Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Спеўны голас

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Вы ведаеце самы беларускі музычны інструмант?

Адмыслоўцы хорам сцвярджаюць: гэта ўнікальны вакал. Госпад Бог даў беларусам незвычайна спеўны, высокі, меладычны голас.

«Песняры». NRM. Барды. Опера. Міхал Забэйда-Суміцкі. Аграмадны збор пяючага фальклору. Уладзімір Высоцкі, Андрэй Макарэвіч, Сяргей Міхалок, Алена Свірыдава, Юры Шаўчук, БІ-2, Яраслаў Еўдакімаў... Галасы Беларусі!

Беларускі голас перадае ўсю драматычную ўнутраную нацыянальную мелодыку — жаль і боль, веліч і ахвяру, веру і любоў. Беларускі голас пазнавальны паўсюль — ягоны высокі тон, тэмбр, інтанацыі адразу адрозніш ад гарлавога нямецкага, прахалоднага прыбалтыйскага ці грубаватага расійскага. Беларускі вакал — голас операў, арт-року і сольных канцэртаў а-капэла, голас настолькі моцны і чысты, што ад ягонай сілы ды вышыні выбухаюць шклянкі і затойваюць дыханне мільёны.

У беларусаў і лад гаворкі, і сама мяккая, пранізлівая мова, і манера вымаўлення, і аб'ём грудзей, і склад вуснаў, і струны галасавых звязак наладжаныя крыніцай: голас бруіць, струменіць, звініць. Ён ці тонкі і звонкі, ці глыбокі і пералівісты, ці поўны празрыстай яснасці, ці ззяючы ўсімі адценнямі зыкаў, феерычна зіхоткі, быццам пераборы арфы.

Беларускі голас ператварае наша аканне ў арыю аргану. А звонкае беларускае дзэканне і ціўканне, свісцячыя трэлі і залівістая мяккасць родняць беларусаў з найлепшымі пеўчымі птушкамі.

Беларускі голас струнна напружаны, як нервы, што працінаюць і знітоўваюць усю істоту. Таму беларус ня проста спявае — ён гучыць. Беларускія песьні жальбы, абрадавыя падгалоссі Палесся і палацавая музыка Сярэднявечча — перапевы і пералівы таго голасу, які перадае лёгкімі ўсю лёгкасць гуку, вуснамі ўвесь жар жарсці, у якім слова, узнятае ад паднябення да паднябесся, набывае ўласцівасці сімфанічнага цуду. Беларускі спеў, што імкнецца да вяршыняў мужчынскага лірычнага тэнару і жаночага каларатурнага сапрана, што возьме голасам і соль трэцяй актавы, і дваццаць тысячаў герцаў, мяжу чалавечага слыху, дрыжыць, як крылы ў палёце, льецца слёзамі шчасця, і кранае так соладка!...

Беларускі голас — сапраўды дар Божы. Менавіта меладычная гармонія чысціні і узнёсласці самых верхніх рэгістраў найлепш выяўляе любоў — нацыянальную ідэю Беларусі. Любы, хто прыслухаецца, зразумее, для чаго прызначаны гэты дар. Беларускі голас — голас малітвы, літургіі, царкоўных і касцёльных хораў, псальмоў і гімнаў.

Голас Духа, што падымае слухачоў у высі Валадарства Нябёснага. Спеў з самага сэрца. Евангельскі заклік.

Беларускі вакал — голас новага еўрапейскага абуджэння. Спеў, народжаны ў Міжмоўі, зразумелы і Захаду, і Усходу. Голас, які захлынае душу пяшчотай і ласкаю з самага сэрца, яшчэ агучыць пропаведзь і малітву на хрысціянскім радыё і тэлевізіі для ўсяго свету:

«Узышоў Бог пад воклічы,

Гасподзь пад гукі трубныя.

Спявайце Богу нашаму, спявайце!..»

(Псальмы 46:6-7)

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 




Оставьте комментарий (0)
  • Садись, Северинец, два! Притянул за уши полсписка, а сам Чеслава Немена не знает. Лжепророк и лжеисторик детектед.
  • Садись, Северинец, два! Притянул за уши полсписка, а сам Чеслава Немена не знает. Лжепророк детектед.
  • А кто ты какой ???
  • Интересно, Почитал про Чеслава Немена, Но так и не понял, что у него общего с данной статьёй.
  • Никак, сам Децл?