Праграма “Свята Незалежнасці” 25 сакавіка ў Мінску да 100-годдзя БНР

25 сакавіка ў Мінску на плошчы каля Вялікага тэатра оперы і балета адбудзецца маштабны фестываль да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі “Свята Незалежнасці”. Мерапрыемства афіцыйна дазволена Мінгарвыканкамам.

Аргкамітэт кампаніі #БНР100 правёў вялікую падрыхтоўчую працу і 15 сакавіка, за 10 дзён да свята, прэзентуе на Naviny.by папярэднюю праграму і афішу мерапрыемства.

Падрабязная і канчатковая праграма “Свята Незалежнасці” з мапай фестывалю будуць апублікаваныя за некалькі дзён да юбілейнай даты і будзе распаўсюджвацца валанцёрамі разам з іншай прома-прадукцыяй да 100-годдзя БНР падчас мерапрыемства.

 

25 сакавіка а 13-й гадзіне пачатак Урачыстага збору. З гэтага часу на галоўнай сцэне Свята пачнецца музычная праграма з выступамі гуртоў “Мутнаевока” і Amaroka.

Паралельна на тэрыторыі фестывалю распачнуць працу тэматычныя пляцоўкі:

пляцоўка “Вуліца БНР” з прэзентацыйнымі стэндамі і зонамі актыўнасцяў ад творчых, культурніцкіх, грамадскіх і палітычных арганізацый краіны;

пляцоўка “Ежа БНР” з кропкамі харчавання, дэгустацыйнымі стэндамі, фуд-кортамі і беларускімі стравамі;

пляцоўка “Кірмаш БНР” з сувенірамі і падарункамі ў нацыянальным стылі, беларускамоўнай літаратурай і настольнымі гульнямі, прэзентацыяй разнастайнай прадукцыі да 100-годдзя БНР;

пляцоўка “Дзеткі БНР” з адукацыйна-забаўляльнымі заняткамі для дзетак, гульнямі і аквагрымам у нацыянальным стылі.

 

А 14-й гадзіне пачнецца ўрачыстае адкрыццё “Свята Незалежнасці”, якое правядуць легендарная дыктарка беларускага тэлебачання Зінаіда Бандарэнка і вядучы тэлеканалу “Белсат” Усевалад Сцебурака.

У межах урачыстай часткі запланаваныя выступы запрошаных гасцей свята, зачытванне 3-й Устаўной граматы, тэатральна-музычная праграма з удзелам актораў “Свабоднага тэатра” і музыкаў. Спявачка Таццяна Грыневіч і мужчынскі хор Headspring выканаюць нацыянальныя гімны беларусаў “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Магутны Божа” і “Пагоня”.

З 15:00 да 19:00 на галоўнай сцэне Свята запланаваныя выступы Ігара Варашкевіча і гурта “Крама”, Касі Камоцкай з песнямі гурта “Новае Неба”, Пятра Клюева з беларускамоўнымі хітамі XXI стагоддзя, лідара гурта “Дай Дарогу!” Юрыя Стыльскага, папулярных гуртоў Akute, “РСП”, Dzieciuki. Выступы яшчэ некалькіх вядомых гуртоў будуць аб’яўленыя за некалькі дзён да 25 сакавіка.

Весці музычна-забаўляльную частку свята будуць акторы “Свабоднага тэатра” Аляксей Сапрыкін і Юлія Шаўчук.

 

У межах Свята на галоўнай сцэне таксама адбудуцца:

анлайн-прэзентацыя песні Лявона Вольскага да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі;

Спеўны сход з Сяржуком Доўгушавым з праграмай “Песні і гімны БНР”;

розыгрыш падарункаў ад генеральнага партнёра свята — беларускай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, ад афіцыйных спонсараў: кампаніі “Цесляры”, гульнявой прасторы Quvalda, каталога беларускамоўнага бізнесу і паслугаў “Свае.бел”, крамы “Мой модны кут”, Мінскага гадзіннікавага завода "Луч";

віншавальныя выступы ад вядомых і паважаных беларусаў ды прадстаўнікоў арганізатараў свята: Партыі БНФ, руху “За Свабоду”, установы “Амарока” (Арт Сядзібы), Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).

 

Галоўная пляцоўка фестывалю будзе абсталяваная вялікімі экранамі з трансляваннем выступаў гасцей і музыкаў на сцэне, відэа-віншаваннямі ад паважаных беларусаў з усяго свету, праектаваннем тэкстаў песень падчас “Спеўнага сходу” ды іншай святочнай візуалізацыяй.

Уваход на мерапрыемства вольны. Набыць сімвалічны квіток і падтрымаць падрыхтоўку “Свята Незалежнасці” варта на Talaka.by.

 

Фірмовы стыль Свята і 100-годдзя БНР можна спампаваць тут.

 

Афіцыйны сайт мерапрыемства: bnr100.by.

 

Падзеі ў сацыяльных сетках — VK, FB.

 

Дата правядзення: 25 сакавіка 2018 года.

Месца: плошча Парыжскай Камуны, 1 (пляцоўка каля Вялікага тэатра оперы і балета).

Час мерапрыемства: 13:00 — 19:00.

 

Выкарыстанне нацыянальнай сімволікі Беларусі і гістарычнай сімволікі БНР узгодненыя з Мінгарвыканкамам і ГУУС.

 

Увага, у праграме магчымыя змены!

 

Дазвол Мінгарвыканкама аб правядзенні масавага мерапрыемства
№ 1/2-22/1935 ад 01.03.2018.

 

  • Вітаю з Святом братню Беларусь!
  • Вітаю з Святом братню Беларусь!
  • Даволі годная праграма, ня гледзячы на сціплыя тэрміны яе спантаннае арганізацыі!
  • Даволі годная праграма, ня гледзячы на сціплыя тэрміны яе спантаннае арганізацыі!