«Падарожжа ў БНР». Журналіст Сяргей Шупа напісаў поўную гісторыю дзяржавы-ідэі

Аўтар распавёў Naviny.by, што чакае чытача ў падарожжы па старонках гэтай гістарычнай кнігі.

Журналіст беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» і даследчык Беларускай Народнай Рэспублікі Сяргей Шупа 20 сакавіка прадставіць ў мінскім культурным інкубатары ОК16 архіўны раман «Падарожжа ў БНР», у якім простымі словамі апавядаецца складаная гісторыя беларускай дзяржаўнасці на пачатку XX стагоддзя.

Напярэдадні прэзентацыі аўтар распавёў Naviny.by, што чакае чытача ў падарожжы па старонках гэтай гістарычнай кнігі.

 

Кніга для тых, хто не наважыцца чытаць навуковыя манаграфіі

Паводле слоў Шупы, ідэя напісаць кнігу завершанай гісторыі БНР паўстала не адразу, а нарадзілася з штодзённай журналісцкай працы.

«Усё пачалося ўвосень 2017-га, — адзначыў ён. — Нашае радыё рыхтавалася да 100-годдзя БНР. Спачатку мы планавалі рабіць проста кароткія відэа, якія мы і зрабілі. Але калі я рыхтаваў сюжэты і тэксты да відэа, я зразумеў, што ўсё, што хацелася б, на відэа не здымеш, а патэнцыял тэмы большы. Я паспрабаваў пісаць кароткія нататкі, якія лёгка чытаюцца. Пасля вырашылі з гэтага рабіць кнігу».

«Падарожжа ў БНР» журналіст пісаў на падставе велізарнай колькасці архіўных дакументаў. На шчасце, кніга не ператварылася ў сухое выкладанне процьмы гістарычных фактаў, бо амаль палову з 3,5 тыс. даследаваных ім сведчанняў складалі «лісты жывых людзей з жывымі эмоцыямі, апісаннем адчуванняў, якія дыхаюць жыццём».

«Я пераглездеў свае архівы, давялося чытаць таксама агульны гістарычны бэкграўнд, — сказаў Шупа. — Архівы, якімі б поўнымі яны не былі, гэта ўсё роўна пэўная мазаіка, якая не абавязкова складае поўную карціну. Трэба ведаць, што рабілася у гэты канкрэтны момант, што і чаму было ў тым ці іншым месцы, тлумачыць пэўныя гісторыі».

«На базе архіваў, якія былі асноўнай крыніцай, і пэўных тлумачэнняў з дапамогай перыядычнага друку таго часу ці проста базавай гістарычнай інфармацыі я паспрабаваў зрабіць так, каб атрымалася складная карціна ад пачатку БНР да яе ўмоўнага канца ў 1925 годзе. Навуковых прац, артыкулаў, манаграфій пра БНР даволі шмат, але так, каб ад пачатку да канца гэтая гісторыя была расказана, тым больш вачыма непасрэдных удзельнікаў, такога не было. Зноў жа, манаграфію просты чалавек чытаць не будзе, бо яна па неабходнасці нудная, грунтоўная, гэта своеасаблівы жанр, які не для шырокіх мас», — патлумачыў Шупа.

Кніга разлічаная «на шырокія колы чытачоў» і заклікана «зацікавіць людзей сваёй гісторыяй», бо гэта «выкрэсленая, замазаная і схаваная гісторыя».

«Савецкая прапаганда прыкрывала яе нейкімі фантомамі, такімі ж фантомамі з адваротным знакам прыкрывалі яе прыхільнікі беларускай незалежнасці ў эміграцыі, якія таксама падтрымлівалі шэраг міфаў, напрыклад, што БНР прызнала ледзь не паўсвета», — сказаў аўтар.

 

Гісторыя беларускай дзяржавы-ідэі

Праз афіцыйныя дакументы, канцылярыю, справаздачы, прыватныя ліставанні, вачыма непасрэдных удзельнікаў падзей журналіст паказвае, ў якіх варунках нараджалася БНР, чым сталася і не сталася гэтая з'ява.

