Па мінскіх адрасах БНР. Шпацыр з гісторыкам Сяргеем Харэўскім

У Мінску ёсць шмат месцаў, дзе варта павесіць памятныя шыльды БНР.

Naviny.by накіраваліся на шпацыр па мінскіх адрасах Беларускай Народнай Рэспублікі разам з гісторыкам архітэктуры Сяргеем Харэўскім і даведаліся, што ў Мінску ёсць шмат месцаў, дзе варта павесіць памятныя шыльды БНР. Усе асноўныя будынкі, звязаныя з гісторыяй абвяшчэння незалежнасці, захаваліся.

 

Купалаўскі тэатр

У тэатры імя Янкі Купалы (былым гарадcкім тэатры) напрыканцы 1917 года адбываліся пасяджэнні першага Усебеларускага з’езду (кангрэсу), арганізаванага беларускім з’ездам нацыянальных арганізацый.

“На той момант мала хто ўяўляў сабе Беларусь незалежнай. Але тут пачалося фарміраванне беларускай нацыянальнай ідэі”, — расказаў Сяргей Харэўскі.

Усебеларускі з'езд сабраў шмат розных людзей: “Можаце сабе ўявіць — больш за 1800 дэлегатаў, якія прадстаўлялі ўсе паветы Беларусі, усе рухі і партыі, усе канфесіі Беларусі. Гэта было на той час самае легітымнае прадстаўніцтва. Абсалютная большасць удзельнікаў з’еду была супраць узурпацыі ўлады бальшавікамі і заклікала да правядзення сходу, на які планавалі дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў. Але бальшавікі разагналі з’езд. Якім чынам абышлося без ахвяр, невядома. Фактам з’яўляецца, што і тыя, і другія былі нападпітку”.

Як у невялікім горадзе маглі адначасова кватэравацца столькі людзей, розных па матэрыяльным статусе? Харэўскі расказаў, што дэлегаты ў большасці сваёй месціліся ў вагонах, дзе ім далі прытулак мінскія чыгуначнікі. Пасля разгону праца з’езду працягнулася ў дэпо пад абаронай чыгуначнікаў па адрасе Чыгуначная, 5.

На той момант дзейнасць беларускіх нацыянальных арганізацый акумуляваў Беларускі нацыянальны камітэт, які абраў сваім сімвалам бел-чырвона-белы сцяг.

Гэты камітэт быў створаны ў Мінску яшчэ ў 1915 годзе як Мінскае таварыства дапамогі ахвярам вайны, адным з ініцыятараў якога быў Раман Скірмунт, які адыграў выключную ролю ў гісторыі БНР; будаўнік касцёла Сымона і Алены Эдвард Вайніловіч і Марыя Магдалена Радзівіл ахвяравалі на таварыства. Высілкамі камітэта быў пабудаваны дзіцячы прытулак у Ратамцы, працавалі бясплатыя сталоўкі. У камітэт таварыства было перайменавана пасля лютаўскай рэвалюцыі.

 

Юбілейны дом

Недалека ад тэатра — будынак былога царкоўнага археалагічнага музея (зараз Незалежнасці, 26).

У гэтым будынку нейкі час месцілася Рада БНР. Зараз будынак належыць Беларускай праваслаўнай царкве, і на ім — праваслаўныя купалы.

Юбілейным дом называюць, бо ён будаваўся да 300-годдзя дома Раманавых. Малюнак Юбілейнага дома быў на паштовых марках БНР.

 

Рэзідэнцыя мінскіх каталіцкіх епіскапаў

У цяперашнім будынку Рэспубліканскага музычнага каледжа па адрасе плошча Свабоды, 7 засядалі выканаўчы камітэт Рады ўсебеларускага з’езду, а потым Народны сакратарыят Беларусі. Гэты будынак быў рэзідэнцыяй мінскіх каталіцкіх епіскапаў, а потым расійскіх губернатараў. Там была абвешчана Першая ўстаўная грамата.

