Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Гандбол

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Гандбол — прарыў Беларусі ў гульнявых і камандных відах спорту.

Раскручаны народнай папулярнасцю 1970-х, беларускі гандбол ужо ў 1981-м трыюмфуе на першынстве Савецкага Саюза, а праз год урываецца на цэнтральныя арэны свету. Беларусы здабывалі чэмпіёнствы і кубкі скрышальнымі кідкамі, нягледзячы ні на якія аўтарытэты, блокі і лініі абароны, усе 1980-я і 90-я.

Менскі СКА тых часоў — шматразовы чэмпіён СССР (1981, 84-86, 88-89 гг.), уладальнік Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў 1987, 1989, 1990, Кубку Кубкаў 1983 г. й 1988 г., а таксама Суперкубку 1989 г. Беларусы — алімпійскія чэмпіёны Сеула (1988 г.) ды Барселоны (1992 г.), дзе яны складалі аснову камандаў СССР ды СНГ.

Так і стаіць перад вачыма тая зорная дружына Спартака Мірановіча — бялявыя і вусатыя прыгажуны-беларусы, што грамілі і Маскву, і немцаў, і швэдаў. Як жа забойна шпурляў мяч Якімовіч, як бамбіў здаля вялізны Тучкін, як падкручваў у палёце з нулявога кута Каршакевіч! А Барбашынскі, Шаравараў, Свірыдзенка, Мінеўскі, Галуза!..

Гэта тыпова наша: трымаць абарону ля брамы, на лініі, за якую адступаць нельга, з узнятымі рукамі, блок усім целам, прымаючы на сябе гарматныя ўдары — каб потым, пад воклічы з рэхам адправіць мяч цераз усю пляцоўку, атрымаць пас і, абыграўшы суперніка адным няўлоўным рухам, зь віскам паркету ўзляцець, залунаць па-над зонай, і закруціць галкіперу-акрабату такі кідок, ад якога ён страціць раўнавагу ды заваліцца ў сетку разам з голам... І тады трыбуны ўзравуць, падымаючы дружным уставаннем на ногі і цябе самога, са збітымі аб падлогу лакцямі ды каленямі.

Беларус, гуляючы ў гандбол, адчувае сябе як дома.

Гандбольная пляцоўка не надта вялікая, беларускага стандарту. Брама на размах рук, мяч адно як узяцца, гульцоў на сямёх, быццам сям'я ў хаце — усё тут беларусу ладна ды ёміста. Ды і сам гандбол, вынайдзены ў такой падобнай да Беларусі Даніі, — гульня на спрыт, раптоўнасць ды трапны ўдар, а гэта ўжо зусім па-наску, па-партызанску. Для нас “гандбол” ня проста “ручны”, а зручны мяч.

Гандбол у Беларусі пакліканы стаць масавым нацыянальным відам спорту. Танны, ён не патрабуе стадыёнаў, палацаў, каткоў ды даражэннага рыштунку, і ўмяшчаецца ў звычайнай школьнай спортзалі. Даступны практычна кожнаму, здольны захапіць дзяцей, падлеткаў, моладзь так, як калісьці ў 1970-я-80-я — павальна. Гандбол — цэлая праграма разнабаковага фізічнага развіцьця, выдатная трэніроўка рук, ног і корпусу, сумяшчэнне атлетыкі з гімнастыкай. Гандбол разам дае навыкі вялікае трыяды — футболу, валейболу і баскетболу.

Дык мяч табе ў рукі, беларус!

 

З кнігі “Люблю Беларусь”

 

Працяг будзе

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 




Оставьте комментарий (0)
  • Что это было?А где "Жыве Беларусь"?
  • Что это было?А где "Жыве Беларусь"?
  • Павлик, остановись!))) Ты это все уже печатал еще в 2007 году. https://nashaziamlia.org/2007/08/01/819/ Не превращайся в клоуна. На этот раз это будет уже окончательно))