Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. Нічыйная Вільня

Алесь МІКУС

Алесь МІКУС

Нарадзіўся ў 1982 г. у Мінску. Адукацыя: аддзяленне псіхалогіі БДУ, аспірантура АПА. Музыка, перакладчык, публіцыст.

Літоўскі публіцыст захацеў перанесці сталіцу з Вільні ў Коўна. Яму можна адказаць, што і беларус у Вільню не прыйдзе. Чаму?

 

Рыга

У цяперашняга літоўскага пісьменніка Юазайціса ёсць кніга пра Рыгу, якая называецца “Нічыйная цывілізацыя”. Саму кнігу латышскі суразмоўца ацаніў як даволі павярхоўную. Але ў ёй найцікавейшая — назва. Нічыйная цывілізацыя… Насамрэч не так, бо Рыга — гэта ўжо латышская цывілізацыя. Там ані духу ўжо няма “балтыйскіх немцаў” — яны забытыя, выветрыліся з памяці, зусім як жыдкі з памяці постсавецкіх беларусаў.

Латышы дужа добра асвоілі Рыгу. Праўда, там трохі больш за палову расійскамоўных жыхароў. Але гэты факт таксама дапамагае латышам мабілізавацца, гуртавацца і гуртом урабляць тую Рыгу. Яна ніколі не будзе ні рускай, ні тым больш нямецкай — Рыга толькі латышская.

А паколькі панаванне латышскасці ў Рызе налічвае толькі стагоддзе з гакам, дык там не баляць старыя раны, якія балелі б балтыйскім немцам. У Рызе пачуваешся здаравей і весялей, чым у Вільні.

 

Вільня

Хоць Рыгу і Вільню ў гэтым сэнсе можна было б параўнаць. Бо і літоўскасць у Вільні мае стагоддзе з гакам. Толькі розніца ў тым, што з Рыгі балтыйскія немцы з’ехалі, а ў Вільні польскамоўныя засталіся. Жыдкоў, праўда, у Вільні, як і ў Рызе, таксама не засталося.

Наш Францішак Аляхновіч у адным з абразкоў, надрукаваным у ваенным часе, успамінаў пра даваенную Вільню такімі словамі: “І жыдзюкоў-жыдзюкоў!..” Дык вось, жыдзюкоў у Вільні не засталося, а па-польску з беларускім акцэнтам размаўляюць усе віленскія прадмесці. І таму ў Вільні цяжкавата, калі параўноўваць з Рыгай.

Здавалася б, сталіца Літвы, краіны з літоўскай мовай, — а адусюль пазірае нейкая іншая лінгвістычная рэальнасць. Гэта ўносіць дысананс. А сучаснаму чалавеку ж хочацца ўжо таго дысанансу як найменей, бо яго і ад СМІ хапае.

Таму Рыга — больш прыемная, там усё ясней: вось больш далікатныя і інтэлігентныя латышы, вось грубыя мацюкальнікі рускія. І першыя хацелі б пагрузіць другіх у вагоны. Іншы латышскі суразмоўца аднойчы мройна сказаў: “Ведаеш, мы б хацелі так: каб прачнуліся, і іх проста не было, без якіхсьці нашых дзеянняў — проста не было і ўсё”.

У Рызе — нябачны фронт, там як на халоднай грамадзянскай вайне, усё зразумела, і такая зразумеласць вабіць.

 

Коўна

А натхніў да напісання гэтых параўнаўчых развагаў тэкст, які месяц таму надрукаваны на літоўскім навіновым партале Delfi. Аўтар, такі Ужкальніс з Коўна, крытыкуе ўсяк Вільню і апявае Коўна. Так адкрыта і кажа: давайце перанясем сталіцу Літвы ў Коўна, сыдзем з той Вільні, пакінем яе Стары горад турыстам. А перш зраўнаем з зямлёй Цыганскі табар, з якім ніяк не разберацца віленская паліцыя.

