«Меўся адказваць перад Лукашэнкам». Пад Шкловам павесіўся кіраўнік аграхолдынгу

30 сакавіка Дзмітры Васілеўскі адсвяткаваў 45-годдзе, а на наступны дзень скончыў жыццё самагубствам.

На Шклоўшчыне скончыў жыццё самагубствам 45-гадовы кіраўнік аграпрамысловага холдынгу «Купалаўскае» Дзмітры Васілеўскі. На гэтай пасадзе ён прабыў два месяцы. Дзеля дырэктарства ў холдынгу яго з прычыны вытворчай неабходнасці знялі са старшынёўства ў Дрыбінскім райвыканкаме.

Магіла Дзмітрыя Васілеўскага

Стварыць аб’яднанне з трох буйных гаспадарак Шклоўскага раёну прапанаваў у 2016 годзе Аляксандр Лукашэнка. Праз год кіраўнік дзяржавы выдаў указ «Аб стварэнні гаспадарчага таварыства», і холдынг «Купалаўскі» быў зарэгістраваны.

На радзіме Дзмітрыя Васілеўскага лічаць, што прычыны яго самагубства варта шукаць у дзейнасці на пасадзе кіраўніка холдынгу.

 

«Чаму ў цябе тут усё сыплецца і валіцца?»

Родная вёска Дзмітрыя Васілеўскага — Фашчаўка за сорак кіламетраў ад Магілёва. Аграгарадок з насельніцтвам у 600 чалавек і 270 дварамі — цэнтральная сядзіба акцыянернага таварыства «Эксперыментальная база «Спартак». 

У Фашчаўцы сямейны дом Васілеўскіх, які не вылучаецца сярод суседніх тыпавых катэджаў.

Фашчаўка

31 сакавіка Дзмітрыя Васілеўскага знайшлі павешаным у лесе за дзесяць кіламетраў ад Фашчаўкі. Напярэдадні нічога не прадвяшчала бяды. Пахавалі нябожчыка 2 красавіка. Развітацца сабраліся аднавяскоўцы, калегі, кіраўніцтва раёну і вобласці.

На дарозе ад ягонага дому яшчэ засталіся ляжаць яловыя лапкі і гваздзікі. Пахавалі нябожчыка побач з бацькам на старых вясковых кладах, над якімі ўзвышаецца дзесяціметровы пастамент з драўлянай, моцна пашкоджанай прыродай скульптурай святога Сымпліцыяна. Пра месца вечнага спачыну Дзмітры Васілеўскі наказаў у адной з дзвюх запісак, пакінутых сям’і. Прасіў нікога ў сваёй смерці не вінаваціць.

Удава Наталля Васілеўская адмовілася сустракацца з журналістамі і гаварыць з імі пра мужа. У тэлефоннай гутарцы жанчына сказала нам: «Людзі, якія да яго добра ставіліся, ведаюць, якім ён быў чалавекам, але гэтыя словы яго назад не вернуць і мне нічога добрага не зробяць».

У інтэрв'ю TUT.by Наталля Васілеўская мужава самагубства звязала з ягонай працоўнай дзейнасцю: «Усе наўкола начальнікі, а адказчык — ён адзін».

«Усе ад яго нечага патрабавалі: старшыня райвыканкаму, начальнік камітэту сельскай гаспадаркі, губернатар, міністэрства. Казалі: «Да нас прыязджае ў траўні прэзідэнт. Чаму ў цябе тут усё сыплецца і валіцца?» А чаму валіцца? Там таго аграхолдынгу — стос папер, тры абшарпаных пустых кабінета ў сельсавеце і два чалавека ў штаце», — выказвала меркаванне ўдава Дзмітрыя Васілеўскага.

Дом сям’і Васілеўскіх

Па яе словах, мужу, каб пераадолець праблемы з станаўленнем холдынгу, прапаноўвалі пераймаць досвед паспяховага гаспадарання ў таварыстве «Спартак», які «ён дзесяць гадоў падымаў з каленяў».

 

«Ён жа ў такі замес трапіў з гэтым холдынгам»

Пра тое, што прычыны самагубства кіраўніка аграхолдынгу варта шукаць у яго працоўнай дзейнасці, расказалі і некаторыя жыхары Фашчаўкі. Сваіх імёнаў яны папрасілі не называць.

«Ён жа ў такі замес трапіў з гэтым холдынгам, што яму можна толькі спачуваць», — казаў адзін з ягоных землякоў.