«Зараз шмат спрэчак, ці адбылася БНР, як дзяржава, — адзначыў Шупа. — На той момант, у 1918 годзе, мала дзяржаў, якія сёння ўспрымаюцца дзяржавамі, увогуле адбыліся. Літва таксама не адбылася, пакуль праз месяц [пасля абвяшчэння незалежнасці] немцы яе не прызналі. Яна была на такіх жа самых «птушыных правах» аж да 23 сакавіка 1918-га. Такая ж гісторыя з Эстоніяй. Адыходзілі немцы, падыходзілі бальшавікі — і вось у гэты кароткі прамежак яны паспелі абвесціць сваю незалежнасць, якая адразу ж знікла, таму што іх заваяваў чарговы акупант. Сітуацыя гойдалася, трохі стабілізавалася толькі пад канец 1918-га. Тады ўжо гэтая незалежнасць пачала набываць абрысы, але дзень незалежэнасці ў Эстоніі — 24 лютага 2018 года, хаця ніякай рэальнай незалежнасці тады не было. Тое ж самае і з БНР».

«Ясна, што паўнавартаснай дзяржавай БНР не была, але гэта была дзяржава-ідэя. Яна была дэкларацыяй, якая недастаткова напоўнілася зместам, бо час быў такі. Людзі, якія кажуць, маўляў, якая можа быць дзяржава пад чужой акупацыяй, без войска, апарату, грошай, пошты, тэлеграфа, якія супрацьпастаўляюць яе БССР, нават не ўсведамляюць, што БССР — ці ССРБ, як было з пачатку, — таксама не мела ні арміі, ні замежнай палітыкі, ні грошай, анічога, што рабіла б яе больш паўнавартаснай дзяржавай, чым БНР», — дадаў журналіст.

Паводле слоў Шупы, калі БНР была дзяржавай-ідэяй, то БССР — дзяржавай-фікцыяй. Ён тлумачыць, што калі БНР была абвешчана ва ўмовах нямецкай акупацыі, то БССР — ва ўмовах акупацыі бальшавіцкай.

«Так, у другім выпадку была абвешчана незалежнасць, але не народам, пазбаўленым акупацыі. Новая дзяржава рэалізавалася пад новай бальшавіцкай акупацыяй, але гэта абсалютна наша дзяржава, я не адкідаю БССР. Дарэчы, БНР-аўцы вельмі пазітыўна ўспрынялі абвяшчэнне БССР і ўсяляк яе падтрымлівалі. Гэта адно з «адкрыццяў», якое савецкая прапаганда доўгія гады замоўчвала», — адзначыў даследчык.

 

Разбурэнне міфаў савецкай прапаганды

Гістарычныя факты і сведчанні, сабраныя ў кнізе, мусяць паспрыяць разбурэнню «асноўных фантомаў савецкай прапаганды» пра БНР, якія кажуць пра тое, што яна была «буржуазнай нацыяналістычнай марыянеткавай недадзяржавай».

«Па-першае, буржуазнай яна ніякім чынам не была, яна была татальна сацыялістычная, — падкрэсліў аўтар. — Была пару спробаў правага флангу заняць пазіцыі, але сацыялісты адштурхоўвалі іх вострымі лакцямі і блізка не давалі падсунуцца да ўлады. БНР была абсалютна «левай», нават значна больш «левай» за бальшавікоў з'явай. Яе стварылі сацыялісты рознай ступені «чырвонасці» — крайнія сацыял-рэвалюцыянеры, сацыялісты-федэралісты, сацыял-дэмакраты».

Што да абвінавачванняў БНР у залішняй нацыяналістычнасці, Шупа звяртае ўвагу на тое, што «ўжо ў Першай устаўной грамаце дэкларавалася, што Беларусь — краіна ўсіх народаў, якія яе насяляюць». Слова «народы» ўжываецца «ўва множным ліку і праходзіць праз усе афіцыйныя дакументы», таму «ніякага нацыяналізму, як у тагачасным, так і ў сённяшнім разуменні ў БНР рэальна не было».

«Апрача таго, у БНР не было нічога антырасійскага, але была пэўная антыпольскасць. Калі БНР і была скіравана супраць некага амаль на ўсіх этапах сваёй дзейнасці, дык гэта супраць Польшчы. З боку палякаў яны адчувалі найбольшую пагрозу, бо тыя мелі пэўныя прэтэнзіі на тэрыторыю», — зазначыў журналіст.

