Дома сумна. Дзе цэнтр Еўропы? У Шо

Возера Шо — адно з самых вялікіх у Беларусі. Але не глыбокае — тры метры максімум.

На цягніку рэгіянальных ліній эканом-класу, заплаціўшы менш за рубель ад Полацку да станцыі Зябкі і там адскочыўшы на 11 кіламетраў убок, мы трапілі ў самы цэнтр Еўропы — на возера Шо.

Аўтаспын — першы барометр настрояў і чалавечнага стаўлення ў нашых падарожжах. Мясціны, дзе ніводная машына не спыняецца пад узнятую дагары руку на працягу гадзінаў, ужо гавораць самі за сябе і насельнікаў.

Але тут, у цэнтры Еўропы, паміж азёраў, спын прыемны і лёгкі: воблачка пылу ўздымае ля ног першы сустрэты аўтамабіль, грошы за праезд мясцовыя ці ўвогуле не бяруць, ці даводзіцца доўга ўгаворваць. За дзень, акруціўшыся туды-сюды, мы спынілі пяць машынаў, ніводны кіроўца не адмовіўся падкінуць.

Тэст паспяхова пройдзены! Такія мясціны варта даследаваць.

 

«Забралі ў нас цэнтр Еўропы, перанеслі ў Полацк»

«Гэта во такі во закутак у нас. Але ж дачнікам падабаецца. Едуць з гарадоў сюды, з Мінску, Віцебску. Кажуць — зацішна тут. А я смяюся — прыехалі ў балота», — кажа пра сваю вёску 85-гадовая Ефрасіння Васільеўна Пахілка.

Але ж гэта самы цэнтр Еўропы, які знаходзіцца ў самым што ні на ёсць цэнтры возера Шо, на беразе якога — аднайменная вёска. Так вылічылі вучоныя. А потым цэнтр чамусьці «перабраўся» ў Полацк. Маўляў, яшчэ раз пералічылі, перамералі — памыліліся трохі, выпраўляемся. Як гэта — у возеры цэнтр Еўропы? У Полацку яму будзе ямчэй, людзям — зручней, начальству, зноў жа — прыемней.

«Ат, не верце нікому, у нас цэнтр! На возеры! Тут жа прыязджалі і літоўцы, і італьянцы, немцы, з Масквы нехта, вучоныя розныя, лічылі, вымяралі, са спадарожніка нешта ў возера кідалі. Тут цэнтр Еўропы — так і казалі. Тут хацелі, на беразе возера Шо, пабудаваць домікі, развіць інфраструктуру, шпіль паставіць. Але ж вы ведаеце, якія ў нас начальнічкі? Забралі грошы — а нічога не зрабілі. А мо і грошы не ўзялі — абы толькі нічога не рабіць. Потым перанеслі цэнтр у Полацк — ну і ўсё, а вы сабе як хочаце. Не, спачатку ў Івесь перанеслі, маўляў — там цэнтр. Паставілі каменьчык, на яго — жалязяку. Так і стаіць. А потым ужо і наогул у Полацк цэнтр забралі», — з некаторай крыўдай распавядаюць жыхары вёскі Шо.

Цэнтр Еўропы, бядуюць яны, а жыць няма каму. З мясцовых засталося 14 чалавек, плюс дачнікі. Мясціны тут узгорыстыя і маляўнічыя, да гарадоў — далёка, да возера з рыбай і лесу з грыбамі — блізка.

Возера Шо — адно з самых вялікіх у Беларусі. Але не глыбокае — тры метры максімум. Мясцовыя кажуць, што на дне возера — некропаль, каменныя крыжы. А за вёскай, на лясных могілках, пахаваныя аўстрыякі, забітыя ў Першую сусветную. Лес хавае і старажытныя курганныя магільнікі.

Чаму вёска называецца Шо? Тут мясцовыя выказваюць некалькі версій. Адна з іх — жыла тут пані па прозвішчу Жаба. Яна любіла перапытваць: «Сшо?». Вёска спачатку так і называлася — Сшо. Нават у пашпартах так пісалі.

Іншая версія — жыў нейкі пан, глухаваты. І ішлі паўз вёску нейкія валацугі, кшталту нас, пыталіся яны ў пана: «Як вёска ваша называецца?» А той у адказ: «Шо? Шо?». Так і назвалі.