Той Ужкальніс прыводзіць дзясятак аргументаў, і ўсе яны нейкія нягеглыя, кшталту таго, што віленскі грамадскі транспарт — іржавы металалом, а горад поўны смецця. Пафарбаваць-паднавіць-падрамантаваць-прачысціць — гэта ж можна, гэта ж гаспадарчыя дробязі. Літоўца Ужкальніса, думаю, не тое нервуе. А тое, што літоўцы так і не літуанізавалі Вільні.

 

Еўропа

Найцікавейшае тое, што думка пакінуць гэтую перамазаную рознаэтнічнасцю Вільню — гэтая думка даволі сучасная. Гэтая думка ў згодзе з апошнімі еўрапейскімі тэндэнцыямі. Тыя тэндэнцыі параўноўваюць з падзеямі ў Еўропе векавой даўніны, з “фашызацыяй” кантыненту. Дый і прычыны, калі падумаць, нават трохі падобныя.

Тады супольнасці былі нядаўна з’яднаўшыся ў нацыі, і чужасць была непатрэбная. А цяпер усе стаміліся ад какафоніі розных думак у інфармацыйнай прасторы, ад складанасці — і хочуць прасцейшага наваколля сабе.

Агульнаеўрапейскі праект паціху загінаецца, бо пачалася размывацца ідэнтычнасць — у тваю агульнаеўрапейскую ідэнтычнасць раптам спатрэбілася ўцягваць прадстаўнікоў зусім чужых табе месцаў. А з нейкага часу — яшчэ і прадстаўнікоў зусім аддаленых геаграфічна і культурна мясцін.

Еўропа, як і ўсе мы, стамілася ад шматстайнасці, ад цвятастасці. Як перадаюць відавочцы з Нямеччыны, там ёсць тоненькая праслойка “гаварышчых галоў”, якія прасоўваюць увесь той мультыкультуралізм, а ёсць аграмадзіна народу, якія проста грэбуюць усімі тымі мігрантамі, хоць ён у першым пакаленні, хоць у трэцім пакаленні мігрант.

 

Мінск

Калі, уявім нерэальнае, літоўцы сыдуць з Вільні, дык ці падбяруць яе беларусы? Здаецца, такое чуваць усё часцей — пра “Вільню нашу”.

Казкі пра “Крывіч-горад” няма сэнсу аспрэчваць — гэта беспадстаўныя казкі. Швінтарог, Ліздзейка, Лукішкі — ужо гэтыя знакавыя назвы ясна гавораць пра старажытнае балцкае вымярэнне Вільні. Але цяпер жа ўжо не так, і Вільня за вякі перамазалася рознаэтнічнасцю з ног да галавы. Дык гэта ж і стане ў горле беларусам.

За семдзесят гадоў з галоў беларусаў выветрылася ўсякае паняцце пра адрознасць. А ў Вільні сутыкаешся з той самай адрознасцю. З рознымі мовамі на вуліцы. І ўсе з прэтэнзіяй на аўтахтоннасць. І літоўская застанецца, і польская будзе, і руская ад п’янтосаў якіхсь пачуецца, і цыганы з таго Цыганскага табару не нямотныя.

А вось Менск, ці дакладней Мінск, — горад зусім беларускі. Просты і незацейлівы, як цяперашняя супольнасць беларусаў. Без глыбіні, без дадатковых вымярэнняў. Вільні беларус не пракаўтне. Залезе зноў у свой двухмерны Мінск. Дзе аднамоўе і адзінадушша. Дзе 50-гадовы дзядзька з доўгімі космамі, сабранымі ў касу, успрымаецца стопрацэнтова як дармаед і фрык — а ў Вільні такі выглядае зусім натуральна.

Вось так і застанецца Вільня — нічыйнай. Яна ўжо памалу робіцца нічыйнай. Літоўцы душой адыходзяць да Коўна, а “ліцвіны”, нягледзячы на мроянні, глыбока зачэпленыя за свой Мінск. Мо таму і Гедымінава гара крышыцца.

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.