Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Лінія фронту

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

БХДЗ, ХДВ, БХДП і іншыя

У 1993 годзе БХДЗ напаткаў крызіс. Кіраўніцтва партыі падтрымала палітычны праект старшыні БСДГ Міхася Ткачова “Новая Беларусь” — спробу з’яднаць дэмакратычныя сілы (сацыял-дэмакратаў, лібералаў, нацыянал-дэмакратаў, хадэкаў) па-за БНФ. Але значная частка БХДЗ, якая заставалася сябрамі шырокага Народнага фронту, выступіла супраць.

Адбыўся раскол, у выніку якога ўтварыліся дзьве невялікія партыі — БХДЗ з усечаным кіраўніцтвам і Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Партыя пад уплывам БНФ. Значная частка сябраў БХДЗ, у тым ліку і некаторыя сустаршыні, проста сышла з палітычнай дзейнасці.

БХДЗ узначаліў Міхась Арэшкаў, ягоным намеснікам стаў Пятро Сілка, затым ён змяніў Міхася Арэшкава на пасадзе кіраўніка.

Канферэнцыя БХДП прайшла ў Менску ў 1994 годзе. Старшынём партыі быў выбраны гісторык, філосаф Мікалай Крукоўскі, ягонымі намеснікамі сталі заступнік старшыні БНФ Юрый Хадыка і актывістка жаночага руху Людміла Пеціна. З дапамогай Фронту БХДП стварыла рэгіянальныя аддзяленні ў большасці вялікіх гарадоў Беларусі, шэраг сябраў БХДП былі выбраныя дэпутатамі мясцовых саветаў (напрыклад, Хрыстафор Жэляпаў і Міхась Шлык у Віцебску).

У 1995 годзе, якраз “пад выбары” ў Вярхоўны Савет 13-га склікання, паўстаў яшчэ адзін беларускі хрысціянска-дэмакратычны праект — “Хрысціянска-Дэмакратычны Выбар”.

Валер Сарока, адзін са следчых па нашумелай “віцебскай справе”, адсядзеў у турме, стаў бізнэсоўцам, напісаў некалькі дэтэктываў — і вырашыў укласціся ў палітычную партыю. Паводле праграмных дакумантаў, ХДВ ставіла сабе за мэту абароны прадпрымальніцтва, стварэнне багатага сярэдняга класу і ператварэнне грамадства на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў. ХДВ правяла устаноўчы сход 31 студзеня 1995 года, была зарэгістраваная 21 красавіка 1995 года і пасля няўдалых выбараў практычна спыніла дзейнасць.

У другой палове 1990-х хрысціянска-дэмакратычную партыю паспрабаваў стварыць кіраўнік фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы. Маючы моцныя сувязі з хрысціянска-дэмакратычнымі партыямі Еўропы (найперш нямецкімі ХДС-ХСС і італьянскімі хадэкамі, якія падтрымлівалі гуманітарныя праекты), а таксама разгалінаваную сетку прадстаўніцтваў у рэгіёнах (да 500 тысячаў беларускіх дзяцей дзякуючы працы фонда Грушавога, выязджалі на аздараўленне ў еўрапейскія краіны), ён разлічваў арганізаваць глыбока ўкарэненую “народную хадэцыю”.

Для пачатку ў 1997 годзе Генадзь Грушавы ініцыяваў заснаванне маладзёвай арганізацыі Маладзёжны Хрысціянска-Сацыяльны Саюз (зарэгістраваны як грамадская арганізацыя ў тым жа годзе). Узначаліў МХСС Кірыл Ігнацік, сябрамі МХСС былі заўважныя асобы: палітолаг, рэдактар часопіса “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч, Алесь Шумкевіч, Віталь Рымашэўскі.

Але ў 1998-99 гадах рэжым праз сфабрыкаваныя крымінальныя справы і ціск разбурыў структуры фонду Грушавога.

Ніводная з хрысціянска-дэмакратычных партыяў 90-х у 1999 годзе не прайшла перарэгістрацыю; ўсе структуры ўжо спынілі дзейнасць.

Такім чынам, спробы аднавіць у Беларусі масавую хрысціянска-дэмакратычную партыю ў 1990-х так і засталіся спробамі: стратэгія “заняцця палітычнай нішы” не спрацоўвала.

Але ідэя па-ранейшаму лунала ў паветры.

 

Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ

У выніку ўнутранага крызісу і працы спецслужбаў у другой палове 1999 года адбыўся раскол Беларускага Народнага Фронту. Пасля агульнага з’езду 31 ліпеня — 1 жніўня, дзе пытанне аб выбарах старшыні падзяліла Фронт практычна напалову, 26 верасня 1999 года частка сябраў БНФ “Адраджэнне” — прыхільнікаў шматгадовага лідара народафронтаўцаў Зянона Пазьняка — правяла ў Менску асобны з’езд і абвясціла пра стварэнне Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ. 28 лютага 2000 года Міністэрства юстыцыі зарэгістравала КХП — БНФ, а 24 красавіка таго ж года Партыю БНФ, чым замацавала раскол.

Сярод лідэраў КХП — БНФ, акрамя Зянона Пазьняка, — выконваючы абавязкі старшыні ў Беларусі Юрась Беленькі, намеснік старшыні Сяргей Папкоў, кіраўнік Управы Алесь Чахольскі.

