Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Дагуляюцца, як цяля на вяроўцы…

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Здаровы Сэнс адчуваў сябе пагана. Галава трашчала, як пасля перапою. Ён намачыў рушнік і паклаў халоднае на лоб. Маральны стан быў яшчэ горшы: яго самаацэнка імкнулася да нулявога паказчыку.

Ніколі і нідзе яго так не ігнаравалі, як у гэтай адносна невялікай, але амбіцыйнай краіне. Апанавалі сумненні і пытанні. Калі ён неабходны асобным індывідуумам для нармальнага існавання ў соцыуме і сям’і, то чаму з ім не лічацца людзі дзяржаўнага маштабу?

Чым большая ў чалавека пасада, чым вышэй ён узнімаецца па кар’ернай лесвіцы, тым лацвей яму пляваць на ўсе довады З.С. (будзем нашага героя называць скарочана.) Здольнасць мысліць канстуктыўна, “здрава” і цвяроза некуды знікае. Якую сферу дзейнасці ні вазьмі, паўсюль дзівосы і адсутнасць логікі.

Асабліва ў фінансах. Калі дзяржава ў даўгах, як у шаўках, то чаму яна так раскідваецца грашыма?

На першым месцы па затратах вядома, Мінск. У сталіцы ўсё з барскім размахам. Будуецца, скажам, Вярхоўны суд. Якраз насупраць прэзідэнцкага палаца, велічны і пад неба. Наўрад ці ён будзе лепшы за ўсе астатнія суды. Наб’ецца туды, як семак, юрыстаў і пераносчыкаў папер — з тых, каторы “піша і ножкаю калыша”. Давядзецца ж запоўніць усе паверхі і кабінеты.

Найбольш сродкаў убухана ў праспект Пераможцаў. Вулічны дызайн ля стэлы перароблівалі разы са тры. На плошчы Дзяржаўнага сцяга ўстанавілі спаруду рэдкай дарагавізны і непатрэбнасці. Называецца яна “Дошка гонару”. Уганараваныя павернуты тварам да пустой плошчы (там толькі дзяжурныя мерапрыемствы зрэдзь часу праводзяцца), а да горада — спіною. Мы не ведаем, каму так пашанцавала — перадавікам або прадпрыемствам. А на людны праспект “пераможцаў Машэрава” глядзяць чатыры вялізазныя экраны — мітусяцца з шалёнай хуткасцю каляровыя карцінкі.

“Для каго “кіно?” — губляецца ў здагадках Здаровы Сэнс. Гандлёвы цэнтр “Замак” далекавата. З ліквідацыяй пешаходнага перахода не стала, натуральна, пешаходаў. А электронныя экраны мільгацяць, ад’ядаюць кавалкі ад бюджэту… Дык яны з картэжу відны, калі чорныя машыны імчацца ў Дразды. А што як кіроўца загледзіцца? Менш саноўнаму транспарту таксама непажадана сляпіць вочы.

Пару гадоў таму перавярнулі і замянілі тратуарную плітку на ўсіх вуліцах Мінска, незалежна ад ступені яе зношанасці. Жывенька так, шустранька праца ішла… Ведаць бы, пад каго легла гарадское чынавенства, каму хацела дагадзіць, чый рахунак папоўніўся дзе-небудзь у афшорах. Адбойнымі малаткамі зліквідавалі навесы на пераходах ля ГУМа, зрабілі новыя, больш адпавядаючыя архітэктурнай стылістыцы. А хто спраектаваў, зацвердзіў ранейшыя — з іх зарплат хоць капейку вылічылі?

Возьмем наземны транспарт. Навучыліся ездзіць як у Германіі — з дакладнасцю да хвіліны, ды чамусьці парабілі здвоеныя рэйсы. Аўтобусы на прыпынкі прыбываюць адначасова, па прынцыпе “мы з Тамарай ходзім парай”. Прамежкі паміж рэйсамі доўгія, “пасажырапаток” цярпліва чакае. Зноў жа, напхалі электронікі ў пасажырскі транспарт. Ужо ж папяровы талон можна было прабіць простай жалезкай… Камеры відэаназірання ў салонах пацягнулі на кругленькую суму. А галоўнае — навошта яны? На які ляд? Не зайцоў жа — пенсіянераў — высочваць. Хай дзяржава эканоміць не чымсьці іншым, а не на старых людзях.

А грошыкі трэба, вельмі трэба! Медыцына сядзіць без рэагентаў і даўным-даўно не правярае пацыентаў на вязкасць крыві. Бываюць перабоі з рэагентамі на праверку гармонаў. На УЗІ сэрца чарга ў паліклініках амаль паўгода. Адна жанчына нядаўна паскардзілася, што чакала два гады. За гэты час можна аддаць Богу душу і помнік паспеюць паставіць.

Грошай не тое што няма, недзе яны ёсць. У кашальках памерам з сакваяж. Хто ў нас адказвае за выкананне бюджэта і расходаваннне фінансаў? Правільна, Камітэт дзяржаўнага кантролю. Не было і не будзе там больш талковага кіраўніка, чым Анатоль Тозік. Пры ім камітэт рэальна разглядаў звароты, а не адсылаў іх на месцы да пісцоў-валакітчыкаў.

“Адкрыю я іхні сайт. Пагляджу”, — вырашыў пакрыўджаны З.С. і шчоўкнуў мышкай.

Старонка адкрылася. У адрасным радку напісана штось незразумелае: “Руская версія”. Руская версія чаго? Напісалі б “Комитет госконтроля” — і ўсё стала б на месца. Што, скажыце, пракантралюе ўстанова, якая не здольна кантраляваць сваіх тэхнічных супрацоўнікаў?! А можа справа не ў іх? Беларускай жа версіі няма, ёсць толькі інфармацыя з Вікіпедыі.

Здаровы сэнс аж пахаладзеў ад здагадкі. Скінуў рушнік і забегаў па сваім халасцяцкім пакоі. Вось яно што… Не можа быць! Так хутка! Ці не пра гэта прагаварыўся пасля паездкі ў белакаменную рэктар БДУ Андрэй Кароль? Адбываецца сінхранізацыя! То бок няспешнае паглынанне, паўзучая інкарпарацыя.

Перш зраўняем законам мовы, паступова школу перавядзём (дзе яшчэ не пераведзена), падрэжам тым самым карэнне літаратуры (бо хто спажываць будзе беларускае пісьменства?)… “А я, дурань усё пра грошы ды пра эканомію”, — вылаяў сябе Здаровы Сэнс. — Во дзе міна замаруджанага дзеяння! Дагуляюцца яны, як цяля на вяроўцы, з гэтай сваёй Саюзнай дзяржавай!”

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.