Беларускае школьніцтва ў Магілёве — тры класы, сямёра вучняў

Адраджэнне беларускамоўнай адукацыі залежыць ад ініцыятыўнасці і смеласці бацькоў.

Магілёў адзначае Міжнародны дзень роднай мовы з трыма беларускамоўнымі класамі і семярымі вучнямі ў іх.

Вучаніцы беларускамоўнага класа: наперадзе Улада Грыцанава і Таццяна Турандзіна, за імі — Соф’я Абуховіч і Эвеліна Самойленка.

Між тым у 1993-1994 гадах тутэйшае беларускамоўнае школьніцтва трымалася на 6,6% вучняў. Згортванне беларускамоўнай адукацыі прывяло да яе знішчэння на пачатку 2000-х. Цяпер яе адраджэнне, як сведчыць практыка, залежыць ад ініцыятыўнасці і смеласці бацькоў у адстойванні права вучыць сваіх дзяцей на роднай мове беларусаў.

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы бацькі, якія наважылі аддаць дзяцей у класы з беларускай мовай навучання, і настаўнікі паразважалі на тэму перспектыў беларускамоўнай адукацыі ў Магілёве і расказалі пра праблемы, з якімі сутыкаюцца.

 

Настаўніца: двое вучняў — гэта калектыў

У магілёўскай школе № 1 па-беларуску вучацца трое дзяцей. Двое з іх — Дар’я Койда і Валянцін Асіпчык — першакласнікі. У іх за плячыма першыя паўгода школьнай навукі.

Настаўніца Наталля Аржанава кажа, што ў яе гадаванцаў праблемаў з вучобаю няма. Валянцін і Дар’я паспяхова засвойваюць матэрыял і дыскамфорту ад таго, што іх калектыў невялікі, не маюць.

Настаўніца не губляе аптымізму, што яе клас папоўніцца новымі вучнямі, бо, як яна заўважае, бацькі не могуць не ўбачыць пераваг малакамплектнага класа. На яе думку, дзеці з такіх класаў будуць больш падрыхтаваныя для пераходу ў сярэднюю школу.

Наталля Аржанава на лінейцы

«Мае вучні атрымліваюць веды не толькі з матэрыялаў, якія ў падручніках і дапаможніках. Мы кожную тэму вывучаем паглыблена з выкарыстаннем большага аб’ёму літаратуры. Дзецям гэта падабаецца», — кажа Наталля Аржанава.

 

Педагога не бянтэжыць, што дзяцей у класе двое. Ёй даводзілася вучыць па-беларуску і аднаго вучня. Больш за сем год таму да яе прывялі Ялінку Салаўёву. Бацькі дзяўчынкі дамагліся, каб у школе з'явіўся клас з беларускай мовай навучання. Цяпер Ялінка ў восьмым класе. Аднакласнікаў у яе дагэтуль няма.

Наталля Аржанава кажа, што вучыць дваіх дзяцей лепей, чым аднаго, паколькі двое — гэта калектыў.

 

Маці першакласніцы: нашым дзецям настаўнік надае больш увагі

Першыя паўгода вучобы па-беларуску не расчаравалі бацькоў Дар’і і Валянціна. Яны задаволеныя паспяховасцю дзяцей і працаю настаўніцы. З вучнямі іншых класаў, запэўніваюць бацькі, іхныя дзеці ладзяць.

Марына Койда, маці Дар’і, адзначае: ёсць бацькі, якія шкадуюць, што не аддалі сваіх дзяцей у беларускі клас, паколькі ў такім класе настаўнік кожнаму вучню надае больш увагі, а гэта адбіваецца на якасці засваення матэрыялу.

Марына Койда з дачкой першакласніцай Дарʼяй
Марына адзначае, што ёй нярэдка даводзіцца адказваць на пытанне, ці не баіцца яна за будучыню сваёй дачкі, бо далейшага шматпрофільнага навучання па-беларуску няма.

На яе думку, выпускнікам беларускамоўных класаў будзе лягчэй адаптавацца да навучання ў Еўропе, калі ў іх зʼявіцца жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю там. Акрамя таго, сказала суразмоўніца, беларуская мова не стане перашкодай для паступленнем і ў айчынныя ўніверсітэты.

«Пакуль мая дачка адвучыцца ў школе, беларускай мовы стане болей. У выпускнікоў беларускамоўных класаў будзе больш магчымасцяў працягнуць навучанне па-беларуску», — сказала Марына Койда.

