«Захад-2017». Як журналіст ледзь не стаў ваеннапалонным

Карэспандэнт БелаПАН выправіўся зрабіць рэпартаж с Асіповіцкага палігону і трапіў амаль у палон.

Журналіст, які ледзь не стаў ваеннапалонным, — аўтар гэтага тэксту. Журналісцкая цікаўнасць прывяла мяне ў лясок, які хавае Асіповіцкі палігон. Гэты вайсковы аб’ект — адзін з тых, на якіх неўзабаве пачнуцца вучэнні «Захад-2017». Выбіраючыся ў дарогу з Магілёва, я не дапускаў і думкі, што мяне чакаюць настолькі захапляльныя «ваенныя» прыгоды.

 

Пабываць на «маленькай вайне» і адчуць яе атмасферу

«Вайсковыя вучэнні — гэта маленькая вайна са сваімі ахвярамі». Такую думку давялося агучыць у гутарцы з беларускімі вайскоўцамі, якіх выклікала «засада», выстаўленая на лясной дарозе непадалёк ад Асіповіцкага палігона. Гэтую дарогу мне паказалі жыхары вёскі Пратасевічы. Паселішча кіламетры за тры ад вайсковага аб’екта.

«Той дарогай будзе бліжэй», — казаў пра кірунак вясковец, паказваючы на невялікі масток у полі.

«Як што, — таямніча дадаў ён, — то вам падкажуць».

Так выглядае дарога ў вайну (фота жыхара Пратасевіч)

Дарога вывела ў лясок, напоўнены гулам, які то набліжаўся, то аддаляўся. На ўзлеску — сметнік ды жывёльны могільнік з характэрным смуродам. У лесе пры дарозе некалькі легкавушак.

Пад яблынькай у «засадзе» пільнавалі дарогу двое вайскоўцаў. Мне здалося, што першым пост убачыў я. На мой візіт вайскоўцы адрэагавалі, выклікаўшы «падмогу», якая і мелася са мною разбірацца...

…Калі выбіраўся ў Асіповічы, мэта паездкі сфармулявалася нібыта сама сабою. Вучэнні «Захад-2017» ужо сталі хітом медыйнай прасторы, і не толькі беларускай. Манеўры абсмактаныя з усіх магчымых ракурсаў. Мне ж хацелася пабыць бліжэй да «маленькай вайны», адчуць яе атмасферу, пагутарыць з тымі, хто будзе ў яе асяродку. Па-за ўвагай не заставалася журналісцкая прага займець эксклюзіў. У якой форме ён меўся ўвасобіцца, наперад не думалася…

 

Манеўры з абарончым характарам

…На сігнал «засады» прыбыла група беларускіх вайскоўцаў. Пасля спраўджання дакументаў было сказана, што наступнымі маімі суразмоўцамі будуць прадстаўнікі вайсковых пракуратураў Беларусі і Расеі.

З вайскоўцамі, пакуль не прыехалі пракурорскія, гаварылася пра многае. Яны настойвалі, што вучэнні носяць выключна абарончы характар. Паводле іх, манеўры прадуманыя такім чынам, што магчымасць ахвяраў мінімізаваная. Маё ж зьяўленне ў лесе ўспрымалася, гэта адзначалася з гумарам, як праверка пільнасці вайсковай аховы.

Вайскоўцы асабліва падкрэслівалі паважлівае стаўленне да беларускай мовы, пры гэтым пералічвалі прычыны, якія перашкаджаюць ім загаварыць па-беларуску.

Помнік партызану ў Асіповічах

Адзін з вайскоўцаў запытаўся, як будзе адзначацца сёлета 8 верасня. На тым, хто менавіта будзе адзначаць гэты дзень, ён увагу не акцэнтаваў, але і так было зразумела.

Афіцэр не стаў пярэчыць, што перамогу на Крапівенскім полі павінна найперш святкаваць беларускае войска. Пагадзіўся і з тым, што ў беларусаў ёсць свае военачальнікі, якіх варта ўслаўляць. Беларускі афіцэр сам згадаў Сапегаў, Радзівілаў ды Астрожскіх. Знайшлі паразуменне з беларускімі вайскоўцамі і ў тым, што Беларусь павінна сама вызначаць свае нацыянальныя інтарэсы.

