі. Тамковіч дазваляе нам больш поўна і аб’ектыўна бачыць адлюстраванне нашага жыцця у тым ліку праз прызму дзейнасці герояў яго кнігі.

 

Аргумент рок-зоркі Алега Хаменкі

— Без культуры няма хлебу. Каб хлеб быў, трэба культура аратага, культура поля, культура самога хлеба, культура і традыцыі вырабу самога хлеба. Тады будзе хлеб заўтрашні. А без культуры будзе нейкая безсэнсоўная жратва. Хто разумее гэта, той адгукаецца на запыты краўдфандынгу. Бо падтрымка культуры — гэта патрэбна нам усім.

Без культуры будзе нейкая безсэнсоўная жратва.

Алег Хаменка

Большасць нашых краўдфандынгавых праектаў — гэта соцыакультурныя праекты. Гэта паказвае, што дзяржаўныя людзі займаюцца не тым, чым патрэбна, бо культура павінна фінансавацца перадусім дзяржавай — так ва ўсім свеце. І пакуль не будзе правільнага ладавання культуры, то займацца бізнэсам безсэнсоўна. Людзі разумеюць гэта і падтрымліваюць культуру праз краўдфандынг.

 

Аляксандр Тамковіч раскруціў Вайцюшкевіча на прызнанне ў злачынстве

— Я разумею, што нашыя людзі не ўсе Абрамовічы: не маюць яхты і футбольныя клубы. Але ў нас іншага выйсця няма. Таму запрашаю ўсіх падтрымаць выданне кнігі.

Мы пра сваіх куміраў мала ведаем. Будуць гісторыі, пра якія можна даведацца толькі з гэтай кнігі.

Я разумею, што нашыя людзі не ўсе Абрамовічы, не маюць яхты і футбольныя клубы. Але ў нас іншага выйсця няма.

Аляксандр Тамковіч

Вось Хадановіч узгадвае знакамітую канапу Кіма Хадзеева — легендарнага прадстаўніка савецкага андэграўнда ў Мінску, дзе замест падушак ляжалі кнігі. Андрэй узгадвае, як у маладосці прыйшоў у госці да Кіма Хадзеева і атрымаў дэфіцытную літаратуру з канапы. А Кірчук расказваў, што ў яго дзяцінстве перад уваходам у касцёл у Лідзе стаялі камсамольцыі і перапісвалі тых, хто ішоў маліцца. Я ўпэўнены, што мала хто ведае, як Зміцер Вайцюшкевіч спяваў у мінскіх пераходах. Ён спрабаваў гандляваць на Камароўцы вырабамі з крышталя: сам ён з Бярозы, а там — крыштальны край. Нейкія хлопцы на базары падыйшлі, кошт запыталіся, а пасля корачкі паказалі, Вайцюшкевіч паехаў з імі ў міліцыю і гэтым бізнэсам займацца кінуў.

У энцыклапедыях ёсць момант афіцыйнасці, жыццё чалавека ўціскаецца ў некалькі радкоў. А тут, у кнізе — разгорнуты нарыс пра жыццё чалавека.

 

Ахвяраваць на выданне кнігі можна тут. Да заканчэння акцыі засталося крыху больш за дваццаць дзён.