Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Чорны квадрат

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

«Чорны квадрат» Казіміра Малевіча — адзін з найвялікшых мастацкіх вобразаў у гісторыі чалавецтва. Напісаны ў 1914 г., у год пачатку I сусветнай, у прадчуванні рэвалюцыі і прадбачанні таталітарызму, ён сфармуляваў свой час як чорны ў квадраце. «Чорны квадрат» — гэта поўная адсутнасць колеру. Чорны паглынае святло. «Чорны квадрат» — гэта светапоглядны тупік: вялікая чорная квадратная кропка ў сусветным мастацтве. Белы холст, чорны квадрат — няма нічога прасцей. Няма нічога. Уся цывілізацыя XX ст. у адным знаку. «Чорны квадрат» — сапраўдны «абраз новага бязбожнага часу», кажучы словамі самога Малевіча. Вакно ў пустыню душы. Брама смерці. Адсутнасць святла ў канцы  тунэлю. Свет бяз Бога. «Чорны квадрат» — гэта акт безагаворачнай капітуляцыі культуры. І калі Бярдзяеў абвесціў культуру «найвялікшай няўдачай чалавецтва» — Малевічу для гэтага хапіла проста намаляваць чорны квадрат. Прарочае адкрыццё «Чорнага квадрату» — папярэджанне беларускай нацыянальнай ідэі ўсяму свету. Чорны квадрат мог вынайсці толькі беларус. Толькі Беларусь з яе беллю, светлінёю і святасьцю магла настолькі прачуць абсалют чорнага. Толькі краіна белага сцягу, счарнелая ад пакутаў, у жахлівым відзежы імперыі зла і Чарнобылю магла ўявіць сабе той самы квадрат, у які Леанарда да Вінчы ўпісваў ідэальныя прапорцыі чалавечага цела, чорным.

 

 

З кнігі “Люблю Беларусь”

 

Працяг будзе

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 




Оставьте комментарий (0)