Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. За кантралёра замоўце хоць слова…

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Успамін праклюнецца ці верш…

Добрых думак у дарозе — мора!

А калі талончык не праб’еш,

Думаеш адно пра кантралёра.

 

Прымачы хлеб — сабачы… Народнае выслоўе пра няўдзячны, цяжкі хлеб цалкам стасуецца да некаторых відаў дзейнасці (не ў крыўду кажучы). Такіх, напрыклад, як судовы выканаўца, спаганяльнік падаткаў, кантралёры рознага кшталту… Пра кантралёраў на транспарце варта паразважаць асобна.

Гэтая праца ніколі не карысталася папулярнасцю. Яна вымагае непахіснай волі і жалезнай вытрымкі. Калі б я, скажам, пайшла ў кантралёры, то мне не далі б у якасці штрафу ніводнай капейкі. Мяккая занадта. А вось буйнагабарытным мужчынам з сінюшным тварам і падточанымі нервамі адмаўляць небяспечна.

Ідэальны варыянт, калі вінаватыя ціхенька сплочваюць законны штраф, і бакі разыходзяцца палюбоўна. Але так бывае не заўсёды.У кожнага штрафніка свае прычыны і матывы праскочыць на дзяржаўным транспартым сродку “за так”: невялікая адлегласць, адсутнасць дробных грошай, занятыя сумкамі рукі, перапоўнены салон, скончаны пластыкавы праязны…

“Зайцы” бываюць рознымі, з градацыяй ад поўнай бяскрыўднасці да невытлумачальнай стойкасці ў абароне свайго кашалька. Памятаю выпадак у нашым 69-м аўтобусе, калі адна грамадзянка “перамагла” двзюх мажных кантралёрак. Яна крычала на ўвесь салон: “Бярыце! Падавіцеся!”, але пры гэтым не даставала і не працягвала грошы. Жанчыны, разгубленыя і агаломшаныя такім нахабствам, выйшлі на Другім кальцы, не дамогшыся свайго. Грамадзянка, канечне, заслугоўвае асуджэння. Выглядала яна цалкам забяспечанай, магла б аджалець для роднай дзяржавы…

Так, вечна галодная казна патрабуе папаўнення, а адкуль яго ўзяць? Не з багатых жа пацягнеш, не з тых, каму зялёнае святло ў бізнесе і лаяльнасць з боку кантралюючых органаў забяспечаны.

Мудрыя бухгалтарскія галовы агледзелі гаспадарку і прыдумалі: пара прыструніць пасажыраў наземнага транспарту. У адным двухмільёным Мінску колькі недабіраецца! У пачатку гэтага года пастанавілі ўсіх, хто не аплаціў паездку ў гарадскім транспарце, залічваць да адміністрацыйных правапарушальнікаў.

На практыцы гэта азначае, што супрацоўнікі “Мінсктранса” мусяць пры адсутнасці дакумента валачы маладзёна або дзеда на бліжэйшы пункт аховы парадку, каб там высветлілі яго імя-прозвішча і паставілі на ўлік. Калі ж ты добраахвотна сплаціў патрэбную суму і паказаў дакумент, цябе таксама бяруць на ўлік.

Дзе логіка? Па справядлівасці павінна быць так: папаўшыся, ты або сумленна сплочваеш законны штраф — і тым “спісваеш” сваю правіну (як было заўсёды), або па нейкай прычыне ўпіраешся рогам і не плоціш, за што трапляеш на год у міліцэйскі камп’ютар. Інакш атрымлівецца двайное пакаранне. Драконаўскі закон!

Наколькі мне помніцца, у 90-х гадах ужо былі спробы заручыцца падтрымкай службы парадку: правяралі аплату праезду з міліцыянерамі. Практыку з цягам часу прызналі заганнай і адмянілі.

Каб ад кантралёраў меней бегалі, ім скасавалі службовую форму. Сумніўнае рашэнне. Чалавек у форме выглядае статусна і адчувае сябе больш упэўнена. Калі б здагадаліся дадаць у абавязкі распаўсюджванне праязных талонаў, то “Мінсктранс” і так атрымаў бы выгаду. Замест гэтага ведамства патрацілася на відэаадсочванне “працэсу ізымання”, каб звесці да мінімуму колькасць скаргаў на грубасць кантралюючых асоб. Ім на шыі павесілі камеры — і тым развязалі рукі.

Немалады пасажыр зрабіў рух, каб разгледзець прозвішча на бэйджы, і атрымаў па галаве. “Устаём і выходзім!” — загаласіла кантралюючая асоба, як быццам настукалі ёй, а не яна. Спалохаўшыся паследстваў (бо мужчына сфоткаўся і зняў пабоі), “Мінсктранс” хуценька падаў іск у Маскоўскі суд. Як вы думаеце, каго ў выніку пакаралі? 20 базавых выплаціў незадачлівы пасажыр, так і не зразумеўшы, за што. А як жа камера? А ніяк. Усё непажаданае для транспартнікаў з яе нескладана сцерці.

Так, маламаёмасныя і непрацуючыя грамадзяне неахвотна набываюць квіткі на праезд. Маладзейшым грошы патрэбны на піва і кока-колу, а старэйшым — на пражыццё. Прасцей кажучы — на пракорм і на камунальныя выдаткі, бо апрануцца з сярэднестатыстычнай пенсіі праблематычна. 60 рублёў — кошт просценькай трыкатажнай кофтачкі. Нашы буцікі ў Жданах на раскладушках, дый там паношанае адзенне апошнім часам падскочыла ў цане.

Гукавы інфарматар у транспарце, з аднаго боку, палохае “масавым кантролем”, а з другога — запрашае кантралёраў на працу. Значыць, схлынулі, бо ніякі заробак не кампенсуе маральных стратаў і штодзённых стрэсаў. Нават пры складаных жыццёвых абставінах усё ж пераважае маральны бок справы. Не тым шляхам пайшлі, таварышы! (Я да папаўняльнікаў бюджэту.) Ва ўсіх нармальных дзяржавах пенсіянеры на мясцовым траспарце або ездзяць за палову кошту, альбо ўвогуле бясплатна. Дык то ў нармальных! І толькі наша “сацыяльна арыентаваная” дзяржава абдзірае, як ліпку, самых неабароненых.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 




Оставьте комментарий (0)