Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Драма і тэатр

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Драматызм беларускай гісторыі спарадзіў унікальны беларускі тэатр.

Беларусам так часта даводзілася іграць ролі і пераўвасабляцца, што тысячагадовы тэатр на сцэне паміж Захадам і Ўсходам даўно стаў іх жыццём, а «людзі-акторы» — нацыянальным амплуа. Беларусы прымалі і пераймалі столькі розных ідэяў і формаў, столькі чужых паставаў і жарсцяў, мімікі і жэстаў, інтарэсаў і інтанацыяў!... Менавіта такая Беларусь дала свету батлейку, Неміровіча-Данчанку і Купалаўскі акадэмічны.

«Схадзіць у тэатр» — каронны нумар культурнай праграмы беларускага інтэлігента: у «Тутэйшых», «Несцерку» або «Князі Вітаўце» прынята шукаць жывую нацыянальную ідэю.

Тэатр — адзін з нашых базавых архетыпаў. Які прынцып тэатру? Ператварэньне ў іншага. А гэта магчыма толькі тады, калі таго самага іншага любіш. Любі блізкага свайго, як самога сябе. Адчуй сябе на месцы іншага. Перажыві, будзь ім!

Так што імкненьне да пераўвасаблення — гэта вельмі па-беларуску. Больш таго — гэта сапраўды па-хрысціянску.

Тэатральная традыцыя, закладзеная яшчэ скамарохамі і батлейкаю Сярэднявечча, расквітнела ў пастаноўках магнацкіх тэатраў XVI-XVIII стст. — Нясвіжскага і Слуцкага ў Радзівілаў, Слонімскага ў Агінскага, Шклоўскага ў Зорыча, — і пад акупацыяй аднавілася ў народніцкіх спектаклях Дуніна-Марцінкевіча. Беларускі тэатр — гэта Уршуля Радзівіл, Ігнат Буйніцкі, Уладзіслаў Галубок і Францішак Аляхновіч. Беларускі тэатр — гэта сялянская класіка Купалы: «Паўлінка», «Тутэйшыя», «Раскіданае гняздо». Гэта беларуская вайна: «Трыбунал» Макаёнка, «Апошні шанец» Быкава, «Радавыя» Дударава. Драматургія і рэжысура сусветных трагедыяў.

 І калі вы сёньня чуеце захопленыя водгукі знаёмых — ах, Пінігін!.. Бачыў Мазынскага?.. А Курэйчык!... — майце на ўвазе, гэта ўсё той жа беларускі тэатр.

Ад беларускае тэатральнасці — і балетныя шэдэўры Елізар’ева, і опера Глебава, і акторскія геніі Інакенція Смактуноўскага, Расціслава Янкоўскага, Стэфаніі Станюты, Пятра Алейнікава, Кірка і Майкла Дугласаў.

Тэатр — беларуская палітыка: з першых пастановак адраджэнцаў і да выкліковых бел-чырвона-белых дэкарацыяў «Тутэйшых» сучаснасці гледачы — нацыянальна свядомая грамада і студэнты, а прэм’еры — акцыі пратэсту. Нават Усебеларускі З’езд 1917 года, кульмінацыя пераўвасаблення самой Беларусі, адбыўся ў будынку сённішняга Купалаўскага тэатру.

Тэатр — невычэрпны патэнцыял беларускай культуры. Рэпертуар — уся гісторыя сэрца Еўропы. Заслона тут мусіць апускацца на сцэну толькі дзеля таго, каб аддзяліць спектакль ад наступнага.

 

 

З кнігі “Люблю Беларусь”

 

Працяг будз

  • Сколько еще лет этот графоман будет копипастить собственную книгу на всех подряд ресурсах?
  • З кнігі “Люблю Беларусь” Подзаголовок, не иначе: Беларусь - родина слонов.