Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Фальклорная рэвалюцыя

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Саламяны брыль, сялянскі строй ды гарапашны настрой — такім быў афіцыйны сувенірны набор беларускай культуры ў савецкія часы. Само паняцце “нацыянальны” вычэрпвалася фальклорам.

Фальклорныя гурткі ў кожным райцэнтры, фальклорныя дзяўчаты з хлебам-соллю, фальклорныя ансамблі на экспарт, нават чапурыстая паласа арнаменту на бутафорскім сцягу... Агромністая карпарацыя сялянскага наіву даводзіла, што мы, беларусы — народзец мілы, ды лапатны.

На дэкарацыях вясковага быту хіба што не хапала цэтліку: “Адзіны від беларускай культуры”.

У гэткім фальклоры глянцам блішчэла фальш.

Але за масавай паказухай таілася з'явішча першароднае ды нязмернае. Беларусь, як ніхто з суседзяў, захавала глыбіні спаконвечных традыцыяў, закладзеных калісьці Творцам у гэты народ. Бывае, бабулька сто гадоў, ледзь ходзіць з палачкай, але ж як сядзе спяваць, як прыасаніцца — людцы мае!..

Беларускі фальклор — гэта тысячагадовае змаганне хрысціянства з паганствам, чалавечай формы з Хрыстовым зместам. Асваенне і паглынанне абрадаў, рытуалаў ды святаў, адваёўваньне душаў. Беларускі фальклор — гэта руіны культу, якія нараджаюць культуру: калядаванне, гуканне вясны, шуканне папараць-кветкі і спаленне аўтамабільных пакрышак на Купалле. Даўнія адзенні, рыштунак, звычаі ды спевы могуць растлумачыць нам прычыны шмат якіх генетычных хваробаў і вялікіх грахоў сучаснай нацыі, успадкаваных ад паганства.

Фальклор — найглыбейшае вымярэнне нацыянальнага стылю, якое выбухнула разам са штуршкамі самаўсведамлення пасля Украіны 2014-га.

Чаму? Бо найпрасцейшыя народныя коды — аснова рытмаў, рыфмаў і архетыпаў. Беларускія пісьменнікі XX ст. вядуць свой род наўпрост ад фалькларыстаў XIX ст. — адсюль і народніцтва, і этнакультурніцтва, і вясковасць. З фальклорных прадонняў чэрпалі і Баршчэўскі для “Шляхціца Завальні”, і Купала для сваіх паэмаў, і Багдановіч для вершаў, і Колас для “Казак жыцця”, і беларуская Філармонія, і “Песняры” — і цяпер бяруць фольк-рокавыя “Крыві” ды “Троіца”, “Сымбаль.бай” і “Мой модны кут”, мадэльеры “Гонару” і дызайнеры “Будзьмы”.

Беларускі фальклор — гэта жывыя бел-чырвона-белыя сцягі нацыянальных строяў, “Лявоніха” ды “Харошкі”, “рытмовы шум” лесу, ветру, ракі ў беларускай музычнай этніцы, ажурныя выцінанкі, саламяныя шэдэўры — ад паветраных “павукоў” у шыкоўных інтэр’ерах да царскіх брамаў з саломы ў палескіх цэрквах; 950 самадзейных народных калектываў, 84 фальклорных і 18 фальклорна-этнаграфічных групаў, 6 ансамбляў і хораў, і колькідзясят тамоў занатаваных спеваў (аналагаў няма ва ўсёй Еўропе).

І усё-такі эпоха вясковага фальклору ў Беларусі рана ці позна мае сысці. На змену ёй прыдзе адкрыццё цывілізацыі Вялікага Княства Літоўскага — еўрапейскага, хрысціянскага, замкавага і гарадскога падмурку новай беларускай культуры.

 

 

З кнігі “Люблю Беларусь”

 

Працяг будзе

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.




Оставьте комментарий (0)