«Нам не патрэбна ваша кроў». Напісана кніга пра акупацыю Беларусі палякамі

У айчынай гісторыяграфіі тэма знаходжання ў Беларусі польскага войска застаецца недаследаванай.

Гісторык Ігар Мельнікаў напісаў кнігу пра акупацыю Беларусі польскім войскам у 1918, 1919-20 гадах. Навуковец даследуе гісторыю фармавання польскіх вайсковых частак і спрабуе разабрацца ў тым, як польскія жаўнеры паводзілі сябе на занятай імі беларускай тэрыторыі.

Ігар Мельнікаў — кандыдат гістарычных навук, магістр Варшаўскага ўніверсітэту. Адмысловец у пытаннях вайсковай гісторыі Беларусі. У 2014 годзе стаў лаўрэатам прэміі імя Вацлава Ластоўскага за папулярызацыю ведаў па гісторыі Беларусі. Аўтар шэрагу кніг. Сродкі на выданне апошняй сваёй працы «Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на Бабруйшчыне ў 1918, 1919-20-гадах» Ігар Мельнікаў збірае праз сайт talaka.org.

 

Ігар Мельнікаў сваю працу прысвяціў стагоддзю Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён адзначае, што ў кнізе «Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на Бабруйшчыне ў 1918, 1919-20-гадах» выкладзены погляд на падзеі, якія ўплывалі на станаўленне беларускай дзяржаўнасці.

Аўтар на падставе архіўных звестак робіць выснову, што камандаванне Першага польскага корпусу не здолела ў той час выпрацаваць стратэгіі стасункаў з беларускім насельніцтвам. На яго думку, у палякаў на гэта не хапіла часу і магчымасцяў.

Разам з тым, сцвярджае навуковец, акупацыйная ўлада усё ж спрабавала разабрацца ў тым, чаго хочуць беларусы, і падтрымлівала іх памкненні жыць у незалежнай краіне. Ён не аспрэчвае таго, што адносіны беларусаў да польскіх жаўнераў былі няпростымі. Нярэдкімі, кажа гісторык, былі ўзброеныя сутычкі.

 

Польскі генерал Доўбар-Мусніцкі: «Няхай жыве вольная Беларусь»

Адзін з галоўных герояў кнігі — польскі генерал Юзаф Доўбар-Мусніцкі. Сфармаваны ім Першы польскі корпус у 1918 годзе захапіў Бабруйск, выбіўшы з яго бальшавікоў. Месцам дыслакацыі польскіх легіянераў была Бабруйская крэпасць.

Жаўнеры Першага польскага корпуса падчас параду ў Бабруйску, праведзеным 3 траўня 1918 года. Ілюстрацыя з кнігі <em>«Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на Бабруйшчыне ў 1918, 1919-20-гадах».

Паводле Ігара Мельнікава, Доўбар-Мусніцкі, імкнучыся заручыцца падтрымкай мясцовых беларусаў, выдаў некалькі адозваў, у тым ліку на беларускай мове. У іх падкрэслівалася, што ён не выступае супраць мясцовых жыхароў, нагадвалася, што палякі і беларусы стагоддзямі жылі побач. У сваіх зваротах польскі генерал падтрымліваў памкненні беларусаў жыць у сваёй дзяржаве і заклікаў не паддавацца на правакацыі бальшавікоў.

«Браты беларусы! — цытуе Ігар Мельнікаў адну з адозваў Доўбар-Мусніцкага. — Шмат Вашых суайчыннікаў, беларусаў, ведае мяне і можа пацвердзіць, што я сябар Вашага народа. Вас мабілізуюць і накіроўваюць праліваць кроў. Нам не патрэбная Ваша кроў. Мы ведаем, наколькі цяжкое Вашае жыццё. Памятайце, што і Вы, і мы — хрысціяне. Не паддавайцеся на заклікі правакатараў. Няхай не праліваецца братэрская кроў! Няхай жыве вольная Беларусь! Няхай жывуць браты палякі і беларусы!»