У пункце 2.6 Праграмы КХП — БНФ сцвярджаецца: “Беларусь — краіна хрысціянскай веры і хрысціянскай культуры. Хрысціянскія каштоўнасці сталі часткай нашага нацыянальнага светапогляду і нацыянальнага характару, уплывалі на традыцыі беларускай культуры. Цяпер мы ёсць шматканфесійны хрысціянскі народ. Але дзяржаватворчай асновай на Беларусі з'яўляецца нацыя, а не канфесія. Таму беларуская гісторыя, зямля, культура і мова ёсць грунт нашага беларускага адзінства, а канфесійная талерантнасць ёсць неабходнасць, якая з гэтага нашага нацыянальнага адзінства вынікае”.

Ідэалогію КХП — БНФ можна акрэсліць хутчэй як кансерватызм ці нацыяналізм з дамешкам хрысціянскай дэмакратыі. Партыя мае пэўныя сувязі з вернікамі грэка-каталіцкай царквы, шэраг сябраў з ліку рыма-каталікоў і пратэстантаў.

КХП — БНФ дагэтуль прынцыпова байкатуе ўсе выбары, абвешчаныя рэжымам Лукашэнкі, праводзіць мемарыяльныя мерапрыемствы (найперш — праводзіць талокі і ставіць крыжы ды памятныя камяні ў народным мемарыяле Курапаты) і арганізоўвае штогадовыя шэсці на Дзяды.

 

Хрысціянска-дэмакратычная ідэя ў “Маладым фронце”

З сярэдзіны 1998 года яшчэ адным агмянём хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі стаў “Малады фронт”. Створаны на хвалі масавых вулічных дэманстрацыяў 1996-97 гадоў як маладзёвае крыло БНФ, “Малады фронт” хутка набраў папулярнасць і стаў масавым рухам з дзесяткамі рэгіянальных радаў, больш як сотняй мясцовых суполак і некалькімі тысячамі удзельнікаў; ужо напрыканцы 1997-га ён стаў аўтаномным, а пасля расколу 1999 года — і фактычна самастойным.

Ужо ў чэрвені-верасні 1998 года шэраг лідэраў МФ (Яўген Скочка, Аляксей Шэін, Сяржук Паўленка і аўтар гэтых радкоў) пачалі акрэсліваць ідэалогію руху як хрысціянска-дэмакратычную. Вялікую ролю ў гэтым адыграла хваля асабістых пакаянняў і навяртанняў, а таксама дзейнасць хрысціянскай супольнасці “Ян Прадвеснік”, якая выйшла з рыма-каталіцкай парафіі Святой Тройцы (на Залатой горцы) і была зарэгістраваная як поўнаевангельская царква.

У лютым 1999 года на другім сойме “Маладога фронту” ў прысутнасці больш як 450 дэлегатаў словы пра хрысціянскія каштоўнасці руху і цытаты з Бібліі гучалі на поўны голас.

На з’ездзе БНФ 31 ліпеня — 1 жніўня 1999 года фракцыя “Маладога фронту” (больш як 30 дэлегатаў) раздала народафронтаўцам праграмны дакумант пад назвай “Другое дыханьне Фронту”, дзе прапанавала ператварыць БНФ у хрысціянска-дэмакратычную партыю. Праект быў адхілены.

З верасня маладафронтаўцы-хрысціяне заснавалі ў Менску клуб “Хрысціянская ініцыятыва” і пачалі арганізоўваць для моладзі сустрэчы са святарамі і вернікамі розных канфесій.

Ужо ўвосені 1999-га — увесну 2000 года хрысціянскае абуджэнне ў “Маладым фронце” выклікала бурлівую ўнутраную дыскусію, якая выплеснулася на старонкі незалежнай прэсы. На сойме “Маладога фронту” 1 ліпеня 2000 года ў Менску спаборнічалі хрысціянска-дэмакратычная (Севярынец, Шэін, Скочка) і кансерватыўная (Шыдлоўскі, Янукевіч, Лабковіч) плыні. З вялікай перавагай (92 дэлегаты супраць 35) была прынятая хрысціянская праграма “Малады Фронт пераменаў”.

Больш падрабязна пра гэта можна прачытаць у кнізе “Пакаленне Маладога Фронту”.

Маладафронтаўская эвалюцыя 1997-2000 гадоў — ад пратэстнага руху да хрысціянскай дэмакратыі — сталася ключавой у справе адраджэння хадэцыі ў Беларусі. Менавіта з “Маладога фронту” выйшлі тыя, хто праз некалькі гадоў аднавіў БХД.

 

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 




Оставьте комментарий (0)
  • Христианский демократ, требующий расправы над авторами "Регнума" и как огня боящийся выйти с протестом к польскому посольству по делу "Белсата" - душераздирающее зрелище. И жалкое.
  • Христианский демократ, требующий расправы над авторами "Регнума" и как огня боящийся выйти с протестом к польскому посольству по делу "Белсата" - душераздирающее зрелище. И жалкое.
  • Христианский демократ, требующий расправы над авторами "Регнума" и как огня боящийся выйти с протестом к польскому посольству по делу "Белсата" - душераздирающее зрелище. И жалкое.
  • Христианский демократ, требующий расправы над авторами "Регнума" и как огня боящийся выйти с протестом к польскому посольству по делу "Белсата" - душераздирающее зрелище. И жалкое.