Поўнай лухтой даследчык таксама называе міф пра марыянеткавасць БНР. Паводле яго слоў, Беларуская Народная Рэспубліка паўстала «не проста не з дапамогай немцаў, а насуперак ім».

Шупа адзначыў, што «ад сепаратнага Брэсцкага міра 3 сакавіка 1918 года, калі Расія здрадзіла сваім саюзнікам па Антанце і падпісала дамову «о мире и дружбе», немцы прадстаўлялі прыязную Расіі дзяржаву». Нямецкія войскі былі «дружалюбнай арміяй, якая часова знаходзілася на тэрыторыі Беларусі» ў якасці заклада «за своечасовую выплату Расіяй кантрыбуцыі».

«Сумная навіна ў тым, што да Брэсцкага міру беларусы не паспелі заявіць пра свае прэтэнзіі на дзяржаўнасць, — сказаў журналіст. — Немцы не бачылі ў беларусах нейкі нацыятворчы патэнцыял. Акупаваную тэрыторыю яны падзялілі на зоны, дзе былі дзяржавы, якія Нямеччына прызнала незалежнымі — Украіну, Літву, Польшчу, і дзяржавы, незалежнасць якіх мусіла вырашацца мясцовым народам у выніку свабоднага самавыяўлення, напрыклад Ліфляндыі, Эстляндыі, Фінляндыі. Беларусь жа была выключана з гэтай карціны, яе разглядалі як тэрыторыю расійскай дзяржавы, часова занятую дружалюбным нямецкім войскам».

«Такім чынам, немцы з бальшавікамі былі саюзнікамі, і кожны з іх быў варожы да БНР. Таму не БНР з немцамі былі супраць Расіі, а Расія з Нямеччынай была супраць БНР», — дадаў ён.

Шупа падкрэслівае, што зараз «цяжка вызначыць, наколькі БНР паўплывала на ўтварэнне БССР», хаця і дапускае такую магчымасць. Паводле яго слоў, бальшавікі «спадзяваліся на сусветную рэвалюцыю, таму без страху абвяшчалі савецкія рэспублікі».

«Была ідэя абвяшчаць рэспублікі, а па меры прасоўвання рэвалюцыі надалей, далучаць іх да адной вялікай Расіі, адной вялікай сацыялістычнай дзяржавы, якая пашырыцца на цэлы свет, і тады ўжо ўсе гэтыя незалежнасці будуць ня важныя, — сказаў аўтар. — БССР паспела ўтварыцца, і з ёй ужо нічога нельга была зрабіць. Калі пасля палякаў зноў прыйшлі бальшавікі, шмат беларускай эліты, што мела нацыятворчы патэнцыял, гэтым скарысталася. Таму на пачатку 1920-х гадоў усе нацыятворчыя ідэі, якія неслі ў сябе БНР-аўцы, рэалізоўваліся ў БССР».

 

Ненавуковая кніга

Журналіст адзначыў, што «Падарожжа ў БНР» — гэта «не мастацкае асэнсаванне гісторыі» Беларусі на пачатку XX стагоддзя. Шэраг ранейшых асэнсаванняў гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, нягледзячы на іх мастацкія якасці, «у асноўным базуюцца на ўяўленнях аўтараў без грунтоўнага адчування самога часу».

«Я не замахваюся ані на якую мастацкасць, але з другога боку гэта і не навуковая праца, — падкрэсліў Шупа. — Я бы папярэдзіў чытачоў не цытаваць кнігу як гістарычную крыніцу. Так, гэта гістарычныя факты, але прапушчаныя праз маё суб'ектыўнае адчуванне на падставе таго, што я сам гэтым вельмі глыбока жыў і капаўся. Канешне, у мяне ёсць сімпатыі, антыпатыі [да персаналій], якія цяжка схаваць, ды я лічу, што і не трэба».

«Я не прэтэндую на ісціну ў перадачы пачуцця і ацэнак, у гэтым сэнсе ў кнізе ёсць элемент ненавуковасці і неаб'ектыўнасці, кніжка суб'ектыўная. Але ніводзін факт у ёй не прыдуманы», — падсумаваў Шупа.

 

Фота svaboda.org




Оставьте комментарий (0)