«Апошні час ён выглядаў панурым, — працягваў суразмоўца. — Яго зрэдку бачылі ў Фашчаўцы. Прападаў усё ў Гарадзішчы, там яго кабінет быў. Спрабаваў выцягнуць тое, што пакуль не мела пэўных абрысаў. І, відаць, усе ад яго патрабавалі выніку. Вось і не вытрымаў…»

Дарога на могілкі, на якіх пахавалі Васілеўскага

Старшыня Фашчаўскага сельсавету Рыгор Крупенька кажа, што яго з Дзмітрыем Васілеўскім звязвала шматгадовае сяброўства. Пра прычыны самагубства гаварыць не стаў. Згадаў толькі, што «гэта быў выдатны чалавек, цудоўны сем’янін і руплівы гаспадар». Па словах суразмоўцы, Васілеўскі вывеў таварыства «Спартак» у перадавікі.

«У яго ж ёсць медаль ад прэзідэнта «За працоўныя заслугі», — адзначыў ён. — І холдынг бы ўзняў. Яму падабалася брацца за ўсё новае, каб усё варушылася вакол, але часам перападала яму, і гузакі меў, але ў каго іх няма на новым месцы. Ён многае планаваў…»

«Яго смерць шакавала мяне, — казаў далей суразмоўца. — Я не мог паверыць, што з ім адбылося, хаця мне давялося пабываць на месцы, дзе ён скончыў жыццё, пакуль яго не забралі адтуль».

 

«З прычыны вытворчай неабходнасці»

Узнагароду «За працоўныя заслугі» Дзмітрыю Васілеўскаму ўручылі ў 2013 годзе. У 2014-м ён атрымаў спецыяльную прэмію Шклоўскага райвыканкаму «Чалавек года» у намінацыі «Вытворчая дзейнасць».

У 2016 годзе Васілеўскага паставілі старшынём Дрыбінскага райвыканкаму, а праз два гады з прычыны вытворчай неабходнасці знялі і прызначылі кіраўніком аграпрамысловага холдынгу «Купалаўскае».

Вясковая сталоўка. Будынак адрамантавалі, калі Васілеўскі кіраваў гаспадаркай у Фашчаўцы

Кар’еру аграрніка Дзмітры Васілеўскі пачаў з пасадаў намесніка старшыні і старшыні Фашчаўскага сельсавету. Адпрацаваўшы ад 2002 да 2007 году ў намесніках дырэктара акцыянернага таварыства «Ніва», што ў тым жа Шклоўскім раёне, яго прызначылі кіраваць эксперыментальнай базай «Спартак».

Машыны двор акцыянернага таварыства «Спартак»

«Ён жа, як дырэктарам быў, дык саўгас узняў. Я не хачу сказаць, што да яго тут быў развал, але ён навёў парадак. Ён жа мужыком простым быў. Гаваркім. Вясёлым. Хваткім», — даводзіў яшчэ адзін жыхар Фашчаўкі.

«А потым яго ў Дрыбін ад нас забралі, — працягваў ён. — Там у яго, відаць, нешта не атрымалася, і яго сюды зноў вярнулі, але ўжо генеральным дырэктарам аб’яднання з трох, здаецца, калгасаў. Але там і папрацаваць ён не паспеў. Толькі два месяцы як прызначылі. А чаму засіліўся? Дык ніхто ж не ведае. Як нам сказалі пра гэта, дык ніхто не паверыў, што такое можа быць наагул. Ён жа 30 сакавіка адзначыў 45-годзьдзе, а 31-га павесіўся…».

 

«Хоць бы пашкадаваў жонку, дзяцей. Не трэба накладаць на сябе рук»

Развітацца з Васілеўскім, па словах вяскоўцаў, прыйшлі сотні людзей. «Усе плакалі і ніхто не мог паверыць, што чалавек мог з сабою зрабіць такое», — адзначыў яшчэ адзін суразмоўца, які ў Фашчаўцы жыве трыццаць год.

«Ён харошы чалавек, і людзі да яго цягнуліся. Я як прыйшоў працаваць, дык мне ён даў новы дом. Заробкі былі тады прыстойныя і ўсе беглі ў «Спартак». Але, па шчырасці, заробкі пачалі падаць ужо і пры ім, бо часы надышлі цяжкія», — прызнаўся ён.

Фашчаўка — адна з вёсак так званага каталіцкага анклаву на Шклоўшчыне. Некалі тут быў і свой касцёл, які пабурылі ў 1960-я гады. На ягоным месцы цяпер узвышаецца крыж. Замест касцёлу каталікі паставілі сабе капліцу.

Крыж на месцы Фашчаўскага касцёлу

«Харошы чалавек Васілеўскі. Нічога кепскага сказаць пра яго не магу, але нешта ж набраў ён сабе ў галаву. Мо па працы што было. Усе так кажуць», — гаварыла пра смерць земляка пажылая вяскоўка. Яна пазнаёмілася з Васілеўскім, калі ён рабіў старшынём сельсавету. Тады жыла яна ў іншай вёсцы.