Троху пагаварылі пра ролю сродкаў масавай інфармацыі. Прыгадалі пачатак 1990-х гадоў, калі газеты былі дужа запатрабаваныя і па іх стаялі ў чэргах. Падыскутавалі пра цяперашнія рэаліі, у якіх запанаваў інтэрнэт…

…Пра Асіповіцкі палігон ведаў даўно. Жаданне пабываць на ім абвастрылася, калі зʼявілася паведамленне, што на вайсковым аб’екце загінуў цывільны жыхар Асіповіч. 13 жніўня БЕЛТА напісала, што грыбнік на палігоне падарваўся на невядомым выбуховым прыстасаванні. На сайце дзяржаўнага агенцтва адзначаецца, што па перыметры палігона выстаўленыя засцерагальныя знакі. Прачытаўшы паведамлене, падумалася, што гэта за ваенны аб’ект, па якім разгульваюць цывільныя. Што да засцерагальных знакаў, то на лясной дарозе я іх не пабачыў, хоць мяне запэўнівалі, што яны вывешаныя, але высока…

 

Журналіст ля палігона — «дыверсант» і правакацыя

…Першымі прыехалі разбірацца са мною двое прадстаўнікоў вайсковай пракуратуры Расіі: капітан ды маёр. З імі давялося гаварыць па-руску і не пра беларушчыну.

Расіяне з ходу заявілі, што маё зʼяўленне без спецыяльнага дазволу паблізу палігона варта расцэньваць як правакацыю. У чым яна, тлумачылі туманна. Дакументальнага пацверджання, дзе пачынаецца мяжа, якую пераходзіць нельга, не прадставілі. Сказалі: калі б я ішоў шашою, дык натрапіў бы на кантрольна-прапускны пост. Маіх довадаў, што знакаў, якія забараняюць тут знаходзіцца, няма, расіяне нібыта не чулі.

Расейскі сьцяжок, які сарваўся з танка падчас марша (фота жыхара Протасевіч і яго ж тлумачэнні)

Расійскія афіцэры былі перакананыя, што я хацеў трапіць на палігон толькі дзеля таго, каб сфатаграфаваць расійскую тэхніку. Самі ж пры гэтым казалі: калі б мяне затрымалі на палігоне, то мне б перапала напоўніцу.

На пытанне, чаму са мною разбіраюцца вайскоўцы замежнай дзяржавы, мне адказалі, што на час сумесных вучэнняў на месцы іх правядзення знаходзяцца прадстаўнікі сілавога блоку Беларусі і Расіі. Супакоілі, што неўзабаве зʼявяцца прадстаўнікі і беларускай пракуратуры. Расейцы запэўнівалі, што затрымліваць мяне не зьбіраюцца.

«Ага, — тады падумалася, — як былі б падставы для затрыманьня, то са мною б ня цацкаліся — скруцілі і не выпытвалі ў лесе, чаму прыйшоў».

Мой пашпарт і пасведчанне карэспандэнта БелаПАН расійскія вайскоўцы перафатаграфавалі ўздоўж і ўпоперак. Падазрэнне выклікалі замежныя паездкі, аўдыёкурс англійскай мовы, запісаны на плееры. Карцінка з англійскімі словамі на тэлефоне таксама «паказвала», што ў рукі вайскоўцам трапіўся «дыверсант». Пыталіся, ці бываю ў Амерыцы і Канадзе, якімі грашыма атрымліваў заробак. Пытанне пра заробак патлумачылі тым, што мясцовыя ўсё вымяраюць у далярах.

Буксіровачны трос, які паводле жыхароў Пратасевічаў, згубілі расійцы (фота жыхара Пратасевіч)

Адзін з расіян упікнуў мне, што я гавару не як журналіст, запінаюся. Мой адказ, здаецца, збянтэжыў расійскага афіцэра. Мая родная мова, сказаў я яму, беларуская, і мне даводзіцца падбіраць рускія словы, каб сфармуляваць фразу. Мне падалося, што замежнік упершыню даведаўся, што ў беларусаў ёсць свая мова.

Расійскія афіцэры не дапускалі супраць мяне некарэктных выпадаў, але напружанне адчувалася. Яны дамагаліся адказаў на свае пытанні, а я безвынікова спрабаваў «вымагчы» ад іх інтэрвʼю.

Пасля таго як быў складзены пратакол апытання, у якім значылася, што я меў пры сабе ў заплечніку і дзеля чаго зайшоў у лес, дзе дыслакуецца вайсковая часць, мяне перадалі беларускаму боку. Копіі пратакола не далі. Сфатаграфаваць яго таксама не дазволілі…

Вайсковая тэхніка ў Асіповічах

…Стасункі з расійскімі вайскоўцамі пакінулі сумныя ўражанні. Спробы адшукаць пазітыў у гутарцы з імі не даюць плёну. Упершыню давялося адчуць варожасць да самой магчымасці беларуса быць свабодным у выездзе за мяжу. Мне цяжка ўявіць, як бы адрэагавалі расійскія афіцэры, калі б пачулі, што мне даводзілася наведваць Амерыку ці Канаду. За межамі майго ўспрыняцця застаецца і довад замежнікаў, што я магу быць «дыверсантам», бо вывучаю англійскую мову.