 

Бацька першакласніка: Дзяржава зрабіла нямала, каб выцесніць беларускую мову на перыферыю

Ігар Асіпчык, тата першакласніка Валянціна, таксама спадзяецца, што беларускай мовы ў адукацыі паболее. Аднак ён заўважае, што высілкаў грамадскасці і бацькоў замала. Патрэбна, каб да гэтай справы далучылася дзяржава, якая, як адзначыў суразмоўца, у свой час зрабіла нямала, каб беларускую мову выцесніць на перыферыю навучальнага працэсу.

«Свайго сына я аддаў у беларускі клас свядома і сумневу ў слушнасці выбару ў мяне не ўзнікала. Хачу, каб дзіця мела добрую адукацыю», — кажа Ігар Асіпчык.

Ігар Асіпчык з сынам першакласнікам Валянцінам

«Я дужа шмат выпытваў, кансультаваўся, адпрацоўваў псіхалагічны бок пытання і пралічваў якасць навучання ў беларускамоўным класе, — дадае ён. — Цяпер я б раіў тым, хто сумняваецца, жыве ў палоне страхаў наконт беларускамоўнага навучання, дамагацца яго, бо яно наша будучыня».

 

Першакласнікі: дарослыя лянуюцца

Абодва першакласнікі кажуць, што ім вучыцца падабаецца. Дар’я адзначыла, што бацькі ёй з урокамі дапамагаюць, а іншым разам, дадала яна з усмешкаю, і прымушаюць. Калі вырасце, хоча стаць доктарам.

Валянцін на пытанне, які школьны прадмет яму падабаецца, адзначыў матэматыку. Потым, схамянуўшыся, дадаў, што любіць яшчэ пісаць і чытаць.

Валянцін і Дар’я перакананыя, што дарослыя здольныя вывучыць беларускую мову, але часам могуць ленавацца. Дзеці гатовыя распачаць з імі навучанне. Не ведаць роднай мовы, на думку першакласнікаў, дарослым сорамна.

 

Беларускамоўныя класы не папаўняюцца, бо бацькі не ведаюць мовы

У 34-й магілёўскай школе вучацца па-беларуску чацвёра дзяўчынак. Соф’я Абуховіч, Таццяна Турандзіна, Эвеліна Самойленка ды Улада Грыцанава. Яны ў другім класе.

Настаўніца Лідзія Ціханоўская адзначае, што не толькі яна вучыць дзяцей, але і дзеці яе. Паспяховасць сваіх гадаванцаў педагог ацэньвае на выдатна.

Лідзія Пятроўна, як і яе каляжанка з першай школы Наталля Аржанава, кажа: праца з невялікім класам дазваляе паглыблена вывучаць прадметы і выкарыстоўваць досвед педагогаў-наватараў.

Настаўніца таксама хацела б, каб клас папоўнілася новымі вучнямі, аднак разумее, што чакаць гэтага не выпадае, бо бацькі, на яе думку, не наважацца аддаць сваё дзіця ў клас, вучні якога адвучыліся па-беларуску ўжо больш за год.

«Самі бацькі не ведаюць беларускай мовы, і гэта перашкода ў фармаванні беларускіх класаў», — адзначае яна.

 

Маці вучаніцы: без падтрымкі дзяржавы перспектыва беларускай адукацыі змрочная

У бацькоў дзяўчынак нараканняў да навучальнага працэсу таксама няма. Яны не шкадуюць, што дзеці вучацца па-беларуску. Хваляць настаўніцу і кіраўніцтва школы.

Алеся, маці Соф’і Абуховіч, адзначае, што ёй нярэдка даводзіцца тлумачыць іншым бацькам перавагі навучання па-беларуску. Многія, кажа яна, даймаюць пытаннямі, ці знойдуцца профільныя настаўнікі, калі Соф’я скончыць пачатковую школу. Жанчыне даводзіцца чуць і перасцярогі наконт таго, як беларускамоўнае дзіця будзе ўжывацца ў рускамоўным асяроддзі.

Алеся Абуховіч з дачкой Соф’яй, якая вучыцца ў другой клас

«Я не лічу заганай, што маё дзіця будзе ведаць беларускую мову, — кажа Алеся. — Дачка добра гаворыць па-руску і, спадзяюся, гэтак жа добра навучыцца камунікаваць і па-беларуску. Вядома ж, у тых бацькоў, якія не ведаюць беларускай мовы і ставяцца да яе хутчэй негатыўна, навучанне па-беларуску не будзе вітацца».

