Магілёўскія могілкі чакае зачыстка. Старыя надмагіллі пад пагрозай

Падобная сітуацыя характэрная для ўсіх могілак Беларусі.

У Магілёве пад пагрозай знішчэння апынуліся старыя пахаванні з унікальнымі надмагіллямі.

Прыгледзець за імі няма каму, а новая рэдакцыя закону «Аб пахаванні і пахавальнай справе», прынятая ў 2015 годзе, дае дзяржаўным спецыялізаваным арганізацыям права дэмантаваць і ўтылізаваць іх, «калі ступень разбурэння выключае рамонт і аднаўленне».

Апавяшчэнні «навесці парадак» на магілах вывешаныя на ўсіх гарадскіх кладах.

На гістарычнай частцы габрэйскіх могілак у Магілёве

Падобная сітуацыя характэрная для ўсіх могілак Беларусі, кажуць эксперты.

 

Патрабуючы парадку на габрэйскіх могілках, не ўспамінаюць пра Халакост

Першымі пад увагу Магілёўскага спецыялізаванага камбінату абслугоўвання насельніцтва трапілі габрэйскія могілкі. Тыя, хто мае на іх пахаванні, гаворыцца ў абвестках, абавязаныя «прывесці надмагільныя збудаванні ў належны стан».

На гістарычнай частцы гэтых могілак, якую доўгі час хавала разрослае кустоўе, цяпер шмат раскіданых, паваленых і раструшчаных надмагілляў.

Памятны знак пахаваным габрэям, чый спакой быў «па-варварску парушаны»

«Тысячы габрэяў сем’ямі загінулі ў Халакосце, таму прыгледзець за большасцю старых пахаванняў няма каму. Чамусьці, калі гаворыцца пра навядзенне парадку на могілках, пра наступствы Халакосту не згадваюць. Ён выбіў амаль усіх габрэяў гораду», — каментуе сітуацыю адзін з наведнікаў могілак.

Паводле старажылаў, бурыць могілкі пачалі ў апошнія пяцьдзесят гадоў. Мармуровыя помнікі перараблялі і затым ставілі на не габрэйскія магілы. З агароджаў і помнікаў зрывалі металічныя часткі. Улада тады на гэта не рэагавала.

У грамадскім аб’яднанні «Магілёўская габрэйская грамада» сцвярджаюць, што днямі выяўлена з дзясятак новых пашкоджаных надмагілляў, якія, як лічаць у аб’яднанні, «уяўляюць гісторыка-культурную і мастацкую каштоўнасць», хоць афіцыйна не маюць такога статусу.

 

Калі надмагілле — не гісторыка-культурная каштоўнасць, яно падпадае пад дэмантаж

На Магілёўскім спецыялізаваным камбінаце кажуць: у іх прадпісанне Генеральнай пракуратуры. Яе прадстаўнікі аб’ехалі могілкі ў Беларусі і зрабілі выснову, што закон «Аб пахаванні і пахавальнай справе» не выконваецца.

Праведзеная прадпрыемствам інвентарызацыя выявіла занядбаныя надмагіллі. Упарадкаваць іх належала на працягу двух гадоў. Калі тое не зроблена, то надмагілле дэмантуецца.

Абвестка з папярэджаннем пра дэмантаж надмагілля, калі «не будзе ўпарадкаваная магіла»

«Што да іх ўнікальнасці, то ў нас ёсць пашпарты гісторыка-культурнай каштоўнасці, і калі надмагілле прызнанае такім, то яго ніхто чапаць не будзе. Калі такога пашпарта няма, надмагілле ў нас не на балансе і яно не гісторыка-культурная каштоўнасць, то падпадае пад дэмантаж», — сказала супрацоўніца спецкамбінату.

Паводле яе, адшукаць адказных за стан старых пахаванняў на габрэйскіх могілках праблематычна. Улік магіл, сказала яна, пачалі весці толькі пасля 1990 году. Суразмоўніца прызнала, што выйсця з сітуацыі пакуль не знайшлі.