Генерал Доўбар-Мусніцкі, цвердзіць аўтар дакументальнага доследу, намагаўся сфармаваць цывільную адміністрацыю з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва ды абяцаў спрыяць яе дзейнасці. Ягоныя высілкі, аднак, не далі плёну.

«Надыходзілі нямецкія войскі, і палякі ўзяліся больш жорстка кантраляваць захопленую тэрыторыю. Дзяліцца ўладай у такой сітуацыі ім не выпадала», — кажа Ігар Мельнікаў.

 

Польскі афіцэр: баі з бальшавікамі стымулююць у жаўнераў найгоршыя інстынкты

Гісторык адзначае, што сялянства на акупаваных палякамі тэрыторыях уважала сябе за беларусаў. Яны баранілі сябе і свае вёскі, кажа ён. Некаторыя прадстаўнікі мясцовай шляхты таксама падкрэслівалі сваю беларускасць.

Ігар Мельнікаў прыгадаў: калі Доўбар-Мусніцкі прапанаваў княгіні Магдалене Радзівіл ахову маёнтка, то тая адказала яму, што ў гэтым не бачыць патрэбы, бо яна беларуска і з беларускімі сялянамі зможа паразумецца.

«Тады быў час развіцця нацыянальных тэндэнцыяў, і беларусы вымушаныя былі рабіць свой выбар», — падкрэслівае Ігар Мельнікаў.

На стварэнне беларускага нацыянальнага руху намагаліся ўплываць і бальшавікі, казаў далей гісторык. Яны маніпулявалі супярэчнасцямі польскіх легіянераў з беларускім сялянствам, якое нярэдка ўздымала супраць акупацыйнай улады ўзброеныя паўстанні.

«Жаданне сялянаў змагацца супраць палякаў было звязана перш за ўсё з тым, што тыя пачалі праводзіць рэквізіцыі правіянту і фуражу ў навакольных населеных пунктах. Бедная і знішчаная вайной беларуская вёска не магла вытрымаць гэтага, — піша ў сваёй кнізе Ігар Мельнікаў. — Самі польскія афіцэры (напрыклад, Ежы Здзяхоўскі) адзначалі, што баі з бальшавікамі стымулююць у польскіх жаўнераў найгоршыя інстынкты, якія праяўляюцца ў рабаванні насельніцтва Бабруйску і яго наваколля».

 

На тэрыторыі Бабруйскай крэпасці пахавана некалькі сот палякаў

У айчынай гісторыяграфіі, кажа Ігар Мельнікаў, тэма знаходжання ў Беларусі польскага войска застаецца недаследаванай. У энцыклапедыях яна падаецца невялікімі абзацамі ў межах згадак пра так званую Грамадзянскую вайну і зводзіцца да «мяцяжу Доўбар-Мусніцкага».

Курган Доўбарчыкаў, Бабруйская крэпасць, 1919 год. Насыпаны ў памяць пра легіянераў, што загінулі ў баях з бальшавікамі. Ілюстрацыя з кнігі <em>«Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на Бабруйшчыне ў 1918, 1919-20-гадах».

Невывучанасць тэмы, заўважае гісторык, прывяла да таго, што месцы пахавання польскіх жаўнераў дагэтуль ніяк не пазначаныя. Ігар Мельнікаў мяркуе, што на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці пахаваныя некалькі сотняў жаўнераў Першага польскага корпуса і Вялікапольскай дывізіі.

«Калі мы маем могілкі салдат вермахту пад Бабруйскам, паблізу вёскі Шчаткава, то нам нічога не перашкаджае паставіць памятны знак і на месцы пахавання легіянераў Доўбар-Мусніцкага. На могілках ляжаць жаўнеры каталіцкай і праваслаўнай веры вызнання», — падсумоўвае аўтар кнігі.

 

 

Фота прадастаўлены Ігарам Мельнікавым




Оставьте комментарий (0)