Суразмоўніца лічыць, што адукацыя на беларускай мове мусіць падтрымлівацца дзяржавай. Калі такой падтрымкі не будзе, адзначае Алеся, то перспектыва беларускамоўнай адукацыі змрочная.

 

Вучаніцы: каб навучыць дарослых беларускай мове, трэба пастаяць над імі з рэменем

Вучаніцы беларускай класы сабой задаволеныя. Яны доўга пералічвалі, што засвоілі за паўтары гады навучання.

Эвеліна Самойленка сказала, што ёй падабаецца матэматыка і яна хоча стаць вандроўніцай, каб пабачыць свет. На яе думку, «школьная навука патрэбная чалавеку, каб у жыцці ён дабіваўся большага і знайшоў добрую працу».

Эвеліна Самойленка са сваёй маці Ганнай і сястрой Адэлінай

«Я стараюся вучыць сваіх бацькоў гаварыць па-беларуску. Нярэдка ім кажу пра іхныя памылкі. Дарослыя здольныя вывучыць беларускую мову, але часам над імі варта пастаяць з рэменем», — адзначыла Эвеліна.

 

Аднакласніца Эвеліны Таццяна Турандзіна мяркуе, што ў маленькім класе настаўніку прасцей вучыць дзяцей. А яшчэ, дадала яна, у вялікім класе не ўсе, хто зрабіў заданне, могуць быць выкліканыя на ўроку, бо не хапае на ўсіх часу.

Таццяне падабаецца матэматыка. Яна запэўнівае, што бацькі не прымушаюць яе рабіць урокі, бо вучыцца яна добра. Дзяўчынка хоча стаць доктарам, бо «шмат людзей  ляжыць у бальніцах ды ходзяць у паліклінікі, таму хоча іх вылечыць». Яшчэ ў яе ёсць «мара вынайсці лекі, лыжачкі якіх было б даволі, каб не ўміралі людзі».

 

Беларускае школьніцтва перажывае няпросты перыяд адраджэння

Паводле магілёўскага рупліўца беларушчыны, былога выкладчыка ўніверсітэту імя Куляшова Міхася Булавацкага, у 1993-1994 навучальным годзе ў Магілёве па-беларуску вучыліся 6,6% школьнікаў. Напачатку 2000-х беларускіх класаў у горадзе не засталося зусім.

У 2010 годзе беларускамоўнае навучанне аднавілася адкрыццём класа з адной вучаніцай — Ялінкай Салаўёвай. За восем гадоў бацькі не здолелі знайсці ёй кампаніі.

На думку бацькі Ялінкі Змітра, цяпер беларускае школьніцтва перажывае няпросты перыяд адраджэння. Пасля працяглага заняпаду людзям неабходна паверыць у будучыню адукацыі па-беларуску.

Ялінка Салаўёва вучыцца на беларускай мове адна восьмы год

«Бацькам, — кажа ён, — варта зразумець, што малакамплектнаы клас — гэта па сутнасці рэпетытарства. У класе яно бясплатнае, а па-за школай за яго трэба плаціць».

«Мяркую, што з цяжкасцю, але штогод будзе зʼяўляцца ў Магілёве па адным беларускім класе, — дадае Зміцер. — Балазе, нібыта дзяржава стала больш лаяльна ставіцца да беларускай мовы і культуры. З цягам часу і беларускія класы стануць нормай».

Летась на адной з апошніх дыскусіяў пра стан беларускамоўнага навучання чыноўнікі казалі, што ў 2018 годзе на базе 45-й школы будзе сфармаваны паўнавартасны клас з беларускай мовай навучання.

Паводле чыноўнікаў, стварэнне новых класаў з беларускай мовай навучання ў Магілёве маруднае, бо бацькі не хочуць аддаваць дзяцей вучыцца па-беларуску. Рупліўцы ж беларушчыны трымаюцца пазіцыі, што чыноўнікі і адміністрацыі школаў не ўдзяляюць належнай увагі развіццю ў горадзе беларускамоўнага школьніцтва.

 




Оставьте комментарий (0)
  • Жаль что я не умею по белоруски писать.Прочитала статью и рада, что еще есть настоящие белорусы, которые переживают за свою мову .Так трымать.