 

«Навошта патрэбная дзяржава, калі яна не рупіцца пра гісторыю краіны?»

Габрэйскія могілкі — адны з найстарэйшых у горадзе. Паводле архіўных звестак яны вядомыя з 1745 году. Нямала надмагілляў вырабленыя ў Варшаве, Вільні, Санкт-Пецярбургу. Многія з пахаваных укладалі пры жыцці сродкі ў развіццё гораду.

«Навошта патрэбная тады дзяржава, калі яна не рупіцца пра гісторыю краіны і яе спадчыну? Захаванне надмагілляў — гэта пытанне маралі і выхавання падрастаючага пакалення», — кажа лідар габрэйскай грамады Магілёва Аляксей Каплан.

Фрагмент надмагілля з пазнакай, што яно трапіла пад каталагізацыю. Калі актывісты праводзілі фіксацыю, помнік быў цэлы

Ён адзначае: старыя надмагіллі прыкметныя сваім выглядам, мастацкімі вартасцямі і іх варта паказваць як архітэктурныя славутасці.

Летась актывісты габрэйскай грамады скончылі каталагізацыю пахаванняў на двух магілёўскіх могілках. На габрэйскіх апісана больш за 600 старых магіл. Значнай частцы з іх пагражае знішчэнне. Адшукаць сваякоў пахаваных і аднавіць надмагіллі за два гады, якія даваліся новым законам, было немагчыма, кажуць у габрэйскай грамадзе.

 

Пра сітуацыю на могілках праінфармавалі амбасаду Ізраілю

Грамадскія і рэлігійныя габрэйскія аб’яднанні гораду звярнуліся ў Магілёўскі гарвыканкам, каб той «спыніў разбурэнне гістарычных аб’ектаў». Яны паінфармавалі пра праблему амбасаду Ізраілю, Саюз беларускіх габрэйскіх арганізацыяў, а таксама юдэйскае рэлігійнае аб’яднанне.

Габрэйскія могілкі ў Магілёве

У звароце да ўладаў адзначаецца, што могілкі — адно з найбольш значных месцаў, якія наведваюць замежнікі па праграмах настальгічнага турызму.

«Варварскае разбурэнне нашай гісторыі ўжо выклікала негатыўны водгук у грамадскасці», — гаворыцца ў звароце.

 

Эксперт: абараніць старыя надмагіллі можа толькі грамадскасць

Паколькі габрэйскія могілкі ў Магілёве не маюць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, кажа старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, то абараніць надмагіллі прававымі метадамі «дужа складана».

На ягоную думку, каб уратаваць помнікі, павінна ўзняцца грамадскасць.

На каталіцкіх могілках, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

«Неабходна, каб да габрэйскай грамады далучыліся ўсе, каму не абыякавая гэта праблема», — кажа Антон Астаповіч.

«Падобная сітуацыя характэрная для ўсёй Беларусі, — працягвае ён. — Такія ж памкненні ёсць і ў менскага спецкамбінату адносна Кальварыйскіх і Вайсковых могілак, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Ідзе вяла цякучае змаганне са спецкамбінатам».

З ахоўным медальёнам у Магілёве толькі каталіцкія могілкі, на якіх таксама нямала старых пашкоджаных пахаванняў. Іх аднаўленне вымагае багата сродкаў.

На яшчэ адных гарадскіх кладах — Успенскіх, паводле каталагізацыі, больш за 100 старых надмагілляў. Стан большасці з іх занядбаны.

На Успенскіх могілках. На іх хавалі праваслаўную знаць гораду

Самае старое ў горадзе пахаванне — якраз на Успенскіх кладах. На пашкоджаным надмагіллі — выява герба вядомага беларускага роду Валовічаў. Паводле новага закону «Аб пахаванні і пахавальнай справе» гэтай магіле таксама пагражае знішчэнне.