“Магчыма, калі нашы дзеці вырастуць, усё ў Беларусі будзе па-беларуску”

Як у Мінску праходзяць развіваючыя заняткі на беларускай мове для маленькіх дзетак.

Развіваючыя беларускамоўныя заняткі для малых дзяцей у Мінску можна пералічыць на пальцах адной рукі.

“Прыгожа”, — з задавальненнем сказала двухгадовая Яна, скончыўшы аздабляць папяровую рукавіцу на занятку ў клубе “Дзіцячы квартал”, што ў Сухарава. Рукавіца атрымалася сапраўды вельмі мілай — на ёй з’явіліся і рознакаляровыя зорачкі, і кружочкі.

Мама дзяўчынкі Таццяна Казлоўская расказала, што дома дзяўчынка размаўляе на беларускай мове, але на занятках нешта гаворыць рэдка — адаптуецца. Для Таццяны важна, каб дзіця навучылася зносінам з малазнаёмымі людзьмі і не маўчала ў дзіцячым садку. Вось і ходзяць яны два разы на тыдзень на заняткі.

Таццяна Казлоўская

Менавіта Таццяну можна назваць хроснай гэтых заняткаў: “З гэтай ініцыятывай я прыйшла ў цэнтр, і нам пайшлі насустрач. Мы, безумоўна, плацім за заняткі. Не можа ж быць, каб рускамоўныя былі платнымі, а беларускамоўныя праходзілі як дабрачынныя. Гэта няправільна. Іншая справа, што калі бацькі аддаюць дзіця на рускамоўныя заняткі, чакаюць нейкага развіцця, а на беларускамоўных чакаюць, што дзеці будуць спяваць беларускія песні і хадзіць карагодам. Між тым беларуская мова -- сучасная мова, і заняткі павінны быць сучаснымі”.

настаўніца Алена Лабаноўская

“Пачынаем нашу казку, пачынаем наш занятак, наступае час прыгод”, — пачала спяваць пад музыку настаўніца Алена Лабаноўская. Заняткі праходзяць разам з бацькамі, бо дзеці зусім малыя.

 

 

Яну, напрыклад, няма і паўтары гады. Калі б дзяцей было больш, можна было б іх размеркаваць па ўзростах, а так Ян займаецца па “дарослай” праграме разам с дзецьмі, якім больш за два гады. І хай трошкі больш павольна, але і мішку пакажа, і трохвугольнік у патрэбнае акенца пакладзе.

Яго мама Вікторыя Афанасенка кажа, што толькі дома бавіць час зусім сумна, а тут хлопчык і добра сябе адчувае, і развіццё атрымлівае: “Дома яму не так весела, як тут. Чаму б два разы на тыдзень сюды не схадзіць? Такія курсы, як гэтыя, толькі пачынаюцца, вось і месцяцца недзе на ўскраінах Мінска”.

Ян з мамай Вікторыяй Афанасенка

Дзеці радаваліся і пляскалі ў далоні, калі добра выконвалі заданні.

Таццяна Казлоўская расказала: “У нас беларускамоўная сям’я. Мае дзеці гадуюцца на беларуская мове, і мне хацелася знайсці развіваючыя заняткі на той мове, на якой размаўляюць дзеці. Інакш атрымліваецца, што беларуская мова толькі дома, а садок, школа, — усё на рускай”.

Са старэйшай дачкой яны паўтара гады хадзілі ў беларускамоўны садок, але потым прыйшлося перавесці дзіця ў рускамоўны сад: “Калі мы прыйшлі, там была выхавальніца з прыгожай беларуская мовай, але калі яна пайшла ў дэкрэт, атрымалася, што ў дзяцей не стала ні беларускай, ні рускай мовы, адна трасянка. Па факту ў групе было больш рускамоўных дзяцей. І вось цяпер старэйшай дачцэ пяць, і яна ходзіць у рускамоўны садок. Пра школу яшчэ не ведаю. Але ўжо відавочна, што нашы дзеці будуць білінгвамі”.

Сама яна свядома перайшла на беларускую мову з рускай у ліцэі БДУ: “Я сабе паабяцала, што калі змагу паступіць у ліцэй, нягледзячы на вялікі конкурс, перайду на беларускую мову. Паступіла — і перайшла. Універсітэт выбірала не па прынцыпу мовы. Вучылася ў БДУ, іспыты здавала на беларускай, але адукацыя сапраўды была рускамоўнай”.