На старых здымках бачна, што на балконе гэтага будынку луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Праўда, адбывалася гэта на працягу літаральна некалькіх дзён — сцягі яшчэ былі 19 лютага, а 23 лютага ў Мінску быў ужо парад немцаў, якія сарвалі сцягі і забралі касу БНР, друкаваныя машынкі і два матацыкла.

Дарэчы, дзейнасць БНР на першых парах фінансавала Мінская гарадская дума. Грошы былі патрэбны сярод іншага на пабудову беларускай гімназіі ў Будславе, што і было зроблена.

Рэзідэнцыя каталіцкіх епіскапаў стала знакавым месцам БНР не зусім выпадкова. Сяргей Харэўскі адзначыў, што каталіцкая царква на той момант актыўна падтрымлівала беларускі рух. Не толькі пачаліся пераклады рэлігійнай літаратуры на мову, але нават службы ў касцёле ішлі на ёй, што было сапраўднай сенсацыяй.

 

Вуліца Камсамольская, 6

Пра сувязь гэтага адраса з гісторыяй БНР навукоўцы даведаліся зусім нядаўна, расказаў Сяргей Харэўскі. Тут месціўся ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады — партыі, дзейнасць якой унесла заўважны ўклад у беларускі нацыянальны рух і стварэнне БНР.

“Менавіта з гэтага будынка праводзіла каардынацыю партыя. Гэта нядаўняе адкрыццё гісторыка Уладзіміра Дзянісава падчас падрыхтоўкі выставы, якая адбываецца зараз у Нацыянальным гістарычным архіве з нагоды 100-гадовага юбілею БНР. Спадар Дзянісаў выявіў машынапісную тэлефонную кнігу Мінска, дзе пазначаны канкрэтны нумар і адрас ЦК камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады. Так што на гэтым адрэстаўраваным доме можа з’явіцца адна з шыльдаў БНР”, — расказаў Сяргей Харэўскі.

 

Дом з Чабурэчнай на Валадарскага

Незалежнасць БНР была абвешчана ў будынку на вуліцы Валадарскага, 9 (былая Серпухаўская), дзе 25 сакавіка 2018 года была прынятая трэцяя ўстаўная грамата БНР, якая абвяшчала незалежнасць Беларусі.

Дзеячы БНР здымалі памяшканне ў арэнду. На другім паверсе адбылося пасяджэнне, якое пачалося 24 сакавіка. Прыехалі прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага камітэта з Вільні, была вялікая дыскусія, якая працягнулася да світання.

“І тады, — расказвае Сяргей Харэўскі, — была прынятая трэцяя ўстаўная грамата, якая абвяшчала незалежнасць нашага краю і тое, што толькі беларускі народ мае права правіць у ім. Менавіта ў гэтым будынку ўпершыню пачулі “Незалежная Беларусь”.

Незалежнасць абвясцілі, кажа Сяргей Харэўскі, калі “палова Беларусі была прададзена немцам”.

БНР стваралася на фоне вайны: “Вайна, паўтара мільёна беларусаў сталі бежанцамі. Калі я чую сёння знявагу ў дачыненні да сучасных сірыйскіх бежанцаў, заўсёды хачу сказаць, што варта памятаць, што 100 гадоў назад беларусы былі ў іх становішчы. У нашай краіне былі дзясяткі тысяч дзяцей-сірот. Пры гэтым 80% беларускага сялянства было непісьменнае, як дагукацца да такіх людзей? І ў гэтай сітуацыі на бок народа пераходзілі дзясяткі ксяндзоў. У тым кантэксце гэта было няпроста і вельмі важна, бо ксяндзы былі адукаванымі і ведалі патрэбы народа”.

Сяргей Харэўскі выказаў думку пра тое, што хаця немцы спрыялі бальшавіцкаму перавароту, але “да канца ніякая рэвалюцыя не робіцца за чужыя грошы”:

“Сацыяльная сітуацыя ў Расійскай імперыі была катастрафічнай, а сама яна была феадальная. Імперыя не дарасла да канстытуцыі. Народ быў страшэнна бедны, раскатурханы вайной і рэвалюцыяй. На гэтым фоне ў партыі былі розныя па адукацыі і матэрыяльнаму статусу члены. І рашэнне аб абвяшчэнні незалежнасці БНР еднасць партыі разламала. Мінская гарадская дума прыпыніла фінансаванне”.

