«Сённяшняй ноччу ледзь не акалеў». У Магілёве разгарнулі пункты абагравання

Сённяшняя ноч была самай халоднай за сёлетнюю зіму. Рэкордны мінус быў зафіксаваны на Магілёўшчыне — у Клічаве тэмпература апусцілася да 30,4 градусы марозу.

У Магілёве Чырвоны крыж разам з супрацоўнікамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях на час моцных маразоў разгарнулі пункты абагравання. У выстаўленых намётах наведнікам прапануюць гарачае пітво і ежу.

Дарогай на базар можна абагрэцца

У абласным цэнтры акрамя трох стацыянарных пунктаў таксама працуюць дзве перасоўныя брыгады. Абагрэцца мінакі могуць і ў райцэнтрах.

Паводле супрацоўнікаў Чырвонага крыжа пункты абагрэву пачалі выстаўляць яшчэ 23 лютага, калі маразы сталі дужэць. За гэты час іх паслугамі скарысталіся блізу двух тысяч чалавек.

Адзін з такіх пунктаў разгорнуты ля цэнтральнага рынка Магілёва. Абагрэцца ў намёт заходзілі людзі сталага веку, бацькі з малымі дзецьмі. Не праміналі наведаць пункт і бадзягі.

«Мы выставіліся, як сталі маразы ніжэй за пятнаццаць градусаў, — распавёў адзін з валацёраў Чырвонага крыжа. — Людзі не саромяцца і заходзяць да нас. Любому чалавеку мы гатовыя аказаць дапамогу. Прапануем гарачую гарбату і ежу да яе».

Адны з наведнікаў пункту абагрэву

Адзін з наведнікаў пункту, які назваўся Мікалаем, прызнаўся, што сёлетняй ноччу ледзь не акалеў. Начаваў на цеплатрасе.

«Было троху «чарніла», дык гэтым падтрымліваў сябе, — апавёў ён. — А як надышоў ранак, адразу на базар. А тут палатка стаіць. Гарбаты папіў, троху кусануў. Цяпер пайду троху металу здам».

Валанцёрам Чырвонага крыжа дапамагалі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Яны інструктавалі наведнікаў пункту, як паводзіцца ў сцюжу, каб не атрымаць абмаражэнне. Гаварылі пра тое, як запабегчы пажараў. Іх у Магілёве за два зімовыя месяцы было пятнаццаць. Адзін чалавек загінуў. Па вобласці ж адбылося 127 пажараў. Загінула пятнаццаць чалавек.

У намёце Чырвонага крыжа

Паводле звестак абласнога цэнтру экстрэмальнай дапамогі, на 26 лютага ад пераахалоджвання загінула 5 чалавек. Дыягназ яшчэ двух памерлых, якіх знайшлі на вуліцы, не устаноўлены.

У цэнтры адзначаюць, што сёлетнія ахвяры маразоў, як і ў папярэднія гады, — пераважна людзі, што вядуць асацыяльны лад жыцця, і бяздомнікі.