«Хоць бы пашкадаваў жонку, дзяцей. Мне, як сказалі, што ён з сабою зрабіў, дык мне ажно кепска стала. Не трэба на сябе, дзетачка, накладаць рук», — падсумавала кабета.

 

Супергаспадарка, якую стваралі з ініцыятывы Лукашэнкі

Ідэю стварыць на Шклоўшчыне комплексную вытворчую інтэграваную структуру з некалькіх тутэйшых гаспадарак агучыў у 2016 годзе Аляксандр Лукашэнка.

Аграхолдынг, на думку кіраўніка дзяржавы, меўся аб’яднаць чатыры акцыянерныя таварыствы: «Амкадор-Шклоў», «Вялікія Славені», «Новагарадзішчанскае» ды «Новае Юбілейнае» (у 2017 годзе яго далучылі да «Амкадора-Шклова»). У 2017 кіраўнік Беларусі выдаў указ «Аб стварэнні гаспадарчага таварыства», паводле якога і паўстаў аргахолдынг.

92% акцыяў зарэгістраванага ў тым жа годзе таварыства «Купалаўскае» завалодалі структуры бізнесоўцы Аляксандра Шакуціна. 8% мае ў распараджэнні Шклоўскі райвыканкам.

На прыкладзе «Купалаўскага» Лукашэнка хацеў паказаць, якім мае быць гаспадарка 21-га стагоддзя. У перспектыве, не выключаў кіраўнік дзяржавы, аграхолдынг мог аб’яднацца з яшчэ адным сельскагаспадарчым гігантам Шклоўшчыны таварыствам «Александрыйскае».

Аграхолдынг «Купалаўскае» меўся спецыялізавацца на жывёлагадоўлі, а таксама на вырабленні сельгаскультур.

 

«За вынікі меўся адказваць перад Лукашэнкам»

Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі, якому даводзілася кіраваць сельгаспрадпрыемстам, не быў знаёмы асабіста з Дзмітрыем Васілеўскім, але, адсочваючы эканамічную сітуацыю на Шклоўшчыне, адзначае: ён быў добрым кіраўніком-аграрнікам, таму яго і прызначылі кіраваць новым структурай.

Пётр Мігурскі

Разам з тым, як заўважыў эксперт, прынцыповасць у пытаннях справаздачнасці магла стаць прычынаю таго, што яму не ўдалося доўга затрымацца на пасадзе кіраўніка Дрыбінскага райвыканкаму. Ён дапускае, што Васілеўскі стараўся пазбягаць прыпісак у справаздачнасці.

«Вядома ж, цалкам пазбегчы іх не магчыма ў цяперашніх умовах гаспадарання, але, паколькі ў нас усё вызначаюць надоі малака, а пахваліцца высокімі ў яго не было магчымасці, то зʼявілася думка ў вышэйшага кіраўніцтва, што ён не спраўляецца з абавязкамі кіраўніка раёну», — выказаў меркаванне Пётр Мігурскі.

Фашчаўка

Гаворачы пра аграхолдынг, эканаміст заяўляе, што ён існаваў толькі на паперы і яго перспектывы былі няпэўнымі, паколькі кіраўнікі гаспадарак, якія ўваходзілі ў аб’яднанне, мелі свае задачы і дзяліцца ўладаю ды паўнамоцтвамі з Васілеўскім не хацелі.

Акрамя таго, дадаў Мігурскі, гаспадаркі холдынгу мелі розны арганізацыйна-прававы статус, праз які ім было не проста інтэгравацца ў новую структуру.

«А за вынікі меўся адказваць перад Лукашэнкам, які збіраўся на Шклоўшчыну ў траўні, адзін Васілеўскі. Шклоўскі жа райвыканкам і Магілёўскі аблвыканкам былі, нібыта, і ні прычым. Вінаватым меўся стаць Васілеўскі, а як маеш абвостранае пачуццё адказнасці, дык у галаву ўсяго можаш набраць», — разважаў Мігурскі.

На яго думку, Васілеўскаму даводзілася дзейнічаць не як кіраўніку буйнога абʼяднання, а як звычайнага калгасу. Ён дапускае, што між гаспадаркамі холдынгу адсутнічала неабходная каардынацыя дзейнасці.

«Відаць, Васілеўскі недаацаніў магчымасці сваёй пасады. Ён спрабаваў усё замкнуць на сабе, бо ссумаваўся па працы ў полі, хацеў быць бліжэй да вытворчасці, і выйшла тое, што выйшла», — падсумаваў Пётр Мігурскі.

Ці знайшлі замену Дзмітрыю Васілеўскаму, высветліць не ўдалося. Па факту яго смерці праводзіцца праверка. У Следчым камітэце пакуль устрымліваюцца ад каментароў.