Акурат насупраць, па сучасным адрасе Валадарскага, 12, была штаб-кватэра Рамана Скірмунта, тут знаходзілася Мінскае беларускае прадстаўніцтва, сябры якога былі кааптаваныя ў Раду БНР.

 

Дом, дзе жыла Магдалена Радзівіл і Раман Скірмунт

Сем пакояў у доме па сучаснаму адразу вуліца Савецкая, 17 (побач с Чырвоным касцёлам) займала княгіня Марыя Магдалена Радзівіл. Раман Скірмунт жыў у тым жа доме ў кватэры насупраць. Дом быў новы, прыгожы і жыць там было прэстыжна. Да Марыі Магдалены Радзівіл і Рамана Скірмунта прыходзілі людзі, якія і стварылі БНР.

Сяргей Харэўскі адзначыў, што Марыя Магдалена Радзівіл — жанчына, без якой нацыянальнае адраджэнне пачатку мінулага стагоддзя немагчыма ўявіць.

“Магдалена Радзівіл шчодра фінансавала беларускае нацыянальнае адраджэнне, яна была патрыётам і пакінула краіну не па сваёй волі”, — кажа Сяргей Харэўскі.

Яна была вельмі заможная — дапамагала выдавецкім таварыствам у Вільні і суполцы “Загляне сонца і ў наша аконца” ў Пецярбургу, з яе падтрымкай выдаваліся газеты “Наша ніва” i каталіцкая беларуская газета Bielarus. Пры фінансавай падтрымцы Магдалены быў выдадзены першы беларускі малітоўнік для набажэнстваў “Бог з намі”.

Знакам падзякі Магдалене за яе мецэнацкую дзейнасць была выява Лебедзя – герба роду Завішаў, якую змяшчалі выдаўцы на тытульных аркушах кніг, друкаваных на грошы княгіні. Менавіта яна фінансавала “Вянок” Максіма Багдановіча (1913), “З роднага загону” Андрэя Зязюлі (1913), “Рунь” Максіма Гарэцкага (1914), “Родныя з’явы” Тараса Гушчы (Якуба Коласа, 1914), “Курганная кветка” Канстанцыі Буйло (1914), “Васількі” Ядвігіна Ш. (1914).

Прах мецэната беларускага адраджэння княгіні Магдалены Радзівіл у мінулым годзе быў вернуты ў Мінск і перададзены Чырвонаму касцёлу, парафіянамі якога была яна і Раман Скірмунт. Прах княгіні перапахаваны ў касцёле на Залатой Горцы ў Мінску.

 

Што зрабіла БНР?

Сяргей Харэўскі кажа: “У тых неверагодных умовах было створана нямала. І яшчэ людзі, якія стаялі на чале БНР, маглі пазбавіцца праблем, бо мелі рахункі ў еўрапейскіх банках, а таксама зямлю. Лёгка мог з’ехаць Раман Скірмунт. А кіраўніцтва БНР на пасяджэнне для прыняцця другой устаўной граматы ехала 24 гадзіны ў вагоне без ацяплення. Іван Луцкевіч быў ужо на той момант смяротна хворы”.

Людзі, якія стварылі БНР, паказалі высокі маральны ўзровень і дэманстравалі здольнасць да літасці і спачування да людзей.

Пры БНР былі адкрыты 10 беларускамоўных школ, некалькі дзіцячых прытулкаў. Было выдадзена больш за 35 тысяч пашпартоў, з якімі можна было перамяшчацца абапал лініі фронту і паехаць у Парыж. БНР наладзіла консульскую службу ў шматлікіх краінах. Менавіта пры БНР быў створаны Мінскі настаўніцкі інстытут, цяпер педагагічны універсітэт імя Танка, і першы дзяржаўны беларускі тэатр.

 

 

Фота Сяргея Балая




Оставьте комментарий (0)