“Я сама вучылася па-беларуску, таму і сына аддаю ў беларускамоўны клaс”

У Гомелі ў гарадской гімназіі № 36 імя Івана Мележа два дзесяткі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія залічаны ў 1“А” клас, пачалі сёння навучанне па-беларуску. Гэта адзіная ў паўмільённым горадзе агульнаадукацыйная ўстанова, дзе гарадскія дзеці атрымліваюць веды на роднай мове.

Гімназія № 36 імя Івана Мележа

“Я сама вучылася ў гэтай гімназіі, і таксама па-беларуску. І балы заўсёды высокія былі. Таму і сына аддаю ў беларускамоўны клас”, — кажа Алеся Пазнякова, маці першакласніка Ігната Пазнякова.

Першакласнік Ігнат Пазнякоў

Сям’я Пазняковых

Выпраўляюць Ігната ў “краіну ведаў” усім сямействам: маці, бацька, малодшая сястрычка, а таксама бабуля Ала.

“У мяне ў самой трое дзяцей, — тлумачыць Ала Уладзіміраўна. — Алеся меншая ў сям’і, яна ў гандлі працуе, крамай загадвае. Яшчэ два сыны старэйшыя — таксама вучыліся ў гэтай гімназіі. Добра скончылі. Адзін — будаўнік, другі — у сістэме Міністэрства надзвычайных сітуацыяў працуе. З беларускай мовай мы адчуваем сябе беларусамі”.

Першакласнік Дзіаніс з братам

З бацькамі і старэйшым братам прыйшоў у першы беларускамоўны клас і Дзіаніс Шашкоў.

“У нас шматдзетная сям’я, гадуем з жонкаю траіх сыноў, — апавядае бацька першакласніка Эдуард. — Пераехалі ў Гомель з Брагінскага раёну. Дзіаніс у сям’і серадольшы. Аддалі ў беларускамоўны кляс, бо і старэйшы сын пачынаў вучобу па-беларуску.  Я так лічу: сваю мову трэба шанаваць, яна спатрэбіцца ў жыцці, каб быць у Беларусі сучасным спэцыялістам”.

Першы “А” на ўрачыстай лінейцы

Гімназія сёлета другі год запал набрала беларускамоўны клас. У пэўным сэнсе яна ратуе імідж беларускамоўнай адукацыі ў паўмільённым горадзе. Бо ў сярэдзіне 90-х гадоў у Гомелі 76 адсоткаў першакласнікаў навучаліся па-беларуску.