Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Краёвая хрысціянская партыя

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Менавіта пачатак ХХ стагоддзя з яго тэктанічнымі ўзрушэннямі стаў часам выспявання ідэі масавай беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі.

З аднаго боку, нацыянальнае абуджэнне ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў насіла выразны хрысціянскі і адначасна народніцкі характар — як вядома, большасць першых адраджэнцаў былі дзецьмі вуніяцкіх святароў. З іншага боку, разгортванне сусветнага сацыялістычнага руху штурхала актыўных вернікаў “злева” — у Беларусі пашыраліся рэвалюцыйныя гурткі (“Гоман”), ствараліся рэвалюцыйныя (БРП, БРГ) і сацыялістычныя групы (РСДРП, эсэры, Бунд).

У выніку першай расейскай рэвалюцыі ў кастрычніку 1905 году цар Мікалай ІІ быў вымушаны выдаць Маніфэст пра грамадскія і палітычныя свабоды — і па ўсёй імперыі закіпелі палітычныя сілы, разбуджаныя агульным рухам ды магчымасцю заявіць пра сябе.

Па ўсёй тагачаснай Расеі, а найперш на нацыянальных ускраінах, штодня ішлі мітынгі, сходы й ствараліся разнастайныя аб’яднанні. Былі абвешчаныя выбары ў Дзяржаўную думу. Разам з агульнарасейскімі ўзнікалі нацыянальныя ды класавыя мясцовыя партыі.

На беларускіх землях найбольш арганізаванымі сіламі, акрамя імперскага бюракратычна-вайсковага апарату, былі праваслаўная царква, буйныя землеўладальнікі й каталіцкі Касцёл. Менавіта ў іх асяроддзі ішло абмеркаванне, як выходзіць з крызісу, ад якога пачало ліхаманіць найбуйнейшую дзяржаву тагачаснага свету.

З боку краёвай эліты ініцыятыву ўзяў на сябе біскуп каталіцкага касцёлу, барон Эдвард фон Роп. Паходжаннем з Дзвінску (сённяшні Даўгаўпілс), нашчадак нямецкіх каланістаў Прыбалтыкі, Роп добра ведаў жыццё на былых абшарах ВКЛ, быў аўтарытэтам для тутэйшых памешчыкаў ды шляхты, а да таго ж як біскуп меў выхад да шырокай масы вернікаў-сялянаў.

Дбаннем Ропа ў Вільні ды Гародні ўжо ў 1905 годзе былі створаныя суполкі “Каталіцкага таварыства рабочых “Адзінства” — правобраз хрысціянскіх прафсаюзаў. Палітычным ідэалам для біскупа Ропа была “Партыя цэнтру” ў германскім парламенце — фактычна, першая еўрапейская хрысціянска-дэмакратычная партыя.

Напрыканцы 1905 года ў Вільні Эдвард фон Роп разам са сваімі паплечнікамі абвясцілі пра стварэнне Канстытуцыйна-Каталіцкай Партыі Літвы і Беларусі (ККПЛБ). 7 лютага 1906 года ў Вільні адбыўся першы з’езд ККПЛБ, у якім удзельнічала каля 1000 сябраў і прыхільнікаў.

Блізкі па поглядах да агульнарасейскай партыі канстытуцыйных дэмакратаў (кадэтаў), біскуп Роп выкарыстаў іх праграму для падрыхтоўкі дакумантаў ККПЛБ, дапоўніў іх шэрагам хрысціянскіх прынцыпаў і сфармуляваных інтарэсаў краёвай эліты. Характэрна, што першым пунктам партыйнай праграмы стаяў раздзел аб адукацыі. ККПЛБ патрабавала стварэння бясплатнай народнай школы з навучаннем на роднай мове (польскай, літоўскай, беларускай) і абавязковым вывучэннем рэлігіі.

Праект праграмы рассылаўся для абмеркавання па каталіцкіх парафіях Літвы і Беларусі. З дапамогай мясцовых ксяндзоў ККПЛБ правяла моцную кампанію сярод тых, хто меў права голасу на выбарах — найперш сярод заможнага сялянства і памешчыкаў.

Дзеля забеспячэння шырокай агітацыі ККПЛБ заснавала адразу некалькі польскамоўных хрысціянска-дэмакратычных газэтаў: гарадскую штодзённую “Навіны Віленскі” (у лютым-сакавіку выйшла 32 нумары), штотыднёвік “Пшыяцель люду” для сялянаў і рамеснікаў, які пратрываў да 1910 году, і штотыднёвік для рабочых “Таважыш працы”.

Галоўнай апорай партыі сталі сяляне-каталікі зь беларускіх і літоўскіх вёсак, частка дробнай каталіцкай шляхты і інтэлігенцыі. Менавіта масавасць і папулярнасць ККПЛБ прывялі да таго, што яе разглядалі як моцнага хаўрусніка супраць самадзяржаўя ды чарнасоценства і кадэты, і краёвыя кансерватары, і польскі рух, і габрэйскія арганізацыі.

У выніку ў пачатку 1906 года у першую Дзяржаўную думу было выбрана 17 дэпутатаў — чальцоў і прыхільнікаў ККПЛБ. Найбольш выбітнымі сярод іх былі ідэолаг партыі, аўтар “Нацыянальнага катэхізму”, кароль вузкакалейкі, які займаўся будаўніцтвам чыгункі ў краі, Баляслаў Ялавецкі, “народны ксёндз”, які адстоўваў у Пружанскім павеце інтарэсы сялянаў, Антоній Сангайла, дырэктар Віленскага зямельнага банку Юзаф Монтвіл, старшыня Віцебскага таварыства сельскай гаспадаркі Станіслаў Лапацінскі. Большасць з іх вызнавала сябе палякамі, некаторыя — літоўцамі.

Расейскія ўлады былі агаломшаныя поспехам краёвай каталіцкай партыі — і ўжо ў пачатку сакавіка 1906 года загадам віленскага генерал-губернатара Канстанціна Кршывіцкага (пасля запіскі міністра унутраных справаў Расейскай імперыі Дурнаво) сходы ККПЛБ былі забароненыя. Партыя абвясціла пра спыненне сваёй працы — бо не бачыла магчымасці дзейнічаць нелегальна. Самога біскупа Ропа ў 1907 годзе выслалі з Вільні.

Сабраная першая Дума мела пераважна ліберальны характар, рэй у ёй вяла партыя кадэтаў, і іх сутыкненне з напалоханай самадзяржаўнай машынай скончылася роспускам. Дэпутаты ККПЛБ паспелі ўсяго некалькі разоў выступіць на пленарных паседжаннях (найперш па аграрным пытанні). Але поспех дэмакратычнай партыі, заснаванай на хрысціянскіх прынцыпах, быў відавочны.

Царская рэакцыя, разгон наступнай Думы, карныя меры супраць апазіцыі і рэформы Сталыпіна падарвалі пазіцыі кадэтаў ды левых. Першая спроба стварыць на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага дэмакратычную партыю на рэлігійных асновах засталася адно яркай успышкай.

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.