двухгадовая Яна яшчэ адаптуецца на занятках

Для Таццяны важна, каб дзеці не думалі, што ўсе людзі на свеце, акрамя мамы, таты і сястры, рускамоўныя: “Мой муж працуе ў сферы ІТ, у мяне эканамічная адукацыя, і ў нас няма беларускамоўных сяброў. Гэта не асяроддзе людзей са сферы культуры, таму зносіны з беларускамоўнымі людзьмі для нас важныя. Да таго ж важна, каб былі развіваючыя заняткі на беларускай мовай. У “Дзіцячым квартале” менавіта так і атрымліваецца — праграма адаптаваная, сучасная”.

З гэтым, праўда былі праблемы, кажа Алена Лабаноўская: “Вялікая праблема з музыкай. Беларускія песні ёсць, але іх мала, цяжка падабраць тое, што дзецям было б цікава на занятках. Паколькі рускіх песень значна больш, перакладаю на беларускую і спяваю пад музыку. Вось і сёння спявала сама. Я па адукацыі педагог, нас рыхтавалі як раз выкладаць у беларускамоўных класах”.

Што тычыцца перспектывы беларускамоўнага навучання, Алена Лабаноўская далёка не зазірае: “Калі ёсць людзі, якім гэта патрэбна, чаму не праводзіць заняткі? Я заўважыла, што раней да мяне на заняткі на рускай мове прыходзілі дзеці, чыі мамы на вушка перакладалі ім мой тэкст. І калі Таццяна Казлоўская прапанавала адкрыць беларускамоўную групу, я пагадзілася”.

Вікторыя Афанасенка ў сваю чаргу падкрэсліла: “Мне цікава, каб у будучыні дзіцёнак размаўляў не толькі на рускай мове, але і на беларускай, магчыма, на польскай, англійскай і гэтак далей. Добра было б, каб беларускамоўнае асяроддзе было паўсюль, але, на жаль, гэта не так. Мы імкнёмся да таго, каб дзіцёнак-беларус вучыўся на беларускай мове, нічого дзіўнага тут няма. Зараз такія магчымасці з’яўляюцца”.

Алена Каткова, дачка якой Сафія таксама ходзіць на заняткі да Алены Лабаноўскай, кажа, што для іх з мужам прынцыпова, каб дзеці атрымалі беларускамоўную адукацыю. Садок яны знайшлі — № 534 на вуліцы Матусевіча. Ужо сталі ў чаргу, і вясной, калі дзяўчынцы будзе тры гады, плануюць пачаць заняткі.

Маленькая Сафія Каткова

“Складанасцей шмат, але зараз з беларускамоўнай адукацыяй лепш, чым было некалькі гадоў таму, — кажа Алена Каткова. — Можна знайсці і садок, і школу, і нават універсітэт. Дарэчы, я вучылася на гістарычным факультэце БДУ на беларускай мове. У Беларусі шмат людзей, якія працуюць на карысць мовы. І фільмы, і мульцікі перакладаюць на беларускую. Захочаш — знойдзеш, абы было жаданне”.

Вікторыя Афанасенка наогул глядзіць на будучыну беларускай мовы з аптымізмам: “Магчыма, калі нашы дзеці вырастуць, усё ў Беларусі будзе па-беларуску. І рускамоўныя дзеткі будуць хадзіць і плакаць, што не ведаюць беларускай мовы”.

 

 

Фота і відэа Сяргея Сацюка

 

 

  • " І рускамоўныя дзеткі будуць хадзіць і плакаць, што не ведаюць беларускай мовы”. Проговорка по Фрейду, однако. На следующем этапе, похоже, научат радоваться несчастьям у рускамоўных соседей. Ымперцы ведь, чё не погыгыкать?
  • Вікторыя Афанасенка наогул глядзіць на будучыну беларускай мовы з аптымізмам: “Магчыма, калі нашы дзеці вырастуць, усё ў Беларусі будзе па-беларуску. І рускамоўныя дзеткі будуць хадзіць і плакаць, што не ведаюць беларускай мовы”. Наивная до ужаса. :))