Квінтэсенцыя гадзіннай гутаркі з расійскімі афіцэрамі бачыцца мне ў іхнай рэакцыі на просьбу падначаленага салдата адысці ад машыны.

«Адыдзі, толькі будзь асцярожны, каб у палон не ўзялі», — дазволіў адзін з тых, хто апытваў мяне. Прамоўлена гэта было жартаўліва, але не без агрэсіі…

 

Беларускі афіцэр паспрабаваў трымацца беларускасці

…Па складанні пратакола апытання расійскія афіцэры перадалі мяне беларускаму вайскоўцу. Я ўдакладніў у таго, ці магу з ім гаварыць па-беларуску. Той адказаў станоўча і напачатку спрабаваў падтрымаць гутарку на беларускай мове.

Як мне здалося, беларускі афіцэр застаўся незадаволены, што пры расійцах не здолеў доўга трымацца беларускасці.

Будынак вайсковых казармаў, які застаўся ад савецкіх часоў. Выглядае кінутым

Размову з ім расійцы пастаянна перарывалі. Адклікалі яго ўбок і на нешта намаўлялі. Урэшце зʼехалі. Афіцэр правёў са мною прафілактычную гутарку пра недапушчальнасць наведвання вайсковых аб’ектаў. Папярэдзіў пра адказнасць. Падкрэсліў, што на такія візіты павінен быць спецыяльны дазвол. Удакладніў мэту наведвання тэрыторыі непадалёк ад вайсковай часці і прапанаваў падвезці да Асіповіцкага вакзала…

…Стаўленне расійскіх афіцэраў да журналіста кантраставала з тым, як паводзілі сябе з ім беларускія вайскоўцы. У беларусаў не было варожасці шпіёнаманіі. Рызыкну выказаць меркаванне, што нашы вайскоўцы разумелі, чаму журналісту закарцела пабачыць мясціну, дзе неўзабаве адбудуцца вучэнні…

 

А можа і запросяць…

…Ад «інцыдэнту» на лясной дарозе паблізу Асіповіцкага палігона нямала перадумалася. З каламуці ўражанняў выхапіў тое, што для сябе акрэсліў як памылкі ў стасунках з вайскоўцаў. Спісаў іх на неардынарнасць сытуацыі і «салдацкі, ці партызанскі закон выжыць у любых абставінах».

Урэшце часам уключаў і дурня, робячы выгляд, што пытанні вайскоўцаў выглядаюць абсурднымі. Што, што а уключаць дурня ў форсмажорных сытуацыях у беларусаў у крыві. Не аднойчы сам з боку назіраў за такімі паводзінамі і сьмяяўся з іх. Цяпер сам пабыў у той скуры.

Неяк нават заспеў сябе на думцы: ці не наважацца расейцы выкрасці мяне, бо надта ж іх цікавіла мая асоба. Цалкам дапускаю, што разважанні ў гэтым рэчышчы — рэакцыя арганізму на стрэсавую сітуацыю. Урэшце, можа, гэтая думка і натхніла напісаць гэты тэкст.

Калі раптам, што са мною здарыцца, то супакойвае: «Я ж пра гэта думаў». Дапускаю, што якая-небуць расейская газэта «згадае» пра мае прыгоды ў асіповіцкім лесе і не ў прыемным для мяне ракурсе.

Кінутым выглядае і будынак вайсковай сталоўкі. Тое, што гэта сталоўка, сказалі жыхары Асіповіч

Ці дасягнуў я мэты ад паездкі ў Асіповіцкі раён? Часткова? Магчыма! Я пагутарыў з вайскоўцамі і, здаецца, адчуў атмасферу «маленькай вайны», якую перадаць словамі цяжка.

Магчыма я нацягваю, але мае гутаркі з мясцовымі жыхарамі ды й стасункі з беларускімі вайскоўцамі мяне ўпэўнілі, што гэта «маленькая вайна» зусім не патрэбная Беларусі і ад яе з вялікам жаданьнем яна адмахнулася б. Абставіны ж вымагаюцца ісьці «ваяваць»

На жаль, мне не давялося пабываць на палігоне, дзе загінуў цывільны беларус, і зрабіць эксклюзіў пра тое, што на ім адбываецца. Застаецца спадзеў, што, можа, мяне і запросяць на яго, як пачнуцца вучэнні. У нейкую ж базу звестак я трапіў…

 




Оставьте комментарий (0)