Мясцовы жыхар Сцяпан Сцяпанавіч аўтарытэтна заяўляе, што гэта ўсё няпраўда. А праўда тое, што назва вёскі мае шведскае паходжанне. Ці балцкае — так кажуць іншыя.

 

«Калі зараз будзе вайна — дык я пайду і ўтаплюся! Бо гэта так страшненька!»

Спрактыкаваным вокам аглядаем хаты вёскі Шо. Тут дачнікі, там дачнікі. А тут мусіць мясцовыя. Тая самая 85-гадовая Ефрасіння Васільеўна. Гасцінна кліча ў хату. На двары завіхаецца ўнук, ужо пенсіянер, з нявесткай.

«І праўнукі ёсць, і прапраўнукі», — кажа пенсіянерка. А дзеці на лета з гораду прыехалі. Глядзяць маці і агарод.

«Во дзе во кветак насадзіла нявестка, усюды. Сяджу зараз у кветках, адна радасць», — смяецца Ефрасіння Васільеўна.

Ефрасіння Васільеўна распавядае пра жыццё, паўтарае ўсё, як быццам прыпеў у песні: «Ат, пражыла... Нічога добрага не бачыла. Нічога».

«Маладая была — ну толькі што ўся сіла была, што малады, што ўсе пройдзеш — і ваду, і мора, і выйдзеш на сухое. А так, як у дзеўкі ўваходзіла — тут вайна, блакада была, партызанская зона. І траву елі, і ўсё. Што вы думаеце, не дай Бог якое жыццё пражыла. А цяпер добра жыць — дык што ж, ужо старасць», — перабірае ўспаміны, як пацеркі, пенсіянерка.

Яна ўзгадвае, як ездзіла да ўнучкі на вяселле ў Мінск. О там прыгожа! «А дачнікі сюды едуць — надта ім тут падабаецца. А я прыехала з Мінску, і свайму дачніку так: у вас галоў, кажу, няма, у балота прыехалі! А там у вас такая прыгажосць! Я б там у Мінску схадзіла ў сталоўку, паела бы, і нічога мне не трэба — сядзела бы на лаўцы, начавала — бо як запалілі вечарам агні — ах, як прыгожа. А дачнік кажа — а нам усё надаела, нам хочацца, каб цішыня была. Во бачыце як яно во», — зморшчыны кладуцца пад жывыя прамяністыя вочы, сцежка да сцежкі, збягаюцца паралельна, як барозны на ўзараным полі.

Вяртаецца думкамі да вайны. Узгадвае, як сагналі немцы іх у Псую, сабраліся расстраляць. А старыя кабеты на каленях прасіліся ў немцаў — і тыя зжаліліся, і нават двух кароў далі. Сказалі — ідзіце, куды хочаце. Аж тых кароў партызаны забралі.

Ноччу партызаны хадзілі, «то карову выцягнуць, то кабанчыка», днём — немцы, нідзе спасу не было. Нехта данёс немцам, што партызаны кароў забралі — тыя прыйшлі людзей паліць. Сагналі ў хату, абклалі саломай — зараз смерць вам будзе.

«Аж у нас святар быў, бацюшка, ён нямецкую ведаў, нешта пагаварыў з немцамі — тыя нас адпусцілі. А так жа — і плакалі там усе, і пішчалі. Во як яно во, які страх перажылі. А таго афіцэра нямецкага я і зараз памятаю, ён ужо, пэўна, не жыве. Столькі было немцаў, панаехаўшы», — перажывае жанчына.

«Калі, барані Божачка, зараз вайна будзе, то я пайду ды утаплюся, як страшненька у вайну! Хай Бог бароніць! Ай-яй-яй... Як падумаю — як чалавечак народзіцца, так яго гадуюць, так трасуцца над ім — а яго возьмуць і застрэляць. Гэта няправільна зроблена, так цяжка гадаваць чалавека, і так страляюць лёгка, гэта дужа страшна», — дзеліцца вяскоўка.

А зараз як? Што цяперака... Каб пенсію трохі большую. Бо ўсё ж такое дарагое. А дзеці-унукі прыедуць — нешта трэба на стол пакласці.

 

«Пасля вайны нас не чапалі — не было чаго ўзяць »

Сцяпан Сцяпанавіч Скрабатун па-гаспадарску аглядае родныя краявіды. Тлумачыць і пра тапаніміку, і пра старажытныя курганы, і пра некропаль на дне Шо. Яшчэ аказваецца, што нават маленькая гэта вёска Шо складаецца з чатырох вёсачак, якія раней мелі назвы Жабіньшчына, Забалотнішча, Лугаўшчына і Гараўцы.

Па словах Сцяпана Сцяпанавіча, савецкай улады тут не было ад канца вайны і да 1952 году.

«Толькі ў 1952 годзе арганізавалі калгас. Пасля вайны нам далі свабоду — бо з нас не было чаго ўзяць, не чапалі нас, ды і ў іх сілы не было тады. А як мы разжыліся, па два кані пачалі трымаць, па чатыры каровы — тут і яны прыйшлі, калгас арганізаваць, забралі нават хлявы, не толькі кароў і коней», — вось так было.

Сам Сцяпан Сцяпанавіч нарадзіўся ў Германіі, куды былі высланыя ў вайну яго бацькі. «А ад расейцаў нам усё гэта і ідзе — яны нас прыгоннымі зрабілі, потым нам жа калгасы стварылі, туды загналі. А куды ад іх дзецца? А куды ты дзенешся, такая наша доля», — філасофскі заўважае пенсіянер.

Жыхароў Расіі зараз тут шмат бывае: прыязджаюць на рыбалку, паляванне, адпачываць на аграсядзібе. Спрабавалі і мы туды тыцнуцца, каб «як людзі», але кошт у 100 рублёў за суткі з чалавека спыніў нас. Урэшце, прыгожае возера Свядна ў суседняй вёсцы Зябкі гасцінна прыняло нас на сваім беразе і бясплатна.

 

Дух шляхціца Завальні на возера Свядна

Менавіта тут, на Свядне, мы адчулі дух шляхціца Завальні! Ноччу, калі мы нема ўтаропіліся ў неверагодна прыгожае зоркавае неба, да нашага вогнішча прыбрыў нейкі чалавек. Ён пазнаёміў нас з новымі «героямі» сучаснага фальклору. Дзе там Кавалю-чараўніку, ці Пану, ці Цмоку, ці ўсім нячысцікам, усім гэтым Ёўнікам, Жэўжыкам і Жыценям да Старшыні Выканкаму, Генералу ФСБ, і Чорнай Машынкі!

Дагарае вогнішча, незнаёмец ледзь не шэптам распавядае страшныя казкі, як у дзяцінстве пра «чорную руку».

«Мне знаёмы казаў, маёй кумы сусед, ён працаваў у Гомельскай вобласці, кіроўцам. І на выбары вёз бюлетэні, з участкаў. І на шашы пад’ехала да іх Чорная Машынка, усе бюлетэні выгрузілі, і галоўнае — моўчкі, а ім іншыя паклалі. І моўчкі, ні слова, ні паўслова! Толькі забаранілі каму-небудзь гаварыць пра гэта. Ён так спалохаўся, што звольніўся. А то, колькі гадоў таму, прыехалі сюды нейкія замежныя журналісты, шукаць кампрамат, ну, на Таго. І вось кабета знікла, і яе шукаюць да гэтага часу, не могуць знайсці, а яе спадарожнік, таксама журналіст, уцёк у Расію, сядзіць там і маўчыць, нічога не гаворыць. Во яно гэтак во было...»

Ад такіх апавяданняў прыціхлі не толькі мы, але і камары за вогнішчам прыгнулі да травы галовы, а жабы, што роспачна крычалі нядаўна — як вады ў рот набралі. А можа і набралі са страху — там цёмна і страшна, мы не бачылі. А той працягваў далей.

«А яшчэ быў Старшыня Выканкаму, ён з абедзеннага перапынку вяртаўся ў адміністрацыйны будынак не праз пешаходны пераход, а наўпрост праз плошчу. Каля яго спыніўся Чорны Джып з расійскімі нумарамі. Адтуль выйшаў нейкі бугай, у два разы большы за старшыню, ён схапіў яго за вуха, давёў да «зебры» і паказаў, як трэба выконваць правілы дарожнага руху. А людзі ўсе стаялі, на мабільнікі здымалі, потым у інтэрнэт выкінулі. Але інтэрнэт КДБ адразу пачысціла — нічога нідзе не захавалася. Агаломшаны старшыня лыпаў вачамі, тым часам бугай сеў і паехаў. Але на выездзе з горада быў спынены даішнікамі з патрабаваннямі прад’явіць дакументы. Той паказаў сваё пасведчанне генерала ФСБ РФ — і спалоханыя даішнікі прыклалі дрыжачыя рукі да фуражак. Во гэтак во было», — незнаёмец, бачачы нашыя спалоханыя вочы, задаволена смяяўся.

Ён распавядаў пра палігон пад Полацкам, дзе можна назбіраць — ён сведка — 28 вядзёр лісічак, і тады здаць іх (па тры-пяць рублёў) — і ні ў чым сабе не адмаўляць.

Распавядаў пра возера Доўгае — самае глыбокае ў Беларусі. А па-руску яно няправільна называецца — Долгое, таму што павінна было б быць Длинное, гэта проста з беларускай мовы так няўдала пераклалі, а дакладней — нашую назву скралі — Доўгае, ці Даўгое. Бо яно праўда выцягнутае моцна ў даўжыню. І праўда яно самае глыбокае, да 60 метраў. Мясцовыя кажуць, што нават да ста, але дакументальна гэта не пацверджана.

«На Доўгае едуць розныя людзі. Неяк нудысты прыехалі, плылі голыя на лодачках, усе, чалавек дваццаць, уявіце! А потым сектанты нейкія прыехалі — сталі на возеры ў кола, і нейкі нібы святар сярод іх, але не бацюшка і не ксёндз, нейкі ў шэрым, сталі ў кола, за рукі ўзяліся і стаяць», — распавядае начны незнаёмец.

Яшчэ ён распавядаў, што гэтыя мясціны маюць своеасаблівую аўру, таямнічасць і прыгажосць. Вось гэта — дакладна, даследавана намі эмпірычным шляхам. Тут асаблівыя мясціны, людзі, мова.

 

Цудадзейнае вяртанне дыктафону

Са старшынёй сельсавету ў Зябках Ігарам Ціманоўскім стаім на возеры Доўгім.

«Нда... Ну так.. Во як яно во было», — устаўляем свае пяць капеек, спрабуючы ўявіць, як ішлі тут леднікі, сутыкаліся тэктанічныя пліты, наогул — што тут была за прыродная вайна без удзелу чалавека тысячагоддзі таму, што ўтварылася такая дзірка на 60 метраў, дзе зараз возера Доўгае?

Старшыні сельсавету — наша асобная падзяка. Ноччу на возеры Свядна мы згубілі свой дыктафон. Мабыць, праз «страшныя» размовы з начным незнаёмцам. Тое, што згубілі, заўважылі толькі за 600 км ад Зябкаў. Але старшыня сельсавету па нашай тэлефоннай просьбе выправіўся на пошукі — і знайшоў на возеры нашу дарагую тэхніку! А нам прыйшлося, не без задавальнення — вяртацца ў гэтыя казачныя мясціны. Мы абвяшчаем знаходку дыктафона цудадзейным вяртаннем згубленага-страчанага.

...У Зябках інтэрнэт абяцаў нам паказаць краязнаўчы музей у будынку старой школы, і стары ж млын. Музей зачынены, школа таксама.

Будынак старога млыну

«Вёска вымірае, і працы няма ніякай, толькі вось чыгуначная станцыя засталася. Дык і тое — ужо надумалі, там, наверсе, каб тут цягнікі не спыняліся, але людзі выступілі супраць. Так пяць дзён не спыняліся, а потым зноў — вярнулі назад. Раней прадавалі на станцыі 400-500 квіткоў, зараз толькі 40-50. Такія справы. І працы няма нідзе тут, ніякай. А выганяць жа людзей нібыта нельга, дык яны скарачаюць — і прапануюць працу, скажам, у Воршы, за сто кіламетраў. Ты адмовішся — твае праблемы, яны галачку паставілі — працу ж прапанавалі», — роспачна разводзяць рукамі мясцовыя.

Клубы і школы зачыняюць, амбулаторыі скарачаюць, ашчадныя касы, пошты — таксама... Стары млын, праўда, пакуль стаіць, але нічога не меле.

Во як яно было...

 


  • X_Mit to
    філасофскі --------------- па-філасофску